Выбрать главу

І дадаў штось такое брыдкае пра Праксэду, што Алесь ускочыў — ледзь удвух доктар з Пранцішам назад яго на лаву ўсадзілі.

— Шаноўнае панства, гнеў — не самы лепшы маршалак нават на самым маленькім сойме, — прымірэнча завёў Пранціш.

— Я магу выкупіць у вас Праксэду, — раптам рэзка заявіў доктар.

Пан Міхал скептычна варухнуў бровамі.

— Хіба што абмяняеш яе на сябе. Мой Ігнарус у сутарэннях з тваім удзелам такія спектаклі для мяне разыгрываў бы… А ў антрактах ты мае каштоўныя камяні павялічыш. І золата каб наварыць з жалеза. Шкада, раней ад злосці не падумаў цябе для гэтага скарыстаць.

На твары князя нават нейкі мройны выраз з’явіўся.

— Дык што ты можаш мне прапанаваць за камплянацыю?

— Тое, дзеля чаго вы нас пасылалі ў Венецыю.

Вырвіч і Алесь, якія сядзелі абапал Чорнага Доктара, агаломшана скрыжавалі на ім позіркі.

Гэта яшчэ што за… імправізацыя?

— Але ж мне даклалі, што трубу святога Георгія ніхто не знайшоў. Так? — зірнуў князь на канфідэнта.

— Так, вашамосць! Быў папяровы скрутак, які рассыпаўся. — ахвотна нагадаў пацукападобны. — Людзі пана Антонія і пані Тэрэзы аднолькава распавядалі, значыць, праўда. Тое, што малады чалавек, — канфідэнт кіўнуў у бок Алеся, — неверагодным чынам здабыў з таемніка на вяршыні калоны, пан доктар паклаў перад абразом Маткі Божай у нейкім венецыянскім дворыку.

Міхал Брастоўскі запытальна ўтаропіўся ў Лёдніка.

— Мы ўсе памыляліся, калі лічылі, што шафар — гэта нейкае матэрыяльнае ўвасабленне, — цярпліва паўтарыў свае тэорыі Чорны Доктар. — Труба, рог, музычны інструмент, зброя. Насамрэч гэта слова. Божае слова. Вечнае і ўсемагутнае. На тым скрутку быў тэкст кнігі Эклезіяста. Марная марнасць, і ўсё мітусня пад сонцам. Алесь, дай томік скарынаўскі, які я табе падарыў.

Дактаровіч здзівіўся, але моўчкі палез у кішэню і дастаў кніжыцу, якую сапраўды звык паўсюль цягаць з сабою, як прасіў калісьці бацька. Баўтрамей з багавейлівасцю пагладзіў пашарпаную вокладку, разгарнуў.

— Ты што, доктар, уздумаў мяне зараз біблейскай мудрасцю гадаваць? — Брастоўскі сціснуў дзяржальна шаблі-карабэлы.

— І ў мудрасці ёсць матэрыяльныя знакі.

Баўтрамей раптам вельмі непачціва тузануў святую кнігу, так, што ледзь не напалам разадралася. І са шчыліны паміж скураным карэньчыкам і паперай выкалупаў нешта невялікае, круглае, падобнае да манеты.

— Пячатка святога Тарэла. На папірусе вісела. Не рог, але сапраўдная рэч продка яго каралеўскай мосці. І як на замову — з выявай цялка. Трэба?

Вось жук Бутрым. Хто б падумаў, што такі козыр у рукаве Скарыны прыхавае?

Брастоўскі напяўся, прагна ўглядаючыся ў свінцовы круглячок, які Бутрым прадбачліва трымаў падалей. Вядома, не такая эфектная здабыча, як уяўлялася. Але ж лепей, чым нічога. Пячатка міфічнага продка з радавым гербам. Калі пакласці ў шыкоўны рэлікварый… Пан Міхал, падобна, узважыў усё як след, і…

— Мяняемся.

І з’едліва пасміхнуўся:

— Але пасагу не чакайце. Ні шэлега. Вам і так скарб прываліў — Праксэда вучоная. Адзінае, што скажу, — не шкадуеш ты свайго сына, доктар.

Абвестку пра тое, што бакі дасягнулі згоды, адны віталі, другія сустрэлі расчараваным гудам. А пабіцца? А кагось да ганебнага слупа ці ў вежу паслаць?

І калі ўсё было нібыта вырашана наконт узгаднення неадпаведнага шлюбу, упёрся пан маршалак трыбунальскі Лапацінскі.

Законнік доўга разважаў пра заняпад нораваў і пра святасць Статутаў. Згадваў плюгаўствы, якія даводзіцца ў гэты жалезны век назіраць: то жонка ад мужа ўцякае, то дачка ад бацькі, то жэняцца неадпаведна ўзросту. Вось раней, у залаты век, пакуль малады чалавек не давядзе сваю годнасць у слаўных бітвах, не заслужыць добрай пасады, і не падумае жаніцца. Тым больш з асобай старэйшай за сябе, без пасагу і заганных для шляхетнай дзяўчыны паводзін. Дзеўка-лекарка! Куды свет коціцца!

Праксэда стаяла, ганарыста выпрастаўшыся і не гледзячы па баках — а гэта не так лёгка, калі ўсе на цябе зіркаюць ды абмяркоўваюць. Алесь рашуча ўзяў яе за руку, што выклікала яшчэ адзін няўхвальны позірк маршалка.

Пранціш разумеў — трэба ўжыць увесь судзейскі досвед. Ягоная гарачая прамова, падмацаваная цытатамі ды спасылкамі, нібыта пачала кранаць сэрцы. Але не ўсе.

— Вы, вашамосць пан Вырвіч, нават як былі суддзёй гродскім, не навучыліся ставіць закон вышэй пачуццяў, — вёў сваё Лапацінскі. — Расказвалі мне, як ваш кумпан, прысутны тут доктар, егіпецкіх змей суддзям паказваў ды мячом князя Глеба махаў. Артыкул Статута — не аракул і не гараскоп, у ім мудрасць пачцівых продкаў…