Пранціш згодна кіўнуў.
— Лепш за ўсё ўсчаць інкурсію, калі ў лес заедзем.
І прывычна пачаў рыхтаваць адабраны ў паненкі пісталет да магчымай сутычкі ды насвістваць страшнаватую песню пра лёс мазуровай кабылы.
— Праксэда, знайдзі якую хустку. Перавяжы вочы і нікому з чужых іначай не паказвайся, — загадаў старэйшы Лёднік, не выпускаючы дзяржальна шаблі. — Хай усе думаюць, што пасланцам пані Тэрэзы ўсё ўдалося, і ты аслепла. Грос сказаў — пані загадала відушчую цябе ў жывых не пакідаць.
Асістэнтка паслухмяна кіўнула і закруцілася, шукаючы прыдатную тканіну.
— Што ж твае вочы такога бачылі, што пані Тэрэза захацела цябе ці са свету прыбраць, ці хоць асляпіць? — задумліва прамовіў Бутрым.
— Каб я ведала, пан доктар...
Паненка засмучана круціла ў руках сінюю шаўковую стужку, непачціва адарваную ад дарагой спадніцы.
— Мне трэба было западозрыць нядобрае ўжо тады, калі пані яшчэ ў Гародні параіла мне ўсё з сябе зняць, пераапрануцца ў новае. Каб не пакінуць нават дробязі, якая стане нагадваць пра... мае мінулыя грахі.
Вось як паненка развіталася з рэчамі, што засведчылі асобу забітай у Менску няшчаснай…
— Паслухайце, панна Брастоўская, — раптам асяніла былога менскага суддзю. — Ці не было ў доме пані Тэрэзы, сярод яе прыслугі, знаёмых ці проста выпадковых гасцей якой-небудзь цяжарнай кабеты? З валасамі такога ж колеру, як вашы. Каб хударлявая, высокая. Не прыпамінаеце?
Асістэнтка прыкусіла губу — вось ужо дарэмна намагаліся пакаёўкі Белакамскага замка бяліць, румяніць яе ды фарбаваць вусны самай моднай памадай, паненка відавочна была абыякавай да моды, вунь ужо і тафцяную мушку, акуратна прыклееную на левую шчаку, пазногцем няўважна здзерла. Зрэшты, пані Дамініка Вырвічава гэткая ж. Перапэцкаецца ў фарбах, аблічча натхнёнае. Муж у вушка цалуе, а яна пэндзлем адмахваецца.
Салодкія ўспаміны перарваў напружаны голас Праксэды.
— А ведаеце, і праўда, прыпамінаю. Калі я некалькі дзён хавалася ў гродзенскім доме хроснай, бачыла — бегала па двары прыслуга. — Праксэда прыкрыла вочы, каб дакладней апісаць. — Ніжэй за мяне на чатыры вяршкі, астэнічнага целаскладу. Валасы падобныя да маіх. Цяжарнасць ужо заўважная, пяты месяц, хоць прыкрывала фартушком. Нейкая... засмучоная. І цягала ўвесь час цяжкое. Я нават казала хроснай, каб не нагружала так небараку. Пані Тэрэза пахваліла мяне за... як яна казала... «залатое сэрцайка». Бо шкадую нават нявартых грэшніц. Я зразумела, што кабета не замужам.
— І што з той прыслугай далей было? — напяўся Пранціш.
— Апошні дзень я яе не бачыла. Падумала, пані Тэрэза адаслала на лягчэйшую працу.
Вырвіч сустрэўся вачыма са старэйшым Лёднікам. Што ж, вось і з’ясавалася, чый труп знайшлі на Плябанскіх млынах. Хутчэй за ўсё, менавіта заўважанае падабенства прыслугі з пляменніцай і навяло кручаную пані на страшны план.
За акном замільгалі дрэвы. Чорныя лапы ялін у белых шматках снегу. Карэта павярнула ўлева і раптам спынілася. Заіржалі коні, пачуліся злыя крыкі людзей. Калі Пранціш высунуўся, то пабачыў, што якраз за паваротам дарогу перагароджвае перакулены воз. Людзі ў адзежы, па якой не пазнаць, каму служаць — але ясна, што не мужыкі, а жаўнеры — лаяліся з тымі, хто суправаджаў карэту. А вось і да бойкі дайшло. Захутаны да вачэй пан на белым аргамаку ўважліва назіраў за падзеямі здалёк.
Калі перад нядаўнімі гасцямі Белакамскага замка апынуліся асядланыя коні, марудзіць ніхто не стаў. Нават панна Праксэда з завязанымі сіняй стужкай вачыма з дапамогай Алеся ўскараскалася на чорнага гладкага жарэбчыка з выглядам самым рашучым. Хтосьці з варты паспрабаваў кінуцца наўздагон, але ўдар шабляй па галаве — пераканаўчы доказ перагледзець свае намеры.
Пан Ігнацы, аднак, дадумаўся ж засвяціцца на сваім адметным белым коніку. Цяпер з’есць яго езуіт — са сланечнікавым алеем з нагоды посту.
Стаптаны ўчора снег за ноч прыцерушыла, цені ў шматлікіх выёмінах нагадвалі воспіны, што пабілі белы твар. На ўскрайку мястэчка, ля спаленай царквы, у шэрай хатцы, крытай трыснягом, Баўтрамей Лёднік абдымаў сваю Пенелопу. Ля дзвярэй высокая худая дзяўчына, што быццам не ведала, заставацца ці ўцякаць, з завязанымі вачыма, панурыўшы галаву, шаптала малітву. Цемнавокі юнак з сумным і ўжо трохі суровым абліччам стрымана ўсміхаўся.