Выбрать главу

Доктар перахрысціўся, прамармытаў словы малітвы.

— Я не змог зрабіць трывалы склад, рыхтаваць трэба на месцы і адразу прымаць. Так што мадам Жанна ведала, што робіць, калі сунула табе паперку. Яе заляцаннік (а можа, і яна сама), напэўна, знаёмы з прагрэсіўнымі дактарамі...

Вырвіча таксама перасмыкнула: ён бачыў тыя сутарэнні і пабываў у лапах прагрэсіўных дактароў, якія яму ледзь чэрап не прадзяўблі...

Але ў такім выпадку прычынай злачынства маглі быць не сумніўныя чары Жыліберыхі, а помста за тое, што Жылібер дапамог выратаваць Лёдніка і дабіўся, каб хеўру на чале з дэ Вардам разагналі!

— Слухай, Бутрым, тады, можа, і не варта табе ў Гародню... Напішаш падрабязны рэцэпт, няўжо ніхто не накалбоціць? Вунь Давыда Ляйбовіча папрасі...

— Я стварыў гэтую атруту, мне і адказваць. I Жана ў бядзе не пакіну. Каб... не мой асаблівы стан, мяне і без цябе залучылі б.

Ага, цяпер запой і дэпрэсія завуцца «асаблівым станам», трэба запомніць.

Лёднік падсунуў сваё крэсла да стала і пачаў засяроджана перабіраць шкляніцы ды колбы. Выціснуў толькі:

— Вырвіч, прашу... Не расказвай пра гэта Саламеі... На мне і так грахоў...

Не, каб з разумнай жоначкай параіцца. Вось Пранціш зараз бы абавязкова абмеркаваў са сваёй Дамінікай, як лепей учыняць! Хаця не, не стаў бы хваляваць разумніцу: зноў, здаецца, дзіцятка Бог Вырвічам пасылае...

Затое ў гэтым доме былі персоны, якім i Чорны Доктар — не аўтарытэт.

— А хто цябе, пан, ад Сатанііла адмольваць будзе дарогай? — надзьмуты Карусь стаяў перад доктарам, прыціскаючы да сябе ванзэлку. — Еду з табой. За фурмана магу быць. Дый цягаць цябе трэба. Бабы, ці што, цягаць цябе будуць?

Карусь скасавурыўся на Сафійку ды мімаволі зачырванеўся, ажно рабацінкі са скурай зліліся.

Вось і Яначка, Вырвічаў старэйшы сынок, так на Сафійку Лёднічанку паглядае. Вой, паразбівае сэрцы дзеўка вучоная...

— Тата, няможна ехаць з гэтым дзікуном!

Сафійка сярдзіта закапыліла гожанькія вусны. Куртуазны кавалер зараз жа замітусіўся б, шукаючы, як вярнуць літасць чароўнай дамы...

Але пушчанскі Карусь не быў куртуазным кавалерам.

— Дзікун — хто Слова Божага не ведае. А я ведаю. Нават чытаю. А пан доктар слабы цяпер. Бараніць яго трэба. А я летась яшчэ мядзведзя заваліў. Не адзін, праўда, з бацькам.

Карусь мімаволі ўздыхнуў, успомніўшы, відаць, забітую жаўнерамі радзіну, і зараз жа зноў самавіта насупіўся.

А малец і цяпер не слабы! Падрасце — можа, i мацака Сцяцко адужае. А галоўнае — Вырвіч гэта вельмі ясна зразумеў — такія, як гэты пушчанскі хлопец, верныя да апошняга. I будзе ён зацята бараніць свайго выратаваўцу Лёдніка, i жонку яго, i дачку яго шкадлівую, нягледзячы на буркатанне ды папіканне. I лепш такому светлавокаму, санліваму з выгляду беларускаму хлапцу дарогі не заступаць.

***

У дарожны рыдван Лёдніка, да ягонай бяссілай злосці, занеслі на руках Карусь i Сцяцко, які мусіў ехаць за фурмана. Чорны Доктар толькі кусаў вусны ад болю і прыніжэння. А адкінуўшыся на сядзенні, як дасць кулаком у сцяну экіпажа... Аж загуло. Нібыта спадзяваўся прабіць.

Вырвіч мімаволі зірнуў на тое месца, куды стукнуў доктар.

— Карусь, нясі якую-небудзь дошку ды цвікі... Трэба дзірку залатаць.

Вось табе хворы ды схуднелы.

Рыдван быў нішто сабе, хоць і непаглядны, без аздобаў, чатыры чалавекі якраз вольна змесцяцца. Калі Саламея села насупраць мужа, сумная, бледная, з незнаёмай складкай між чорных броваў, доктар нахіліўся, моўчкі ўзяў яе вузкія далоні і схаваў у іх свой твар. Сафійка толькі ўздыхнула і ўткнулася ў кнігу. На лаціне, даруй божа. Так і рушылі... Чуваць было толькі, як Сцяцко напявае вольныя ўкраінскія песні, а Карусь час ад часу пакрыквае на коней, на Сцяцко ды на свет грэшны, недасканалы.

Да Гародні было пяць дзён шляху. Калі пашанцуе.

Ага, так ім і пашанцавала...

Мала таго што намучыліся з Бутрымавай чорнай меланхоліяй — Чорны Доктар страшэнна баяўся паказваць на людзі сваё калецтва, злаваўся ад уласнай бездапаможнасці, чытаў пакаянныя пацеры, выпраменьваў тугу тужлівую, — дык яшчэ фурманы, Карусь са Сцяцко, слоўныя двубоі ўчынялі, высвятляючы, дзе мядзведзі ікласцей, а парубкі баявіцей — у Карпатах ці Белавежскай пушчы. Сцяцко рэкнуў пра магутных карпацкіх ведзьмакоў, мальфараў, якія разганяюць хмары ці насылаюць дождж, Карусь давай пра Сатанііла i грэх чарадзейства... Вунь пан іхні, доктар вучоны, не калбаціў бы зеллі падазроныя, з якіх нячысцікі рознакаляровым дымам вылятаюць — ногі б не адняліся. Саламеі некалькі разоў давялося высунуцца ў акенца карэты, каб прыкрыкнуць на дыспутантаў, пакуль рыдван не перакулілі.