Падскарбій нахмурыўся.
— Адметнага. Не ніжэй за мяне.
Лёднік упэўнена асвятліў ступакі трупа.
— Звярніце ўвагу, што сукенка гэтай жанчыне задоўгая. Вопратка і праўда належала панне Праксэдзе... Але тут падол зямлю падмятаў бы. А паспрабуйце хто-небудзь зняць з нябожчыцы чаравікі...
Ігнарус па кіўку Брастоўскага ўзяўся за чаравік, просты, на нізкім абцасе... Ледзь нагу не адарваў — бо чаравік калісьці з вялізнымі намаганнямі ўсцягнулі на занадта вялікі ступак.
Алесь ледзь утрымаўся на нагах ад узрушэння... Не яна! Далібог, не яна! Як ён сам адразу не пазнаў?
Брастоўскі раптам схіліўся над трупам, рэзка рассунуў тое, што засталося ад вуснаў нябожчыцы, зірнуў на аголеныя зубы, і, відаць, атрымаў пацверджанне сваім здагадкам. Ну так, у Праксэды, у рэдкія імгненні, калі яна ўсміхалася, можна было заўважыць мілую няроўнасць верхніх зубак...
Пан Міхал разлютавана сцягнуў і кінуў пад ногі запэцканую пальчатку.
— Сучыя дзеці! Падабралі ж, каб валасы падобныя, аблічча спецыяльна знявечылі... Медальён падкінулі... Ну, даведаюся, хто за гэтым стаіць, размажу, бы камяк гразі.
Падскарбій, грэбліва падціснуўшы вусны, хуткім крокам пакінуў скляпенне, нат не азірнуўся.
— Што ж, доктар, пойдзем у святліцу... Пакуль ягамосць твой лёс не вырашыць, — выскаліўся Ігнарус. І дадаў са злосцю: — І собіла ж мне звязацца з вамі!
Для майстра навук медычных вылучылі адну з пустых камер, дзе пасушэй, павышэй. Мелася нават акно — пад самай столлю, густа закратаванае. Але ўсё-ткі — гэта святло, свежае паветра і смех людзей, якія і не задумваліся, што вось за гэтым мурам хтосьці зараз курчыцца ад болю і безнадзейнасці...
Камера аддзялялася ад калідора тоўстымі кратамі. Лёднік сядзеў па той бок, ссунуўшы шэрую салому ў невялікі стажок. Для надзейнасці пан Ігнарус са здзеклівымі прабачэннямі замкнуў на назе доктара бранзалет доўгага ланцуга, прымацаванага да сцяны. Па другі бок кратаў радком уселіся на пазычаную ў мясцовага Харона лаўку Давыд, Пранціш і Алесь.
Напачатку размова не вельмі клеілася — баяліся, падслухоўваюць. Калі пачалі гадаць, дзе ж панна Праксэда, доктар панурыўся.
— Апошні раз яе бачыў не ў вельмі добрых абставінах. Мы... пасварыліся.
Алесь гнеўна зыркнуў на бацьку. Бутрым уздыхнуў.
— Я прапанаваў ён паехаць у Вільню, загадваць у шпіталі новым аддзяленнем для жанчын... Там былі б ёй добрыя грошы — з фундацыі яемосці, яснавяльможнай пані Пузыні. У перспектыве — сувязь з універсітэтам, з медычнай кафедрай... Праксэдзе лепей было з’ехаць... Саламея так лічыла.
У апошніх словах пачуўся водгук недагаворанага.
— А яна ўпёрлася... — Лёднік раздражнёна пакрывіўся. — Як ні ўгаворваў. Пачала некуды знікаць... Казала — наведвае радню. Хоць да гэтага сцвярджала, што не мае да каго ісці... Баюся, я... быў трохі рэзкі з ёй. Калі выправіўся да цябе, Вырвіч, ужо тыдзень як сляды яе выстылі, ніхто не ведаў, дзе падзелася.
Вырвіч хмыкнуў:
— Памятаю, як быў тваім студэнтам, і што значыць «трохі рэзкі» прафесар Лёднік. Накрычаў на дзеўку, і яна ўцякла?
Лёднік прыняў самы фанабэрысты выгляд, значыць, адчуваў сябе вінаватым. От чалавек, вечна ў яго пячонка пячэцца.
Далейшыя разважанні перарваў шум-крык за акном. Адзін сярдзіты голас належаў князю Брастоўскаму. Лёднік прыслухаўся, устаў і раптам учыніў несамавіта для прафесара, доктара і бацькі сямейства: пагрукваючы ланцугом, разбегся, адштурхнуўся нагамі ад сцяны, ухапіўся за краты, падцягнуўся, вызіраючы вонкі. Усё-ткі ні ўзрост, ні занятасць не адвярнулі полацкага Фаўста ад гімнастычных ды фехтавальных практыкаванняў, трохі зайздросліва зазначыў Пранціш, мімаволі пагладжваючы сябе па жываце: ці не пачаў ужо звісаць над пасам, як у цесця?
— Ну, што там?
— Князь Міхал Брастоўскі з братам Адамам лаецца. Быццам сам з сабою. Блізнюкі...
Чорны Доктар вісеў на кратах, як вялізны кажан. У калідор турмы даляталі асобныя фразы на польскай мове:
...Вашамосць учыніў ганебна... Загадайце адвесці войскі... Вашага Цялка ніколі не прызнаюць роўным... Вашамосць заўсёды зайздросціў, што я старэйшы... Вы на паўгадзіны ўсяго старэйшы, васпан. Ваш Пане Каханку — невук і ілгун. Затое я не выхоўваўся ў немцаў, забыўшыся на нашыя звычаі... Панятоўскаму ніколі не здабыць... Самага знаўцу забілі...
Крыкі аддаліліся і змоўклі. Шум засведчыў, што з аршанскага замка выехала карэта.
Лёднік саскочыў на падлогу, але не паспеў распавесці, што ўдалося расчуць — дзверы ў сутарэнні грукнулі так, нібыта іх выбілі таранам. Замест акаванага жалезам бервяна ў калідор заляцеў пан Міхал Брастоўскі. Ігнарус імчаў за ім з перакрыўленай фізіяноміяй.