Піў з чарапоў і на споведзі неяк схлусіў.
Воя старога не любяць пускаць у дамы.
Ён не ўсміхаецца, вечна маўчыць, як нямы.
Колькі ні просяць расповедаў з дзён баявых —
Вечна ў адказ толькі сумны, як могілкі, ўздых.
Гэткі сусед нам дастаўся. Маёнтак ачах.
Лётаюць чорныя цмокі туды па начах.
Белыя вершнікі носяць туды туманы.
Кажуць суседзі: няхай не прыйшоў бы з вайны.
А па начах над стамлёным схіляецца Бог:
«Ты перамог. Ты вярнуўся, і ты перамог».
Гэта ты пра мяне ці пра сябе?
Вырвіч адвёў вочы.
— Ды так, сімвалічна.
Полацкі Фаўст паклаў кніжыцу ў кішэню.
— Дзякую, Вырвіч. Гэта — тое, што не забудзецца. Гэта, магчыма, больш важна, чым усе навуковыя артыкулы.
Беларускае сонца залаціла чарапічныя дахі і саламяныя стрэхі, лахманы і жупаны аднолькавай пазалотай.
— Дык што, дзядзька Бутрым, зладзіш паветраную містэрыю?
У цёмных вачах Лёдніка бліснуў такі знаёмы агонь:
— Зладжу. Якраз нагода праверыць некалькі цікавых навуковых ідэек.
І ўсім трэба было жыць далей. Як жыла Беларусь.