— Выпусціце мяне неадкладна! Я — доктар, я дапамагу! Вы што, хочаце, каб яемосць памерла? — надрываўся Лёднік.
— Прайдзісвет. — прасіпеў над вухам Пранціша Грос, зразумела, на адрас Баўтрамея, і ірвануў з іхняга сховішча, даўшы знак паплечнікам заставацца на месцы.
Хутка езуіт ужо распараджаўся ў спачывальні.
— Пусціце доктара да княгіні!
Вызвалены Лёднік выбег з клеткі і схіліўся над хворай, якая курчылася, быццам вусень на патэльні, прыціснуў яе рукі да ложка.
— Святла дайце больш! Халоднай вады. Драўляную лыжку нясіце. Яе трэба змясціць між зубоў. Як часта такія прыступы бываюць?
— З вясны не было, вашамосць… — прамармытаў лёкай са збанам у руках, намагаючыся не глядзець на апантаную.
Вада ў збане ажно плёхалася.
Чорны Доктар дзейнічаў рашуча і ўладна, так, што ўсе забыліся — ён толькі бяспраўны вязень, асуджаны на пакуты, і не насмельваліся ўмешвацца ў працэс лячэння. Урэшце сутаргі прыпыніліся. Лёднік навісаў над пані, моцна трымаючы яе рукі.
— Глядзіце мне ў вочы, вашамосць. Не бойцеся. Усё будзе добра.
Жанчыну перастала курчыць. Яна заціхла і не адрываючыся глядзела ў вочы сваёй нядаўняй ахвяры. Бутрым працягваў нешта гаварыць, ужо ціха, як з пераляканым дзіцем. Урэшце з яе твару сышла густая чырвань, дыханне выраўнялася. Яна ўсхліпнула па-дзіцячы.
— Вады! — працягнуў руку Лёднік, і зараз жа яму падалі шклянку. Бутрым падхапіў сваю турэмшчыцу пад спіну, дапамог прыўзняцца і адпіць.
— Усе пайшлі прэч! Яемосці трэба спакой!
Цікава, але палонніка ў парванай на лахманы кашулі паслухаліся і плітанулі ў дзверы. Можа, проста ад жудасці заставацца побач з нячысцікамі, што мучылі акрутную кабету? Нават Грос задумліва азірнуўся і выйшаў. Ці, хутчэй, стаіўся ў яшчэ адным таемніку.
— Адкуль… вы ведаеце пра дзяцей? — перарывіста прашаптала пані.
— Я доктар. Магу ставіць гіпатэтычны дыягназ.
— Гэта… у мяне… можна вылечыць? — пані Тэрэза ўчапілася ў паўаголенага вязня, быццам танула. — Каб я магла нарадзіць ад яго каралеўскай мосці.
— Усё ў волі Божай. Я магу толькі паспрабаваць, — супакойваюча прагаварыў доктар, і жорсткая кручаная баба ўткнулася ў ягоныя грудзі, побач з утвораным ёй жа апёкам, і разраўлася.
— Вы помніце, калі ўпершыню з вамі такое сталася, вашамосць?
— Пасля першай шлюбнай ночы. — прамармытала пані Тэрэза, не адхінаючыся ад сына полацкага гарбара. — Мне было шаснаццаць. Гэты… бугай быў п’яны і вясёлы. Ад яго смярдзела. Я хачу забыцца на тое, што ён утварыў тады. І як усе сведкі смяяліся. Смяяліся… Калі мне было балюча.
Сужонку Пане Каханку зноў пачало калаціць, але Чорны Доктар акуратна памасіраваў ёй скроні, патыліцу, плечы, націскаючы на нейкія кропкі. Пранціш пазнаў адмысловы метад масажу, які Лёднік пераняў у знаёмага кітайца. Знайшоў на каго траціць сілы і ўменне.
Княгіня абмякла, супакоілася. Доктар асцярожна ўклаў яе на падушкі.
— Загадаеце мне вярнуцца ў клетку, вашамосць? Папярэджваю, могуць быць яшчэ рэцыдывы прыступу.
Гетманаўна працягнула руку, кранула апёк на грудзях доктара, змусіўшы Бутрыма тузануцца ад болю.
— Ты маеш рацыю. Я грэшная. Усё ад грахоў маіх. Таму Гасподзь і дзяцей не дае. Я зараз у пекле была. Мяне акуналі ў гарачую смалу, пакуль ты мяне не выцягнуў. Калі я аддам табе дзеўку, гэта будзе табе платай за выратаванне майго жыцця і выкупленнем маіх грахоў? А?
У голасе княгіні ўсё больш чуліся нервовыя ноткі.. Падобна, прага мучыць змянілася прагай пакаяння, але гэткай жа хваравітай.
— Калі вы адпусціце вашу хросніцу, вам залічыцца добрая справа. Якая многае выкупіць. — асцярожна, нібы баючыся спужаць пакаянны настрой уладаркі, прагаварыў доктар.
— Грос! Прывядзі паненку!
Езуіт зараз жа аб’явіўся, паслухмяна схіліўся.
— І спадарожнікаў маіх, сына і сябра, хай прывядуць, — хуценька прагаварыў Бутрым. — Мы будзем вечна маліцца за вас, ваша княская міласць. Гасподзь бачыць вашы цвёрдыя намеры перамагчы згубны гнеў. Спадзяюся, яны не саслабеюць і не згаснуць.
— Прысягаю перад Госпадам, душой сваёй бессмяротнай клянуся — адпушчу ўсіх! Прасвятая Багародзіца мне сведка!
Княгіня перахрысцілася. Падобна, яна цяпер знаходзілася ў такім расчуленым настроі, што магла пагадзіцца і ўвесь замак з прыслугай аддаць. Шаптала малітвы, слёзы беглі на пульхных шчоках. Усе разумелі, пытанне толькі ў тым, як доўга працягнецца гэты настрой.
Таму Пранціш і Алесь усяго праз якія хвілі, што спатрэбіліся, каб выбрацца з іх сховішча па знаёмай лесвіцы і ўдаць з’яўленне з вязніцы, былі каля Бутрыма.