Выбрать главу

За начлег гаспадар, шчуплы, тонкагалосы і вастраносы, як згаладалая мыш з чорнымі вусамі, заламіў як за гасцяванне ў палацы. Але выбіраць не выпадала... Да таго ж суцяшала ўрачыстае «пярыну пуховую дам!»

Сцяцко згрузіў прымацаванае разам з куфрамі крэсла на колах, якое перад ад’ездам удасканалілі як маглі, Бутрым быў туды ўсаджаны, насунуў на вочы капялюш, ухапіўся за шаблю...

— Фурманаў хіба на гарышча... А хворага пана з сям’ёй у кутні пакой, там ложак зручны, — абыякавы голас прыслугі, таксама худой як жэрдка цётухны, змусіў Баўтрамея сціснуць вусны... Звык на людзей страх наганяць, а не шкадобу выклікаць «хворы пан».

Свечкі неахвотна разганялі цемру. Пранціш ішоў праз сенцы і вузкі пусты калідор за Карусём, які цягнуў куфар. Пахла сухімі яблыкамі, падгарэлым тлушчам i палыном. Дом небагаты, але i не мужыцкі. Вунь у вылучаным менскаму падкамораму пакоі паблісквае на століку масянжовая чарніліца з засохлым атрамантам, валяюцца два абгрызеныя гусіныя пяры і пашарпаная кніга... Вырвіч нават з цікавасці разгарнуў: рымскае права. Нудоцце.

На вячэру разлічваць не выпадала, госці абышліся ўласнымі прыпасамі. Галоўнае, каб крывасмокаў у ложку выявілася не зашмат... Пранціш не паленаваўся ўласнаручна шчодра пасыпаць абяцаную пуховую пярыну персідскім парашком вытворчасці Лёдніка.

Ад пярыны патыхала гніллю.

Падкаморы дзьмухнуў на свечку. Шкрэбліся мышы, завіхаўся дождж, мроіліся нечыя здушаныя стогны. Маленькае беларускае мястэчка, назвы якога Вырвіч нават не запомніў (Нача, здаецца) паглыблялася ў лянівыя і халодныя восеньскія сны...

Але самому заглыбіцца ў той сон не атрымалася.

Жанчына крычала так, нібыта яе катавалі. Змучана, безнадзейна, хрыпата...

Пранціш высунуўся са свайго пакоя. Саламея размаўляла з гаспадаром, чыя лысая галава нагадвала востры канец яйка, а чорныя вусы звісалі панылымі шнуркамі. Свечка ў руцэ пана вознага трэслася, і здавалася, што разам з ценямі гайдаецца ўвесь калідор.

— Выбачаюся, панове. Божая воля. У сужонкі роды пачаліся.

У голасе спадара гучала разгубленасць і нейкае раздражненне, нават страх.

— На Зімовага Міколу мусіла нараджаць. Але... захварэла. I вось... Паслаў жа Гасподзь выпрабаванне. Немаладыя мы ўжо, старэйшыя дзеці самі сем’і маюць, злезлі з бацькоўскіх шыяў... Нязручнасці шаноўным гасцям, выбачайце. Вы не бойцеся, Магда ў прыбудове, там уваход асобны...

Саламея зараз жа запатрабавала правесці яе да парадзіхі — яна ж у Медычнай акадэміі выкладала на курсе для павітух. I платы не трэба...

Пры звестцы пра бясплатную паслугу твар пана Miхасюка прасвятлеў. Але возны вагаўся.

— З ёю дзве кабеты. Справяцца...

— Заўчасныя роды, парадзіха ва ўзросце... I вы казалі, яна хворая. Як без лекарскай дапамогі? — абурылася Саламея. — Дарэчы, што за хвароба?

Гаспадар адвёў вочы.

— Ліхаманка нейкая...

Пані Саламея заскочыла за мужнінай валізкай з лекамі і доктарскім інструментарыем. Прыкрыкнула на дачку, што высунулася за ёй следам, — бацьку, маўляў, глядзі — і бегма туды, дзе чуліся крыкі. Прыцемак хаваў зморшчынкі, сляды стомы і сівізну, і пані Лёднік, вялікавокая, беласкурая, станістая, зацягнутая ў цёмную сціплую сукенку, здавалася ўсё гэткай жа прыўкраснай Сільфідай.

Пранціш палічыў патрэбным зайсці да Баўтрамея. Адзіная свечка ганарыста ўздымала на чорным кноце трапяткі сцяжок святла. Сафійка, захутаная ў шэрую ваўняную хустку, тупала па пакоі, большым, чым Вырвічаў, ды наракала, што яна дарослая, а пані-маці не дапускае яе да акушэрскай практыкі. А Чорны Доктар сядзеў на нізкім і шырокім ложку з сеннікам змрочны, як груган, тым больш і нос у яго быў як дзюба.

— Халера... Не падабаецца мне, як тая кабета крычыць. Самому б глянуць... Гэх, валізку з лекамі Залфейка забрала... Не паспеў...

Відаць, гатовы быў сваю атруту выпіць, каб сіл хапіла дапамагчы. Вырвіч пазяхнуў.

— Кінь, Бутрым, нават каб на нагах быў — яшчэ ўгаворваць, каб мужыка пусцілі ў жаночую справу сунуцца? Першы раз, ці што? Дасць рады Саламея.

Лёднік упарта ссунуў бровы.

— Дапамажы сесці ў крэсла гэтае клятае.

Вырвіч ведаў, калі з доктарам бескарысна спрачацца. Праз нейкі час ён з грукатам штурхаў крэсла з эскулапам па калідоры, крыкі рабіліся ўсё больш хрыплымі, задыхлівымі... I раптам — цішыня.

Страшная цішыня.

Сафійка, якая трымала свечку, перарывіста ўздыхнула. Лёднік ухапіўся за крэсла.

Ціха.

Вось рыпнулі дзверы справа, высунуўся лысы гаспадар, выцер рукавом халата спацелы лоб... Вочы мітусяцца, хрысціцца, пераступае нагамі ў турэцкіх хатніх пантофлях, відаць, не наважваючыся ісці па навіны...