Алесь кусаў вусны, каб стрымаць хваляванне. Зараз жа пабачыць сваю Чароўную Даму. Доктар спакойна, нібыта стаяў не паўголы з апечанымі грудзямі, а ў строгім камзоле і капелюшы, даваў рэкамендацыі па далейшым лячэнні княгіні, якія тут жа пачціва занатоўвалі. Прысеўшы на край ложка, мацаў пульс на руках пані, якія яна занадта ахвотна працягвала эскулапу…
На калідоры зноў пачуліся крокі. Алесь увесь падаўся наперад, доктар узняўся.
У пакой, трохі пахістваючыся, увайшла высокая худая паненка ў беднай шэрай сукенцы, якая вісела на ёй, як на калаціне. Валасы схаваныя пад белы просты каптур, твар збялелы, змучаны, вакол вачэй цёмныя цені, і вочы тыя пазіраюць у нікуды, у нейкую кропку сусвету, дзе няма хцівых людзей, жорсткасці і болю.
Але вось гэтыя вочы, няўважна прамінаючы ўсіх прысутных, спыніліся на доктары. Недавер… нясмелая надзея… шчасце… Ого, якое шчасце! І ўсё — за пару секундаў.
Танклявая шэравокая дзяўчына з усяе моцы абшчаперыла мужчыну ў падранай кашулі і плакала, уткнуўшыся яму ў шыю.
Лёдніка за адну ноч ажно дзве жанкі слязьмі вымачылі.
Але хто мог асудзіць Чорнага Доктара, які абдымаў сваю гаротную асістэнтку, нешта супакойваючае шаптаў і лёгка-лёгка кранаў вуснамі лоб? Хто мог асудзіць асістэнтку ў гэты момант? Не Пранціш, дакладна. І нават не Аляксандр. Бо радасці ад таго, што паненка жывая, было куды больш, чым нявартага рыцара болю, што паненка на яго не зважыла.
Нарэшце Лёднік адхінуў ад сябе дзяўчыну і павярнуўся да пані Тэрэзы, якая сузірала кранальную сцэну спаткання і пачынала змрачнець. Вой, каб зноў уладарка Белага Каменя не ўсхадзілася.
— Вам трэба адпачыць, ваша княская мосць, — пакланіўся Чорны Доктар. А гаворыць жа, як кот Варгун, не хочаш — паверыш. — Выспіцеся, як след. Вам мусілі прыгатаваць супакойваючы напой па маім рэцэпце. Мы не наважваемся далей назаляць сваёй дабрадзейцы. А я заўсёды гатовы даць кансультацыі пані.
Гэх, цяпер бы на калені па звычаі бухнуцца, ручкі-ножкі той дабрадзейцы расцалаваць. Як зрабіў бы кожны нармальны шляхцюк.
Пранціш скасавурыўся на ганарыстае змрочнае аблічча Лёдніка, засяроджаны твар дактаровіча, заплаканую Праксэду, якая, аднак, трымала спіну надзвычай роўна…
Не, сармацкія звычаі не для гэтых.
На вялікае шчасце, пані Тэрэза яшчэ не дарэшты ачомалася ад прыступу. Таму толькі вяла махнула рукой і ўпала на падушкі.
Грос уласнаручна выштурхаў гасцей са спачывальні.
Цяпер паспець бы пакінуць замак з белага, шэрага і крывавага камення.
Раздзел трынаццаты
ЯК ПАННУ ПРАКСЭДУ АСЛЯПІЦЬ ХАЦЕЛІ, А ТАДЫ ЗАРУЧЫЛІ
У паўзмроку дзесь крапала вада.
А можа, цікаў гадзіннік.
Або драпаў кіпцем камяні дамавік у чаканні сваёй яешні.
Лампада ды свечка… Вось і ўсе светачы гэтага пакоя.
Не, не вязніцы. Наадварот, збройні — вунь пабліскваюць цьмяна шабелькі ў падстаўках… А тры шабелькі, няхай не самыя дарагія, так, аўгустоўкі, без аздоб на вузкіх сталёвых абліччах, знайшлі новых гаспадароў. Дакладней, чатыры шабелькі… Бо панна Праксэда таксама выхапіла сабе звонкую рэпліку вайны. Вунь, сядзіць на лаўцы ў белым каптуры, худая, бледная, шэрыя вочы рашуча пабліскваюць, а да калена прыхінуты клінок. Што ж, са зброяй у руках, нават калі не асабліва ўмееш карыстацца, надзейней.
Сюды гасцей з няпэўным статусам завёў Грос. Загадаў чакаць. Замак — не карчма, не ўвойдзеш і не выйдзеш папросту. А тым больш — ноччу. Нехта мусіць адамкнуць цяжкую жалезную браму, адну, другую. Апусціць пад’ёмны мост.
— Разумна, доктар. Недаацаніў я цябе, — скрозь зубы прасіпеў на развітанне езуіт. — Расцвеліць вар’ятку. Справакаваць прыступ падучкі. Прафесійна зроблена.
— Не мяркуйце па сабе, пан Зыгмунд, я хацеў толькі дапамагчы хворай, — угневана ўскінуўся Лёднік.
Але езуіт, ясная рэч, застаўся пры сваім меркаванні.
Пранціш напружана прыслухоўваўся да крокаў на калідоры… Могуць да раніцы пратрымаць. А тады — ці выпусцяць? На ўсялякі выпадак аббег пакой, пільна прыглядаючыся да ўсіх шчылінаў. Ці не збліснуць дзе за сцяной цікаўныя вочы?
— Я так вінаватая… Пані Тэрэза была са мной у Гародні дужа ласкавая… Абяцала, што ні да чаго не змусіць… Возьме ў Вену…
Праксэда захлыналася віной, гледзячы на доктара, які хутаўся ў Пранцішаву світку, рукавы былі яму ледзь не па локаць.
— Дарэчы… — Вырвіч так і не змусіў сябе прысесці, а ўсё выдыгваў па пакоі, углядаючыся ва ўсе падазроныя вышчарбіны і цені. — Чаму хросная абвесціла вас мёртвай? Вы ведаеце, што Бутрыма абвінавацілі ў вашым забойстве? Што мы яго са студні ў вязніцы ледзь паспелі дастаць?