Пан Міхал Брастоўскі вырашыў проста: да лесуна любоў, слухаюцца тых, каго баяцца. Яснавяльможны, захутаўшыся ў аксамітны плашч з тонкай срэбнай вышыўкай, змрочна сядзеў у куце і пазіраў на падабенства накрытага радном ложа пасярод пакоя.
Пад радном угадваліся нерухомыя абрысы цела.
— Давай, мярзотнік, пачынай!
Да накрытага цела двое ахоўнікаў падштурхнулі высокую худую постаць.
Чалавек у простым чорным камзоле нервова адкінуў рукой цёмныя пасмы — здавалася, што ён не вельмі ўпэўнена трымаецца на нагах.
— Відовішча будзе не вельмі... эстэтычнае, ваша княская мосць. Можа, вам лепей не прысутнічаць?
Глыбокі нізкі голас гучаў цвёрда, але хрыплавата.
— Пра мае пачуцці заперажываў, гнюс? — князь цадзіў словы скрозь зубы, прыгожы нервовы твар крывіўся ад нянавісці. — Я не такія маніпуляцыі і з мёртвымі, і з жывымі бачыў, а часам і сам учыняў. Калі цябе, доктар, будуць на кавалачкі рэзаць, ні імгнення не прапушчу.
Чалавек у чорным не праявіў боязі:
— І зноў паўтару, вашамосць: я не забіваў вашу дачку... І не падзяляў з ёй ложа! Дзецьмі сваймі клянуся!
У цьмяным святле свечак рысы таго, каго абвінавачвалі ў забойстве, здаваліся злавеснымі — худое аблічча, драпежны нос, ганарыстыя тонкія вусны...
— А гэта што?
У рукі доктара паляцела нешта маленькае — пярсцёнак, танны, срэбны...
— Пазнаеш? На ім надпіс: «Ад Лёдніка — mea pulchra domina». «Маёй прыўкраснай даме». У Праксэды з пальца знялі. Золата давялося адсыпаць, каб на судзе не паказвалі.
— Вашамосць, гэта падробка. Пярсцёнак памятаю, з лета мая асістэнтка яго насіла. Але я ёй яго не дарыў, надпісу такога не замаўляў. Я не.
— Заторкніся і рабі, што трэба, лайно! Мне дастаткова, што ты трымаў яе ў сваім доме, з-за цябе ганьбы не выхлебтаць, важныя гешэфты зрываюцца...
Панскі крык суправаджаўся кухталямі драбанта, шырокага, як рыдван. Пярсцёнак вярнуўся князю, той грэбліва схаваў яго глыбей у кішэнь. Чалавек з лысай галавой, на якую ўспаўзаў агідны лішай, адным рухам сцягнуў тканіну з цела. Хударлявы юнак у вопратцы гіцаля паспешліва адвярнуўся.
Доктар схіліўся над целам, ад якога сыходзіў амаль невыносны салодкагнілы пах.
— Паднясіце ліхтар бліжэй!
Гіцаль паслухмяна наблізіўся з ліхтаром, у якім нібыта ў нервовым прыпадку біўся, выгінаўся агеньчык. Здавалася, нават стыхійны дух не мог вытрымаць відовішча — у нябожчыцы, апранутай у сціплую брунатную сукенку, замест аблічча цямнеў кавалак мяса. Цела разам з адзежай вымачанае ў ліпкай субстанцыі, якая агідна паблісквала.
Алесь перарывіста ўздыхнуў: ён выдатна памятаў гэтую сукенку... Праўда, цяпер яна была цеснаватай, шчыльна абцягваючы пакруглелы жывот мярцвячкі.
Чорны Доктар скінуў камзол і акуратна закасаў рукавы кашулі. Дзякуй богу, хоць яго рукі больш не дрыжаць... Ашмянскі кат пан Ігнарус сапраўды быў выдатным знаўцам магчымасцяў чалавечага цела. Ягоныя метады лячэння нават у прыдзірлівага Лёдніка, калі ачуняў і змог гаварыць, не выклікалі асаблівых заўваг... Затое тое-сёе прафесійна зацікавіла. З катам гарачы кансіліум учынілі на фоне дыбы і ланцугоў, той аж запаважаў вязня. Нат на парозе пекла Чорны Доктар чапляўся за новыя веды. Вось і цяпер — адсунуў на край свядомасці думкі пра тое, каму належыць цела, дзе ўсё адбываецца, чым яму пагражае. Працуе, як старанны рамеснік. Мацае, паварочвае... Алесь стаяў, адвярнуўшыся, толькі намагаўся, каб ліхтар трымаць роўна. Хоць у анатамічны тэатр Ліёнскай медычнай школы, дзе выкладаў бацька, упершыню патрапіў год у дзесяць — сам прабраўся. Дый у лабараторыі бацькавай часцяком назіраў за патрашэннем трупаў дзеля навуковых даследаванняў... Дрыжаць руку, што трымала ліхтар, змушаў не страх, а туга.
Князь, падобна, не ілгаў, калі казаў, што вывернутымі вантробамі яго не збянтэжыш. А гэта ж ягоная дачка зараз апынецца пад скальпелем, між іншым... Брастоўскі гора не выяўляў, наадварот: углядаўся ў твар Лёдніка так зласліва, што можна было зразумець — гэта вытанчанае пакаранне. Здзек з забойцы, ад якога была цяжарнай нябожчыца, і якому належала дастаць сваё ж ненароджанае дзіця...
Раптам Лёднік рэзка выпрастаўся, так і не ўзяўшыся за скальпель.
— Гэта не панна Праксэда!
— Што ты вярзеш?
Падскарбій ірвануўся да трупа.
— Глядзіце, вашамосць!
Лёднік узяў ліхтар у фальшывага гіцаля.
— Вы не верыце мне, калі я клянуся, што панна Праксэда не была... actu praegnane (у стане цяжарнасці). Але вось іншыя прыкметы. Форма пальцаў сведчыць, што гэтая жанчына шмат прала ўсё жыццё. Вось глыбокія сляды ад ніткі... Гэтая жанчына старэйшая за Праксэду. Ёсць мноства дробных адрозненняў, магу пасля пералічыць... А галоўнае... Пан Брастоўскі памятае, якога росту была ягоная дачка?