— Тое ж кажа Жан Жак Русо, вашамосць, — ціха прамовіў Алесь. — Не трэба так пераймацца. Мы пройдзем праз усе выпрабаванні разам. Вы акажаце мне гонар назвацца маёй нявестай?
Праксэда сцягнула павязку, угледзелася ў аблічча юнака — зноў нібыта пазнавала штосьці знаёмае.
— Ну, пярсцёнак вы мне ўжо дарылі.
І прыжмурылася хітравата:
— А вось каб канспекты лекцый з акадэміі… Можаце нявесце такі прэзент зрабіць?
— Хіба за першы курс. За другі ў канвенце пакінуў, — трохі збянтэжыўся дактаровіч. — Але пераказаць магу! Асабліва па прыродазнаўчых навуках. У нас чытаў пан Пачобут-Адляніцкі, у яго надзвычай цікавая тэорыя.
Вось, здаецца, і ўся рамантычная частка заручын.
А што, бачылі мы пышнейшыя, ды куды дурнейшыя.
А калядныя зоркі ззялі над разарваным краем гэтак жа зырка, як будуць свяціць, калі гэты край з’яднаецца. І будзе зноў прададзены і забраны, і зноў вызваліцца і паўстане.
Раздзел чатырнаццаты
АПОШНІ ТРЫБУНАЛ У МЕНСКУ
Стапталі снег ля Свіслачы аж да чорнай зямлі. Не цмокі. Паны-браты, жупаны-кунтушы. Цямнеюць абгрызеныя часам сцены менскага замка, пазяхае, прыкрываючыся суконным рукавом аблокаў, прывід князя Глеба, у ранішнім паветры водар гарэліцы, табакі і прадчуванне добрай бойкі. Як жа не пабіцца падчас Трыбуналу!
Дый для злосці падстава ёсць. Расейскіх жаўнераў нагналі — сінія мундзіры паўсюль, як чарніцы ягадным летам. Ганьба якая. Але й прывычная ганьба: колькі ўжо важных соймаў прайшло пад прыглядам імператарскай арміі. Каб нязгодным языкі падкараціць.
Вось і зараз — пагаворваюць, сам староста менскі, пан Юзаф Радзівіл, гарбунок няшчасны, папрасіў даслаць войскі. Справа гучная чакаецца: мільённыя ўладанні на кон пастаўленыя.
— Чакаюць прыезду прэтэндэнта, пана Якуба Радзівіла, старостава брата, — ціха прагаварыў Давыд, які час ад часу адбягаўся ад карэты з гербам паноў Гараўскіх, каб паслухаць плёткі.
Высокі тыпус ля карэты, у нямецкім строі і насунутым нізка на лоб капелюшы, ды яшчэ ў чорнай шаўковай паўмасцы, пакрывіў фанабэрыстыя вусны.
— Не падабаецца мне гэтая ідэя, спадарства. Пакуль нас не пазналі, давайце сыдзем з гэтага віварыя.
Пранціш, які не бачыў патрэбы хаваць аблічча, ганарыста ўпёр руку ў бок — дылея, кунтуш, жупан парчовы, паяс персіянскі літы, шапка сабаліная з вялікім гузам, Гіпацэнтаўр у залачаных похвах — усё як на парадных сармацкіх парсунах.
— Яшчэ чаго! Нядаўна я прыходзіў сюды, у судовы дом, і займаў найважнейшае крэсла, і ўсе гэтыя паны-браты ручкі-ножкі мне імкнуліся цалаваць, абы на прысуд паўплываць. А зараз вунь, лыбяцца, адварочваюцца. Нізавошта не адмоўлюся ад магчымасці ім усім насы ўцерці! Усё адно ні пані Тэрэза, ні пан Міхал не наважацца штосьці беззаконнае проста тут учыніць.
— І я не баюся, я ўсё адно павінна апраўдаць пана Лёдніка!
У высокай дзяўчыны ў серабрыстым футры, якая сядзела ў карэце, твар таксама быў закрыты маскай. Чарнавокі хлопец, які не адводзіў ад яе вачэй, нахмурыўся:
— І праўда, пачакаць бы. Кадэнцыя трыбунальская яшчэ толькі пачалася.
— Кажуць, пан Міхал Брастоўскі вельмі халодна прывітаўся з пані Тэрэзай Радзівіл! — насмешна паведаміў Давыд. — Іхнія людзі ўжо прыглядаюцца, каб пабіцца між сабою. Каб не расейскія жаўнеры — счапіліся б.
Лёдніка перасмыкнула пры адным імені ягонай колішняй пацыенткі. Давыд азірнуўся на пляц:
— А вунь бачыце каралеўскіх гвардзейцаў?
Ля судовага дома, двухпавярховай камяніцы, пра нядаўні пажар у якой нагадвалі толькі навюткія дзверы і рамы вокнаў, чырванелі мундзіры малойцаў у прыкрашаных пер’ямі шлемах.
— Пан падскарбій Антоні Тызенгаўз асабіста заявіўся. Маёнткі, на якія Якуб Радзівіл прэтэндуе, зараз жа у сяквестры, імі карона карыстаецца. Таму зараз кавалак з пашчы льва… дакладней, шмат сена з пысы Цялка будуць вырываць.
Побач, на Верхнім і Ніжнім Рынку, надрываліся гандляры, прапаноўваючы свежыя булкі, гарачы мёд і пражаныя гарэхі. Цэлая армія жабракоў асцярожна сноўдгала вакол разгарачанай шляхты, бы вакол дзікай сабачай зграі, заводзячы вечныя свае лемантацыі пра міласэрнасць. Верагоднасць атрымаць срэбны шастак і выспятак саф’янавым ботам была аднолькавая. Лірнікі гарлалі адразу ў некалькіх месцах пляца, таму спевы пра сіротку Дароту, малойца Байду, беднага Лазара і абарону Крычава зліваліся ў адну вісклівую літанію, ад якой вараннё над замчышчам віхурыла, нібыта гуляла ў нябёснага яшчара.