Выбрать главу

Пранціш нават з нейкай злараднасцю чакаў, што дзеўка, з-за якой яны столькі нацярпеліся — няхай і не па ейнай віне — усходзіцца ад жаху. Але ейная рахманасць адрасавалася, відаць, аднаму Бутрыму. Паненка толькі прыкусіла губу, і голас трохі сеў:

— На ўсе пытанні адказ адзін, вашамосць — не ведаю. І нешта мне падказвае, што, калі мы даведаемся разгадку сваіх няшчасцяў, нашы жыцці будуць каштаваць яшчэ меней.

Так спакойна і трохі з горкім сарказмам мог бы адказаць сам Баўтрамей. Які, учуўшы пытанне і адказ, азірнуўся на асістэнтку і ледзь заўважна кіўнуў. Падобна, вучоная паненка прачытала ў кіўку тое, што было ёй важна, — не злуецца, дараваў, — і ўздыхнула з палёгкай. Бач, якое ўзаемаразуменне. А як Алесь збоку паглядае, не заўважаюць абое. Бедны хлопец.

— Вам трэба апрацаваць апёк, пан Лёднік.

Панна Праксэда ледзь не бегма скіравалася да лампады, што асвятляла сумны твар Богамаці, перахрысцілася:

— Думаю, тут можна здабыць драўлянага алею. Так, наліта дастаткова. І якасці някепскай.

Лёднік шчыльней захутаўся ў Пранцішаву світку, намагаючыся прыкрыць сляды княскага ўтаймавання. Сустрэўся позіркам з асістэнткай, якая ўжо стаяла перад ім, беражліва трымаючы ў далані здабыты алей. Зірнуў на сына.

— Праксэда, не варта мітусіцца. Гэта дробязь…

Вучоная панна вінавата апусціла вочы. Тонкая рука пачала дробна дрыжэць. Лёднік з няёмкасцю працягнуў сваю даланю:

— Добра, пералі сюды, я апрацую…

Пакуль Чорны Доктар мазаў апёк, асістэнтка адвярнулася, раз-раз, з дапамогай шаблі адкрамсала шматок ніжняй спадніцы:

— Вось, пан доктар, для кампрэсу. Вымачыце ў алеі і прыкладзіце.

Нерашуча дадала:

— Памагчы?

Бутрым незадаволена сціснуў вусны, кінуў яшчэ раз позірк на сына, які застыў дзюбатым птахам у куце.

— Дзякую, спраўлюся сам. А як з тваім здароўем? Выглядаеш зняможанай. Галадала?

— Не так, каб зваліцца, пан Баўтрамей.

— На свежае паветра цябе, відавочна, не выпускалі. Ёсць траўмы? Унутраныя, паверхневыя?

Гэта так па-вучонаму гучыць пытанне «ці не білі?»

— Не хвалюйцеся. Вы перажылі па маёй віне непараўнальна больш. Па волі Божай, са мной усё добра.

І зноў села на лаўку, сціснула рукі, апусціла вочы. Каб час ад часу, стараючыся рабіць гэта непрыкметна, кідаць позіркі на свайго прафесара.

— Гэта не я падарыў табе пярсцёнак на дзень народзінаў, Праксэда, — рашуча выціснуў Бутрым.

Відаць, вырашыў з’ясаваць сітуацыю ды абарваць рамантычныя марэнні панны, якая, дай волю, травой слалася б, расой пад ногі сыпалася свайму вызваліцелю. Паненка толькі больш унурылася.

Алесь ганарыста расправіў плечы, як перад смяротнай бойкай.

— Мне шкада, вашамосць, што мой недарэчны падарунак спарадзіў непаразуменне.

Праксэда неўразумела перавяла позірк на дактаровіча, асэнсавала пачутае.

— Пярсцёнак быў ад вас?

І вось дзіва — Алесь не пачаў велягурыць альбо бянтэжыцца. Горкая, вельмі дарослая і вельмі лёднікаўская, усмешка скрывіла вусны. Юнак спрытна ўзняўся і адвесіў блазенскі паклон.

— Перапрашаю за ваша расчараванне, чароўная панна, mea pulchra domina. Здараюцца ў маладосці такія вось памутненні розуму, выкліканыя парушэннем балансу цялесных вадкасцяў. Гіпакрат раіў лячыцца ад іх чамярыцай ды вадзянымі фіялкамі, але я, відаць, не далячыўся, вось і патрапіў са сваймі кукарэцыямі, як у проланку.

Пранціш ухвальна хмыкнуў. Падрос хлопец. Разумее — лепей першым з сябе пасмяяцца. І Праксэда, падобна, здзівілася. Так з паненкамі часам і трэба — а не плесці ўвесь час вензелі паводле рыцарскіх раманаў.

Але ж знайшлі час высвятляць найтонкія нюансы сваіх куртуазных дачыненняў…

— Ведаеце, шанове, слухаючы вашыя гжэчныя лірычныя канверсацыі, я б спадобіўся напісаць цэлы раман. Вам нагадаць, што мы на нітачках у кашчавай боўтаемся?

Менскі суддзя абвёў позіркам спадарожных, якія прысаромлена прыціхлі.

— Панна Праксэда, што ведаеце пра нядаўні шлюб Якуба Радзівіла, брата старосты менскага?

Паненка нахмурылася:

— Першы раз пра тое чую. Хросная, калі сюды везла, запэўнівала, што мае заручыны з ягамосцю Якубам больш нядзейсныя. — Уздыхнула скрушліва. — Але я цяпер думаю, што яна сказала б усё, што заўгодна, каб я з ёй паехала. Толькі апынулася тут — пані Тэрэзу як падмянілі. Яна на мяне, як на смяццё… Пасадзілі пад замок, на строгае пакаянне. Ніхто не наведваў, акрым турэмшчыцы. Добра, далі справу — рыхтавала мазі ды адвары. Можа, я проста перашкаджала шлюбу пана Якуба з іншай? Хаця яму, далібог, усё роўна.