А кат... А кат шчыра смяяўся. Мухі кружылі над ягонай лысай галавой, але не наважваліся садзіцца.
...Калісьці ў Ашмянах, на левым беразе ракі Ашмянкі, быў сапраўдны замак, які яшчэ Гэдымін будаваў. Але хто толькі яго не бурыў! Крыжакі, татары, шведы, маскоўцы, свае ж ліцвіны... Цяпер на ягоных руінах стаяў так званы двор старосты. Плот быў высокі, дубовы, жалезам умацаваны. На левым баку двара — «палац», дом на два паверхі. Побач — будынак для судовых паседжанняў, з драўлянымі калонамі на ганку. З другога боку — месца для соймікаў, падобнае да тэатральнай залы пад навесам: лавы ў тры шэрагі, даўжэзны стол... Цэлы горад. Флігелі, адрына, піўніца, бровар, валоўня, саладоўня, пякарня, паграбы... І турма. Каменная. Унізе выпіналіся цёмныя валуны забудовы часоў Гэдыміна.
Расейцы з’ехалі, звезлі малога заручонага Штакеля. Таму тыя, што праглі высакароднай рыцарскай забавы, чапляліся адно да аднаго. Але пакуль што Святы Юры асцярог ад крывавай сечы. Дый варты, што адразу кідалася да разгарачаных гасцей, было поўна. Вырвіч ніжэй апусціў капюшон сукмана — вядома, да гіцаля, пагарджанага катава памочніка, з прапановай шляхецкага двубою ніхто не прычэпіцца, але могуць штурхануць, абразіць. Як тады сцярпець? Малодшы Лёднік вунь як сцяўся, унурыўся, старанна абыходзячы высакародных паноў: яму перапала похвамі шаблі паміж лапатак.
Кляты Ігнарус, які нацягнуў на галаву лямцавы каўпак, сярдзіта прыкрыкнуў на венгерцаў, што ахоўвалі цяжкія дубовыя дзверы, і тыя выпрасталіся, насцярожыліся...
Вязняў было не так шмат, як у сутарэннях Слуцкага замка пры Гераніме Радзівіле, аркестр з іх выцця, што той акрутны князь любіў, не складзеш... Але за кратамі на саломе варушылася некалькі постацяў. Кабета з распушчанымі сівымі валасамі захіналася рукой ад святла і разявала бязгучна чорны прагал роту... Зарослы валасамі мужык у цёмнай кашулі, падобна, цыган, глядзеў, праз краты, як чорным агнём паліў... Маўчанне. Не прасіліся, не стагналі, не клялі... Ад гэтага гасцям яшчэ больш не па сабе. Адзін толькі раз пачуўся працяглы стогн, чалавек быццам захлынаўся...
— Сціхнуць, лайдак! Ведаеш, што будзе!
Ігнарус выскаліўся ў бок нябачнага ў цемры вязня. Стогн абарваўся.
А вось і студня... Круглы каменны круг, як жорны волата Мянеска, ды яшчэ накрыты плітой... У накрыўцы — невялікая адтуліна, куды запаўзала вяроўка.
— Стаяць... — злосна прасіпеў кат спадарожнікам, якія ірвануліся да калодзежа. — Усё будзе, як я скажу. Вось праз гэтую дзірку перамовіцеся, і досыць.
Ціха, як жа злавесна ціха... Алесь, здаецца, так і загарлаў бы: «Тата!»
Ігнарус няспешна падышоў да каменнага кола, узяўся за вяроўку... Але адразу адскочыў: па калідоры нехта шыбаваў. Цені ў жаху ляцелі перад ліхтаром.
Двое прыхадняў у зялёна-сініх мундзірах і трохкутовых капелюшах маглі падацца калі не нашчадкамі дзівачнага млынара Мянеска, які малоў камяні, дык спажыўцамі хлеба, выпечанага з тае мукі. Грубыя твары са слядамі пацалункаў ляза, шырокія плечы пад плашчамі з дыхтоўнага сукна, а з-пад плашчоў выпіраюць шабелькі... Не шляхта, але й не прыслуга. Асабістая гвардыя князя. Той, што ніжэй, загаварыў хрыпла і ўладна, хаця з прымешкам насцярогі, як да прыкормленага, але ж драпежніка:
— Вітаю, Ігнарус! Як той Лёднік, жывы яшчэ?
Ашмянскі кат у паклоне не схіліўся, хаця адказаў пачціва:
— Раніцай дакладна быў жывы, пан дзясяцкі. Маліўся ды маліўся... А зараз ціха нешта.
Гвардзеец расчаравана крэкнуў.
— Вось недарэчнасць будзе... Давайце, даставайце яго, можа, яшчэ дыхае.
— А што здарылася, шаноўны Самуль? Загадана дапытаць?
Пан Ігнарус няспешна абышоў студню, выцягваючы з адтуліны ў накрыўцы вяроўку, на канцы якой аказаўся невялікі, якраз па памеры адтуліны, драцяны кошык з размоклым хлебам.
— Тут такая справа... — дзясяцкі панізіў голас, нібыта ў ашмянскім пекле было каму падслухаць. — Панну, што ў лядоўні, трэба да пахавання рыхтаваць. Заўтра ў кляштар марыянак павязуць, адпяюць ды пахаваюць. Лекар ягамосці Алёйза не пры памяці... Нажлукціўся. А тут толькі давераная персона патрэбная.
Спадарожнік дзясяцкага, ад якога распаўсюджваўся рэзкі пах часнака ў спалучэнні з перагарам, насмешна хмыкнуў:
— Та-ак, да цела панны абы-каго не дапусціш... Пабачаць, чаго не трэба. А ягамосць князь Міхал жадае, каб дачка ягоная ў труне прыгожанькая ляжала, цнатлівая... Худзенькая. Каб мнішкі плакалі ад замілавання, ды плёткі спыніліся. А паколькі гэты ж доктар і зрабіў ёй бруха...
Пранціш заўважыў, як Алеся скаланула.