Вочы Пане Каханку наліліся крывёю.
— Мярзотніца! Забіла сумленнага шляхціца! І ўсё адно працэс скончыўся нічым. З’ехала ў Вену. Мне пісалі, зараз пасябравала са старой імператрыцай. За багамолку сябе выдала, несправядліва асуджаную!
Князь так раззлаваўся, што ягоны ўлюбёны сэтэр падняў вузкую доўгую галаву і ўтаропіўся цёмнымі вільготнымі вачыма ў гаспадара.
Тут жа слуга паднёс ваяводу келіх, і белы жупан прыкрасіўся цёмнымі пацёкамі распырсканага напою. Ваявода супакоіўся, выцер вусы рукавом.
— Адзінае што цешыць — само неба заразу карае. Кажуць, неяк яна малілася, і на яе мышы напалі. Ці пацукі. Проста ў капліцы. Усю сукенку згрызлі.
Пранціш разумна прамаўчаў пра сваю раптоўна ўзніклую гіпотэзу наконт містычнага здарэння.
— А памятаеш маю венецыяначку Апалонію, доктар, якую ты ўсё лячыў? — Пане Каханку ажно прыцмокнуў языком ад салодкіх успамінаў. — Калі даведалася, што я яе з сабой не вазьму, аж схуднела, небарака, ад гора. Я ўжо добра ёй дыяментаў сыпануў — бо з красой сваёю з-за мяне рассталася, небарака…
Пранціш падумаў, што Апалоніі пашанцавала, цяпер не трэба наганяць на сябе тлушч. А з грашыма нясвіжскага ардыната і схуднеўшы лёс свой уладкуе.
— Ваша княская мосць, у мяне да вас просьба… — паспешліва загаварыў Лёднік.
Князь скрывіўся, прамармытаўшы, што каб да яго без просьбаў хтось прыйшоў, не бывае, як не бывае пірага без мукі.
— У мяне ёсць слуга. Сцяпан Налівайка. Гайдук, адважны і бясстрашны. Калісьці я вывез яго з ягоным братам Рыгорам са Львоўшчыны. Там пані Тэрэза разам са сваім амаратам панам Богушам учынілі бязбожны гандаль — прадавалі сваіх падданых у аўстрыйскую армію. Сцяпана з братам таксама мусілі прадаць. Рыгор загінуў, калі на нашу сям’ю напалі, абодва нас абаранялі. І цяпер пані Тэрэзе данеслі, што ў нас хаваецца ейны прыгонны.
— І што я мушу зрабіць, пане каханку? — незадаволена перабіў ваявода. — Збеглых сялянаў належыць вяртаць гаспадарам. Што мне загадаеце рабіць, калі маіх пейзан пазвозяць розныя дабрадзеі? Ручкай услед махаць?
Лёднік на імгненне апусціў вочы, каб не выказаць гнеў. Слова ўзяў Пранціш:
— Ваша княская мосць, Сцяпан родам менавіта з таго сяла, якое паводле шлюбнай дамовы засталося ва ўладаннях вашамосці, узамен за іншае, саступленае пані Тэрэзе. Гэта была б міласэрная справа, каб вы прызналі Сцяпана Налівайку вашым падданым і тым не далі пані Тэрэзе з ім расправіцца.
Ваявода не выглядаў надта задаволеным — з-за нейкага мужыка дураць галаву.
— Добра, пакідай сабе свайго гайдука, Лёднік. Скажу, каб ліст у суд адпаведны зрабілі. Узамен жа паслужы мне.
— Усім, чым магу, вашамосць.
А планы ў Пане Каханку на Чорнага Доктара выявіліся грандыёзныя. Ваявода не мог забыцца на тую чароўную венецыянскую ноч, калі ў цёмнае неба ўзляталі палаючыя ліхтары, і паветраная гандола падняла Аляксандра Лёдніка да каменнага льва.
Князь хацеў паўтарыць відовішча.
Хай усе ведаюць, у каго патэнт на ўсё цудоўнае ў гэтым краі! А то вунь худапахолак Панятоўскі зганьбаваўся: вырашыў давесці ў чарговы раз сваё высокае паходжанне. Сабраў людзей у палацы, каб падзівіліся на пячатку святога Тарэла, ягонага міфічнага продка, якая яму нібыта ў спадчыну дасталася. Людцы прыйшлі, аб’елі манарха, абпілі, натанчыліся, напляткарыліся і ўсё пабачанае высмеялі. Ніхто не паверыў у каштоўнасць някідкага круглячка з выявай цялка. Так што давялося Стасю перадаць сваю рэліквію ў касцёл святога Станіслава.
Блазан зараз жа расправіў плечы, надзьмуўся — і стаў нечым падобны да караля. Пане Каханку не зарагатаў, але і не спыніў гэткую абразу манаршае персоны.
Так, Караль Радзівіл ведаў, хто сапраўдны кароль у гэтым краі.
І калі ў Нясвіжы людзі палятуць, як птушкі — ніхто не скажа, што гэта не цуд!
Вядома, ваявода тут жа распавёў, як уласнай персонай на паветраным караблі лётаў над Венецыяй і лавіў галубоў для адмысловага пірага. І выпадкова патрапіўся яму ў нерат паветраны цмок. Худы, бо прыляцеў проста з Кітая, за доўгую дарогу агаладаў. Аднымі жукамі ды вераб’ямі харчаваўся. Пан Караль прывёз злоўленага цмока ў свой венецыянскі палац, і той пачаў несці яйкі. А тыя яйкі — цалкам з самага цудоўнага малахіту. Вунь тыя чарачкі з яго зробленыя, на століку з чырвонага дрэва.