Выбрать главу

— Дзе той латруга доктар? — гарлаў Брастоўскі, як бараначніца на Слуцкім рынку.

Падскарбій слізнуў вокам па кумпанах Лёдніка, што замёрлі, як саляныя слупы, насупіўся, зачапіўшыся вокам за свайго аптэкара, а пабачыўшы Вырвіча, выскаліўся:

— І пан суддзя тут, як навязаны! Яшчэ лепей! Зараз і зладзім судовае паседжанне, каб вам зямля калом!

Суд, дакладней, таемны сход, зладзілі ў катавальні — пан Міхал звыкла ўсеўся ў выгоднае крэсла з высокай разной спінкай у выглядзе пальмавых галінак (а Вырвіч быў гадаў, чаго гэта ў катавальні такая раскоша?) З крэсла зручны агляд складаных прыстасаванняў, што мусілі спрыяць шчырасці вязня.

Доктар стаяў перад падскарбіем, пачціва нахіліўшы галаву, быццам пакліканы на чарговую кансультацыю. Над яго галавой у чаканні застылі ланцугі, гатовыя схапіць за рукі жалезнымі абдоймамі бранзалетаў. За спінай пачціва чакалі панскага слова Пранціш, Лёднік-малодшы і Давыд Ляйбовіч, пачуваючыся прыблізна як печкуры ў дзіравым вядры, з якога вось-вось выцячэ апошняя магчымасць жыць.

— Хто яшчэ ведае, што нябожчыца — не мая дачка?

Брастоўскі раздражнёна зняў капялюш і паклаў на столік, побач з жалезнымі абцугамі і малітоўнікам. Панскі давераны слуга, падобны да спалоханага белага пацука, схіліўся ў нізкім паклоне.

— Больш ніхто, вашамосць.

— Значыць, так... — Брастоўскі кусаў вусны, раздумваючы. — Пра гэта пакуль больш ніхто не мусіць ведаць! Пахаванне адкладу, маю права. Вунь Марцін Радзівіл свайго бацьку год непахаваным трымаў. Ты, доктар, маеш шанец выратаваць сваё вартае жалю жыццё. Гэта ж цябе мой швагер, цяперашні гетман, пасылаў па нейкую таемную зброю ў Ангельшчыну?

— Гэта не было надта ўдалае падарожжа, ваша княская мосць, — суха зазначыў доктар.

— Значыць, пастарайся, каб наступнае было ўдалым, — парык Брастоўскага здаваўся абсыпаным не пудрай, а атрутай. — Калі справішся — атрымаеш апраўданне і ўзнагароду ад караля. Не — навечна застанешся забойцам, і сям’я твая будзе зганьбаваная, а маёмасць сканфіскаваная. Праксэдаў пярсцёначак з надпісам ад закаханага Лёдніка я табе ўсё адно не забуду, доктар, што б ты ні казаў пра падробку.

Пранціш з непаразуменнем зірнууў на Бутрыма, а Алесь, кусаючы вусны, апусціў гававу.

— Табе спатрэбіцца некалькі чалавек, — пагардліва працягваў ашмянскі ўладар. — Больш не варта, увагу прыцягваць... Каб умелі біцца і мовы ведалі. Ты, суддзя, паедзеш?

Пранціш зрабіў крок наперад і ўрачыста пакланіўся.

— Я таксама паеду, вашамосць! — Алесь намагаўся не зважаць на сярдзіты позірк бацькі. — Я — Аляксандр Лёднік, і бацьку не пакіну.

Брастоўскі перавёў позірк з дзёрзкага аблічча сына на раззлаванае бацькава:

— То ж я гляджу, дзюбы ў вас падобныя.

— Ён яшчэ занадта юны, ваша княская мосць! — полацкі Фаўст намагаўся гаварыць спакойна, але рукі сціснуліся.

— Прапануеш сына не ў саўдзельнікі, а ў закладнікі? Я не супраць.

Сыгнеты на спешчаных пальцах Брастоўскага ззялі, быццам кроплі розна-

каляровай крыві казачных істотаў. Блакітная — адзінарог, жоўтая — іхнеўмон, ружовая — галадрыель... Магнат, ён каго хоча са свету зжыве. Лёднік выціснуў як мага пакорлівей:

— Мне ўсё-ткі зручней, каб сын быў пры мне.

— Калі будзе дазволена на нейкі час пакінуць яснавяльможнае сямейства без маіх лекарскіх паслуг, і я б далучыўся! — белазуба ўсміхнуўся Давыд. Вырвіч даўно ўпэўніўся, што нібыта ціхмяны ды ўнураны ў навуку фармацэўт — вялікі аматар авантур.

— Значыць, так, справа далікатная, — Брастоўскі нервова змінаў бялюткія карункі манжэта. — І без мяне ведаеце, што ў яго каралеўскай мосці шмат ворагаў. Плявузгаюць, быццам яны радавіцей за яго. Асабліва гэтыя, князі Рымскай імперыі, Радзівілы...

Князь Міхал скрывіўся, быццам толькі што выцягнуў замест туза жалудовую шасцёрку.

— Спадзяюся, не трэба вас пераконваць, што Панятоўскія вядуць род ад італьянскіх князёў Тарэлі, уладароў Ферары.

Падскабій пільна ўглядаўся ў абліччы мізэрных істотаў, што стаялі перад ім. Прысутныя разумна прамаўчалі. Паходжанне Цялка было сумніўным, як манеты барацінкі, наштампаваныя ўвішным фінансістам Бараціні, каб кароль расплаціўся за вайну.

— Яго каралеўская мосць мае вялікую патрэбу пераканаўча пацвердзіць сваё высокае паходжанне. Каб ніводзін Радзівіл ці Чартарыйскі не брахаў, што вышэй. Знайшоўся след адпаведнай рэліквіі. Вось вы яе і прывезяце. З Італіі.