Выбрать главу

Вырвіч падумаў, што стаяць яны на самым дзяцінцы. Месцы, з якога пачынаўся горад. Якія ахвяры тут былі прынесеныя, калі дзікія продкі менчукоў убівалі першыя калы ў гэтую зямлю? І колькі тых ахвяраў яшчэ будзе? Вунь і лобнае месца відаць, накрытае саванам лютаўскага снегу. Тры ганебныя слупы з абвіслымі ланцугамі. Плаха, счарнелая ад крыві — вось жа лёс выпаў нейкаму дубу. Барані нас, святы Франтасій, на той пракляты лапік гарадзішча патрапіць.

Давыд подбегам вярнуўся з чарговага шпацыру.

— Едзе старостаў брат!

Сапраўды, паказалася цэлая кавалькада. Наперадзе герольды ў кароткіх плашчах у жоўтыя і чорныя квадраты — колеры радзівілаўскага герба «Трубы». За імі — гайдукі ў высокіх шапках і пунсовых жупанах, венгрыкі ў мундзірах з залатымі галунамі. Перад дзверцамі карэты паставілі адмысловую лесвічку, абцягнутую чырвонай тканінай. Дапамаглі яснавяльможнаму госцю паставіць на першую прыступку нагу. Падхапілі з усіх бакоў — пад рукі, пад бакі. Нязграбны даўгалыгі князь Якуб урэшце апынуўся на зямлі, нервова, як спалоханая птушка, агледзеўся. І праўда, звыродны, нат здалёк відаць. Запалыя вочы, востры нос, танкагубы доўгі рот, так і бачыцца нітка сліны. Князя ўзяла пад руку нізенькая пані — мусіць, жонка са Ржавускіх, і ён пайшоў няроўнай, нейкай падскокваючай хадой, увесь час вінавата азіраючыся. Небарака.

— Гэта не ён!

Усхваляваная Праксэда прыклала тонкую даланю да вуснаў, нібыта баялася ўласных слоў.

— Гэта не пан Якуб. Я не магу памыляцца. Зусім іншы чалавек.

Пранціш агаломшана глядзеў услед важным гасцям, што ўваходзілі ў судовы дом. Пабітыя шкельцы збіраліся ў цікавы і злавесны вітраж.

Дык вось чаго не павінны былі пабачыць Праксэдавы вочы! Добра, што выдавалі Праксэду за сляпую.

— Ну, зараз мы згуляем у іхнія гульні па-свойму! — злосна выскаліўся Пранціш.

Нібыта ў адказ на ягоныя словы ўспырхнула ў неба зграйка галубоў, што мітусіліся пад нагамі Аляксандра Лёдніка, хоць той і не думаў кідаць ім зерне.

У вялікай зале, якая памятала апошнюю справу суддзі Вырвіча, з дапамогай капаніцкіх гайдукоў удалося адбіць сабе куток. Іх кампанія ўвагі не прываблівала — былі тут і ў нямецкіх строях, як Лёднік і Давыд, і кабеты, не толькі Праксэда. Былі і ў масках, і пад вэлюмамі, і ў каптурах, што захіналі твар. Вунь як у таго мужыка, напрыклад. У лямцавай шапцы, нацягнутай да падбароддзя, толькі дзіркі для вачэй. Дык гэта ж ашмянскі кат! Сядзіць непадалёк ад пана Міхала Брастоўскага. Не занадта блізка, вядома. Увогуле каля спадара Ігнаруса, нягледзячы на цісканіну, утварылася пустое кола. Што вучонага ката, напэўна, забаўляла. Яшчэ якую ахвяру для ашмянскіх сутарэнняў накмячаюць?

Справа радзівілаўскіх маёнткаў разглядалася першай. Падстаўны Якуб нават змог некалькі разоў трапна адказаць «так» і «не». Тызенгаўзаў прадстаўнік усяляк закідваў сумнівы ў законнасці прэтэнзій старостава брата. Так, калісь спрэчныя землі належалі Марціну Радзівілу, і той адпісаў іх другому сыну ў выпадку, калі ажэніцца з паненкай, абавязкова ў сваяцтве з іх родам. Але Марцін прызнаны нядзеяздольным. І смачны кавалак уладанняў законна адышоў апекуну Марціна, Міхалу Казіміру Рыбаньку, тады — ягонаму сыну, потым — казне.

Прадстаўнікі старосты Юзафа гарлалі пра святыя шляхецкія правы. Сам староста маўчаў, толькі нізка хіліў галаву, ад чаго ягоны горб выпіраў нават праз футра. Пан Антоні Тызенгаўз не прымаў асабіста ўдзелу ў гармідары, сядзеў, скрыўлены, як пусты бот. Пані Тэрэза, дзеля якой уладкавалі ў правым куце мяккі фатэль, абцягнуты залатой парчой, абмахвалася веерам, быццам на бале. Што праўда, у зале надыхалі, як у карчме.

Да засмучэння старосты і Радзівіліхі, вынік па справе наследавання — а сярод маёнткаў значыліся багатыя Цімкавічы, між іншым — усё-ткі адклалі на тыдзень.

Пан маршалак трыбунальскі Лапацінскі прыняў з рук пісара новую справу. Вырвіч пазнаў тэчку і ўвесь падаўся наперад: удалося ўсё-ткі задзейнічаць былыя сувязі! Не ўсе тут скурвіліся!

— Заява шляхціца Франтасія, сына Антоніева Вырвіча, герба «Гіпацэнтаўр», аб пераглядзе справы забойства панны Праксэды Браставічанкі. Ягамосць пан Вырвіч разглядаў гэтую справу ў якасці менскага гродскага суддзі і сцвярджае, што яго несправядліва абвінавацілі ў неадпаведным судзействе. І ён гатовы тое давесці.

Сказаць, што пасля гэтых слоў пачалася бура — дык і не скажаш. Хутчэй, маленькі Апакаліпсіс. Добра, што на кадэнцыі Трыбунала забаранілі прыходзіць са зброяй. Таму люд паспаліты проста штурхаўся ды гарлаў. Пранціш рашуча працерабіў сабе дарогу да паспалітых суддзяў, зразумела, зноў з дапамогай капаніцкіх гайдукоў — нездарма адбіраў самых дужых. Прывезеныя з Белага Камня парубкі Сцяцко ды Грыцько якраз адпавядалі, таму зараз волат Грыцько з казацкай зухаватасцю расчышчаў свайму пану і выратаваўцу шлях, кідаючы ненавісныя позіркі на расфуфыраную «пані Тэрку», а чарначубы Сцяцко ішоў у ар’ергардзе.