Выбрать главу

Пранціш асцярожна выцер халодны пот з ілба. Вось гэтак пратрымаць вязня хоць суткі — не прысесці таму, рукі не падняць — пакута якая. А пані Тэрэза гаварыла пра дні і месяцы. А каб справіць патрэбу, паесці-папіць — павінны ж выпусціць хоць на хвілю. Ці не?

Ды лепш згінуць у няроўнай бойцы, чым пакінуць Бутрыма вось так!

Між тым гайдукі зніклі. Тое не значыла, быццам яны не з’явяцца па першым загадзе. Увогуле, княгіні дастаткова было працягнуць руку, каб хтосьці выскачыў з цёмнага кута і падаў ёй кубак. Зірне ў бок каміна — хтось ужо бяжыць з другога цёмнага кута падкінуць дровы.

Клетка з Лёднікам стаяла так, каб вязня добра асвятляла полымя каміна, і пані, не ўстаючы з ложка, магла бачыць усе падрабязнасці сваёй помсты.

Пакуль што няверная жонка Пане Каханку на новую забаўку па-ранейшаму не зважала. Дзве пакаёўкі расчэсвалі яе цёмныя бліскучыя валасы, каб схаваць пад начны каптур, які пачціва трымала трэцяя дзеўка, падлетак — яе тонкія рукі ў шнарах ад розгі дробна дрыжэлі. Таўсманная карліца гучна чытала з малітоўніка вечаровыя малітвы.

Вось як падобныя Тэрэзе Радзівіл могуць спалучаць цвёрдую ўпэўненасць у тым, што яны ў Бога сярод першых праведнікаў, і звярыную жорсткасць у дачыненні да «звычайных» людцаў?

Між тым малітвы былі дачытаныя, пані перахрысцілася і апусцілася ў пышныя сумёты падушак так, што амаль сядзела — відаць, верыла, як і многія, што спаць лежачы — рызыка адпусціць душу. Прыслуга знікла, стаілася. Вырвіч заўважыў, што княгіня павярнулася, каб зручней сузіраць клетку, у якой, апусціўшы галаву, нерухома стаяў вязень. У прыадплюшчаных вачах фаварыткі караля люстраваўся цёмны агонь. Праз нейкі час дыханне пані зрабілася частым і сіплым, нібыта яна бегла, вочы адкрыліся шырэй.

— Ваша княская мосць, вы самі сябе губіце такімі ўчынкамі, — раптам змрочна прагаварыў Лёднік. — Я адчуваю праявы хваробы ў арганізме вашай мосці. Тая прыемнасць, якую прыносіць вам чужы боль, насамрэч парушае баланс вашай энергіі і выклікана паталогіяй. Гэта я вам як спрактыкаваны доктар кажу. Я сустракаў падобныя выпадкі. Вы адчуваеце, як зараз гарыць ваш твар? Ёсць цяжкасці з дыханнем? Лёгкія сутаргі?

Пані Тэрэза моўчкі прыўзнялася і выцягнула руку. Зараз жа немаведама адкуль выскачыла карліца, выхапіла з каміна доўгую жалезную прыладу і падала пані. Не, не качаргу — нейкі ражон, на адным канцы драўляная ручка, другі канец, нагрэты агнём, свеціцца чырвоным. Княгіня пасунулася да клеткі і тыцнула распаленым прутом у грудзі Лёдніка.

— Ты, быдла, гаварыць можаш, толькі калі я дазволю!

Грос ухапіў Пранціша і Алеся за плечы, сціснуў, папярэджваючы без слоў: не выдаваць сваёй прысутнасці!

Лёднік маўчаў, толькі галаву закінуў, з сілай прыціснуўся патыліцай да жалезных прутоў клеткі, ды ягонае дыханне пачасцілася. У паветры агідна запахла палёным.

Пачуўся страшны хрып. Пранціш адразу вырашыў, што гэта Лёднік ад болю. Аж не — пані Тэрэза. Прэнт з грукатам упаў на падлогу з італійскай тэракотавай плінфы, яго адразу прыбрала прыслуга. Пані пастаяла, трохі пагойдваючыся і неяк прагна ўглядаючыся ў свежы апёк на грудзях доктара. Нават падалося, зараз памацае. Прахрыпела:

— Не будзеш слухацца — буду караць.

І вярнулася ў ложак. Чамусьці асабліва агідным выглядала, што пані часта аблізвала вусны.

Бутрым страсянуў адрослымі за час вандроўкі валасамі.

— Вашамосць, я вас папярэджваў. Вы толькі пагаршаеце свой стан. Дойдзеце да таго ж, што іх мосці Геранім і Марцін Радзівілы. Да жывёльнага стану, фактычна. Я мог бы прызначыць вам адпаведнае лячэнне. Травы, водныя працэдуры, адмысловы масаж. Фізічныя практыкаванні. Хутчэй за ўсё ваш стан адмоўна ўплывае на здольнасць мець дзяцей.

Пані як на спружыне падкінула з пярын. Доктар што, звар’яцеў сам, што цвеліць гэтую вар’ятку?

Пані Тэрэзу заўважна калаціла.

— Лайно! Робак! Адкуль ты ведаеш пра дзяцей! Як смееш!

У яе руках зноў апынуўся прэнт з распаленым канцом.

А Лёднік усё працягваў гаварыць сваім глыбокім нізкім голасам. Мякка і пераканаўча. Пранціш гатовы быў ламаць сцяну, але распаленае жалеза не паспела дакрануцца да доктара. Княгіня ўпусціла прэнт і павалілася на падлогу, яе цела выгіналася, як лук, з вуснаў вырываліся хрып і пена.

Зараз жа падбеглі слугі, падхапілі гаспадыню замка, каб укласці на ложак. Але яна выпіналася, мяркуючы па ўсім, з нечалавечай моцай, і нават замыкала. Слугі з пераляканымі фізіяноміямі хрысціліся і відавочна лічылі пані апантанай. Падушкі разляцеліся сумётамі па пакоі.