Хаця і ў экіпажы дыспуты курэлі, як вогнішча з сырога сена.
Пранціш зласліва радаваўся — канец хутка «літоўскаму д’яблу» Тызенгаўзу! Бутрым, да здзіўлення, пярэчыў. Так, рэформы пан Антоній свае праводзіць, быццам кандэлябрам цвікі забівае. Людзей губіць, пралічваць наперад не ўмее. Пабачыў дзесь прыгожую парцаляну — неадкладна такую ж вырабляць! Заўважыў на ангельскім лордзе адмысловыя пальчаткі — няхай у Гародні такія ж зробяць, хоць галавой накладуць! Дэспат і самадур. Але пагоняць яго сваячкі Панятоўскага — хіба край моцна выйграе? Высакародных паэтаў-філосафаў, што сёння пра здзекі над простым народам гарлаюць, нацкоўваюць на Тызенгаўза яшчэ горшыя дэспаты... Якія зусім не пра народ думаюць. Зачыняць медычную акадэмію, загінуць фабрыкі, мануфактуры i крамы...
Колы рыдвана падскоквалі на каранях, што змяіліся пад лясной дарогай. Сосны абыякава прапускалі між бурштынавых ствалоў экіпаж, а каб маглі — ссунуліся б ды расціснулі між цвёрдых целaў чужацкае, варожае, рухомае...
Але ніколі ім не скрануцца з месца.
— Уладар можа быць самым сардэчным чалавекам з самымі добрымі намерамі, — змрочна вяшчаў Лёднік. — Калі ў яго няма сапраўднай моцы i розуму — прыбліжаныя i яго з’ядуць, і ўсё ім задуманае вычвараць, перакруцяць, і замест паляпшэнняў давядуць народ да скрайняй галечы i бунту. Вунь, гляньце на Францыю — малады Людовік XVI як загарэўся зрабіць справядлівую дзяржаву... Бацькаву каханку Дзюбары з ейнай кодлай пагнаў, міністрам прызначыў рэфарматара Цюрго, давай падаткі змяншаць ды свабоду сумлення аб’яўляць... I чым скончылася? Каралева Марыя-Антуанета заістэрыла, што на сукенкі не хопіць, узвылі каралеўскія цёткі, браты, парламент... Кароль трохі патузаўся, але паддаўся. Так што не толькі Цюрго з ягонымі рэформамі прыбралі, але яшчэ больш народ даціснулі...
— Хопіць ужо арыстакратыю ва ўсім вінаваціць, — абурыўся і Пранціш. — Шляхта — ваярскае саслоўе, без нашых шабляў гэтую зямлю даўно б чужынцы стапталі!
— А без вашае пыхі і дурных звадаў у яе быў бы шанец выжыць!
Вырвіч мімаволі пацягнуўся па шаблю. Свята Яна Галавасека, на якое нельга ўжываць круглыя плады, што падобныя да галавы, і датыкацца да вострай зброі, прамінула... Так што шабелька тут, сама ў рукі ўскоквае ад абразы...
— Сатаніілу служыце! — данёсся з козлаў экіпажа абураны вокліч Каруся, адрасаваны напарніку.
— Сціхніце, дыспутанты! — Саламея гнеўна бліснула валошкавымі вачыма, і мужчыны прысаромлена панурыліся. — Мяне тут адна пацыентка-маскавітка пыталася, чым жа беларусы адрозніваюцца ад рускіх, мазураў ды ўкраінцаў... А вось чым: бачыш, як свае зацята між сабой за чужыя інтарэсы грызуцца, на адной лаўцы седзячы, — дакладна ліцвіны. Заедзем да Давыда — папрашу, каб адвару львінай травы для ўсіх нарыхтаваў. А то не рыдван — а перасоўны байцоўскі клуб.
Сафійка на хвілю адарвалася ад лацінскіх радкоў, кінула скептычны позірк цёмных вачэй на бацьку ды дзядзьку, хмыкнула і зноў занурылася ў антычную мудрасць.
Спадарожнікі замаўчалі. Загаварыў дождж. Ды не тое каб проста загаварыў, а нібы заліўся празрыстым рогатам. Карусь і Сцяцко захуталіся ў плашчы з башлыкамі, Бутрым стараўся як мага непрыкметней размінаць калені і не моршчыцца — пэўна, ад макрыні суставы балелі яшчэ больш.
За акенцам карэты цягнуліся палі, шэрыя і шурпатыя, як вывернуты кажух. Заначаваць вырашылі ў бліжэйшым жа мястэчку, на паўдарозе да Глыбокага. Доктар касавурыўся на сваю доктарскую валізку — але Саламея папярэдзіла Вырвіча пільнаваць, каб ганарысты муж не спакусіўся ўжыць свае адмысловыя лекі. Былі такія ў Бутрыма, што маглі на нейкі час паставіць на ногі нават смяротна хворага, змусіць забыцца на боль і вярнуць ранейшыя сілы. Але Вырвіч бачыў гэтыя лекі ў дзеянні — праз пару гадзінаў боль і знясіленне вярталіся шматкроць, ды яшчэ і сэрца магло не вытрымаць... А Лёднік зараз страшэнна не хоча, каб яго на руках з рыдвана выносілi на вачах незнаёмых людзей.
Каб менш было гонару дурнога — меней шнараў на спіне меў бы.
Але калі спыніліся ля дома з дзвюма драўлянымі калонамі на ганку, дзе падарожным паабяцалі начлег, у прыцемку ды дажджы не было каму назіраць за недастаткова трыумфальным з’яўленнем Чорнага Доктара. Дзякуй богу, хоць прытулак знайшлі пасля некалькіх няўдалых спробаў. Месціч у нацягнутай на вушы шапцы-магерцы падазрона радасна параіў папрасіцца да пана вознага Міхасюка. Той нізавошта не адмовіцца ад магчымасці займець лішнюю капейчыну. Бо за шэлег блыху прутком пагоніць да Смаргоні.