Выбрать главу

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

АВАНТУРЫ ВЫРВІЧА З БАНДЫ ЧОРНАГА ДОКТАРА

Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны

Пралог

Алрымліваць у лоб агрызкам яблыка крыўдна.

Асабліва калі яго шпурнула ў цябе не гуллівая дзявочая ручка, а выпацканая атрамантам рука аднакурсніка.

Зрэшты, вакол самага ўпартага студыёзуса Віленскай акадэміі Аляксандра Лёдніка па мянушцы «Ланцэлот», што застыў слупам пасярод галерэі ўніверсітэцкага дворыка, валялася смецця, як пасля шляхецкай пагулянкі. Арэхавае шкарлупінне, папяровыя камякі, ды што там яшчэ студыёзусы намацалі ў сваіх бяздонных, як Тураў калодзеж, кішэнях. Сёй-той, спяшаючыся ў аўдыторыю, яшчэ і штурхаў даўгалыгага юнака з дзюбатым носам і цёмнымі вачыма. Але той, упарта падціскаючы вусны, вяртаўся на месца, нібы навяза­ны на нябачны ланцуг.

Урэшце штурханіну ў галерэі заўважыў пахмуры выкладчык граматыкі пан Садоўскі па мянушцы Бабрышча. Ён злосна ашчэрыў жаўтаватыя, як у бабра, зубы:

— Аляксандр Лёднік, зноў вылучыўся? Чаму не ідзеш на лекцыю?

— А ён не можа! — здзекліва адказаў хтось. — Ён дэкляраваў, што з месца не скранецца!

— Пакуль чароўная панна... сястра Петрака Бадонаса, яго не прабачыць за нягжэчныя паводзіны! — са смехам удакладніў яшчэ адзін падшыванец.

— Якая панна? Што за штукарствы? — бледны твар Бабрышчы набыў колер кармазіну. Паколькі віноўнік тлуму захоўваў ганарыстае маўчанне, гісторыю агучылі добраахвотнікі. Было так... Да Петрака Бадонаса, які ў святых акадэмічных мурах другі год біўся шырокім ілбом аб сцяну навук юрыдычных, прыехала радзіна. Бацька, пан Бадонас, падстолій Крэцінгенскі, з сужонкай і дачкой, абедзве масластыя ды кашчавыя. Радавітыя госці пасля месы ва ўніверсітэцкім саборы Святых Янаў былі ўрачыста праведзеныя ў кабінет да рэктара. А пан Алесь Лёднік той жа галерэяй нёс слоік з нейкай паддоследнай жыўнасцю.

Высакародныя дамы не павінны сузіраць усялякую гідкасць. Вунь аднойчы блазан расейскай імператрыцы Лізаветы Пятроўны па прозвішчы Аксакаў прыпёр ёй ва ўласнай шапцы вожыка: пацешыць, падлабуніцца. Ды венцаносная асоба так пералякалася, што блазна зараз жа адправілі ў катавальню: замах на імператрыцу!

А ў Лёдніка ў слоіку плёхалася рапуха.

Тлустая, як нябожчык кароль Аўгуст Сас, брунатна-зялёная, як згнілая конская скура, пухірчатая, нібы глеба пякельная.

Небарака не падазравала, што цыбаты даследчык збіраўся правяраць на ёй тэорыю швейцарца фон Г алера пра адсутнасць сувязі між раздражнёнасцю цягліцаў і нервовай сістэмай.

Хтось са студыёзусаў адчувальна штурхануў натураліста, і рапуха адправілася ў палёт, абвяргаючы прыродныя законы. Да паненчынай аксамітнай спадніцы якраз даляцела.

Юны Лёднік, абдымаючы апусцелы слоік, як і належыць шляхетнаму пану, выбачэнні шчырыя прынёс, сцярпеў кручэнне вуха ад прарэктара...

— Гэта сын вядомага доктара Лёдніка, нашага былога выкладчыка, — ліслівіў прарэктар. — Вось... Працягвае доследы бацькі ў навуках прыродазнаўчых.

Твар ягамосці суддзі Бадонаса яшчэ болей прыпадобніўся недапечанай булцы.

— Чаго яшчэ чакаць ад гэтых «новых шляхціцаў»! Скуль ім ведаць, як перад высакароднымі дамамі паводзіцца!

А вось гэтага пану суддзі гаварыць зусім не варта было... Гэта як у прысутнасці караля Станіслава Панятоўскага згадаць цяля. Былога каханка ра­сейскай імператрыцы дражнілі Цялком за не самае высокае паходжанне — ад дробнага шляхцюка па прозвішчы Цёлак. Для пана Аляксандра Лёдніка радавод таксама быў тэмай балючай. Усіх раздражняла, што Алесь выяўляў з сябе нейкага Ланцэлота, а сам — сынок клісцірніка, доктара-чараўніка, у якога, кажуць, уся спіна бізунамі злупленая!

Што праўда, таварышаў Лёднік-малодшы ніколі не здаваў, хутчэй за чужую правіну ў карцары адседзіць. Але як не штурхануць нібыта неўзнарок гэтага шляхцюка па патэнце! Тым болей прафесары не надта заступаюцца, нягледзячы на тое, што старэйшы Лёднік па мянушцы Чорны Доктар у гэтых мурах сам выкладаў. Кажуць, яшчэ больш за сына фанабэрысты, ды яшчэ суровы і баявіты. Алхімік, маг і майстар фехтавання.

Таму і вырвалася ў Алеся ланцэлотаўскае: «З месца не скрануся, пакуль яемосць панна судовая літасціва не прабачыць за сапсаваную сукенку». Хоць паненка яму спадабалася не больш, чым ягонай рапусе — бот трокскага суддзі. Да таго ж зберагаўся ў сэрцы юнага Лёдніка таемна і пачціва вобраз сапраўднай прыўкраснай дамы, з чорнымі броўкамі ды шэрымі вачыма, з маленькімі строгімі вуснамі, з імем гаркавым, як палын, і сухім, як стрэл мушкета: Праксэда.