Алесь разам з Вырвічам і аптэкарам пакорліва сеў за стол насупраць чалавека, які напэўна катаваў яго бацьку. Можа быць, нават сёння раніцай. Ці ўчора вечарам. Што рабілі з Баўтрамеем Лёднікам гэтыя спрацаваныя дужыя рукі, якія зараз так беражліва адкладаюць малітоўнік у чорнай скураной вокладцы?
Кавалак у горле перасядаў... І да кубка не хацелася вуснамі дакранацца — бо з яго, магчыма, піў кат.
Пранціш успомніў урокі лаціны: Ігнарус — гэта ж значыць, адрынуты, пакінуты.
Што змусіла чалавека, відавочна адукаванага, разумнага, абраць такую прафесію, каб сесці з ім побач маглі альбо людзі, пазбаўленыя ўсялякіх забабонаў, альбо тыя, хто ў адчаі?
— І я вучыўся ў Віленскай акадэміі, — мякка сказаў кат, гледзячы на сына вязня. — І стаяў на імшы ў саборы двух Янаў, і лазіў на званіцу, па ўдачу для іспытаў, і з цяперашнім рэктарам збягаў ноччу з канвенту праз акно... Мяне прызначалі цэнзарам, і я старанна драў лянівых аднакурснікаў розгамі. Чым гэта адрозніваецца ад таго, што я раблю цяпер? Ніхто не ведае, куды яго закіне лёс.
Пранціш стрымаў гнеўную рэпліку пра тое, што без жадання чалавека лёс можа яго закінуць у рабскі ашыйнік, як калісь Баўтрамея Лёдніка, ці ў катавальню ў якасці ахвяры, але ніяк не на пасаду ката.
Проста пад акном завялі размову скрыпка і мандаліна. Высокі мужчынскі голас зацягнуў песеньку пра маленькую венгерскую каралеўну, якую прывезлі ў Польшчу, аддаваць замуж за старога караля. Гэта ж тая парачка з карчмы... Ну, памажы ім, святая Цэцылія, зарабіць адно дукатаў, а не бізуноў.
— Мы не пашкадуем нічога, — цвёрда прамовіў Пранціш. — І мы не змусім вас парушыць закон. Нам толькі б даведацца, што з доктарам.
Давыд паклаў на стол цяжкі мяшэчак, прыціснуў даланёй, як злоўленую мыш:
— Сорак дукатаў... За спатканне з панам Баўтрамеем заплацім яшчэ, колькі скажаце. І той канвалют, з трактатам Сільвія па анатоміі, які вы так хацелі, будзе ваш.
Па краёх сталешніцы цямнелі дзіркі, нагадваючы пра звычай некаторых ліцвінскіх гаспадароў прыбіваць абрусы цвікамі, каб слаўныя госцейкі не знеслі. Кат задумліва паднёс да вуснаў кубак.
— Трактат варты паслугі. І тое, што вы хлеб са мной раздзялілі, таксама. Ну і каб мне такія грошы хтось падарыў дваццаць год таму, я б расплаціўся з картачным доўгам, і скончыў акадэмію, і не нарабіў тых глупстваў, што нарабіў... Ваш Чорны Доктар таксама досыць нарабіў за жыццё глупстваў. Іначай не апынуўся б там, дзе апынуўся.
Слухачы напружана маўчалі.
— Не, я не працаваў над доктарам. Пакуль што.
Ашмянскі кат лічыў сябе добрым рамеснікам, майстрам у сваім цэху.
— Ягамосці князю Брастоўскаму было не да вязня. Яму ж за заручынамі трэба абавязкова прасачыць, а тут — замінішча. Едзь па лісце нейкага дабрадзея ў Менск... Так што вашага доктара проста пасадзілі ў тое месца, адкуль ён не збяжыць.
Кат адсёрбнуў квасу і задумліва заўважыў:
— Праўда, паміж прабываннем у тым месцы і маёй майстэрняй я б не ведаю, што на месцы пана Лёдніка выбраў.
Давыд і Вырвіч трывожна перазірнуліся.
— Можа, пан Ігнарус будзе ласкавы ўдакладніць пра месцазнаходжанне майго пана бацькі?
Аляксандр Лёднік па-ранейшаму не даваў сабе праявіць скруху альбо страх.
— Вы цікавы малады чалавек... — прамовіў кат. Бліскучая восеньская муха паспрабавала сесці на ягоную лысіну, пакрытую засохлым гноем. — Ваш бацька ў Ашмянах, у замку... Нябожчыцу таксама там трымаюць, у лядоўні. Ужылі mellification... Мёдам залілі. Хоць гэта не вельмі надзейны спосаб. Лепей солевае расчынне in nomine натрон. Цела чалавека — тое ж мяса. А доктар патрапіў у студню.
Ад няспешнасці і жахлівасці расповеду зубы скрыгаталі не толькі ў Пранціша.
— Што значыць — у студню, ратуй нас, Святы Юры?
— Для асабліва небяспечных злачынцаў. На маёй памяці туды толькі тры чалавекі трапіла. Адзін выжыў.
Кат спрытна прыбіў муху на сваёй галаве. Слізкая кроў і чорная плоць агіднай жамяры змяшаліся з яго плоццю.
— Каменны калодзеж у сутарэннях. Калі стаць на дне, вады — па грудзі. Вада кепская, застаялая, так што не сцюдзёная...
— Колькі там ужо Бутрым? — перабіў Пранціш, адчуваючы ў горле горкі ком.