Пранціш перазірнуўся з Лёднікам. Хіба ў караля няма іншых магчымасцяў, як задзейнічаць ледзь не пакаранага злачынцу і выпадковых наймітаў?
— Пан Антоні Тызенгаўз ужо са згоды яго каралеўскай вялікасці паслаў людзей па той прадмет, — неахвотна ўдакладніў Брастоўскі. — Каб не гісторыя з забойствам — і цябе б, доктар, далучылі. Але мне трэба адправіць сваю каманду.
Ясна, пан хоча сам здабыць каралю кляйнод. Тады дакладна з усімі даўгамі расплаціцца — Панятоўскі на ўзнагароды шчодры.
Пацук-канфідэнт па знаку князя не паленаваўся да дзвярэй збегаць — ці не падслухае хто шчырасці гаспадара.
— Дык вось, рымскі папа Іяан Дзевятнаццаты менавіта продку яго каралеўскае мосці, пустэльніку Тарэла, адпісаў адметную рэліквію.
— Вы кажаце пра папу Іяана па мянушцы Педра Іспанец? — зацікаўлена ўскінуўся Лёднік. — Пра якога Дантэ ў «Боскай камедыі» пісаў, што яго мудрасць праменіцца скрозь дванаццаць кніг?
Брастоўскі хмыкнуў:
— Пра Дантэ твайго мудронага ведаю, але не чытаў. Але чуеш сваю пароду... Ну так, твой калега Педра Жуліян, лекар ды алхімік, ён жа Іяан.
А Брастоўскі не быў невукам.
— Педра ляснуўся разам са сваёй вядзьмарскай лабараторыяй. Кажуць, яе дах абрушыўся, бо папа вывучаў дзеянне магутнай святой рэчы, прывезенай крыжаносцамі. Занадта цікаўны быў. Вось Гасподзь яго і пакараў, — у голасе падскарбія багавейлівасці было не больш, чым у посных галёпах тлушчу. — Караль Радзівіл зараз ашываецца ў Італіі, інтрыгуе ды вычэквае. А ў ягонай свіце блытаецца адзін увішны вучоны жмудзін. Ён і натрапіў на трактат вучня Педра Іспанца, дзе згадваецца, што калі папу-алхіміка дасталі з-пад руінаў, той паспеў загадаць давераным людзям адвезці згубную рэліквію пустэльніку Тарэла. Каб збярог для вялікага вайскаводцы, якому наканавана выратаваць свой народ ад варожай навалы.
— Ваша княская мосць, пяцьсот гадоў прамінула! — не вытрымаў Лёднік. — Калі за гэты час ніхто рэліквію не знайшоў...
— А яе ніхто і не шукаў! — пачаў злавацца Брастоўскі. — Усе дасюль упэўненыя — загінула штуковіна падчас выбуху ў лабараторыі. Калі трактат быў напісаны, папа Іяан праменіў сваю мудрасць праз дванаццаць кніг за райскай брамай, а на суседняй аблачынцы гэтак жа праменіўся святы Тарэла. Аўтар, жамяра кніжная, нікому не быў цікавы. Рукапіс пыліўся ў бібліятэчных сховішчах. Ды каб пра датычнасць Тарэла да рэліквіі ведалі — яго пячору па каменьчыках бы разабралі. Хто б адмовіўся аднойчы абрынуць сцены на ворагаў?
— Абрынуць сцены? — зачапіўся за словы князя дзёрзкі Лёднік. — Маем справу з пракаветнай зброяй, якая можа абрыньваць сцены? Зруйнаваць лабараторыю? Прывезеная з Палясціны... Няўжо...
Князь пакрывіў ганарысты рот.
— Я, здаецца, не памыліўся, захаваўшы табе жыццё. Кемны.
— Няўжо шафар? Трубы Іерыхонскія... — уражана выдыхнуў і Давыд Ляйбовіч. — Не можа быць!
— А чаму не? — хмыкнуў Лёднік. — Чаго толькі не прыпёрлі тыя тампліеры з краёў пустэльных. Каб маглі, неба палясцінскае на дзіды б навязалі ды ў Еўропу прыцягнулі. Шафар — звычайны прадмет культа ў габрэяў. Ну, знайшоў нейкі рыцар старую трубу з рога, яму сказалі, менавіта тая, ад якой разваліліся сцены Іерыхона.
Князю Міхалу быў абыякавы скепсіс доктара.
— Тая, не тая. Мае вучоныя за мантыі адзін аднаго цягалі, высвятляючы. Што яны там кажуць, пан Машанскі?
Канфідэнт прыгладзіў рэдкія светлыя вусы.
— Пан Даміян Гужэлка лічыць, што гэта рог Ісуса Навіна, брат Вацлаў — баявы рог святога Георгія, які камандаваў целаахоўнікамі імператара Дыяклеціяна. А айцец Петрас — што гэта быў адзін і той жа прадмет, бо засведчана, што Святы Георгій зруйнаваў у імгненне ўсе стоды ў паганскім храме Апалона, як Ісус Навін — сцены Іерыхона.
— Надта розныя версіі, вашамосць, — прамовіў Лёднік, ажывіўшыся ад «навуковага прэцэдэнту». — Габрэйскі шафар і баявая труба рымскага воіна. Яны ж з розных матэрыялаў, інакшага выгляду!
Брастоўскі нецярпліва тузануў плячом.
— Галоўнае, каб спадчына святога Тарэла апынулася ў руках караля, як пацверджанне, што наш уладар — роду самага старажытнага, і абраны Госпадам быць выратаваўцам свайго народа.
Пранціш хмыкнуў сам сабе, уявіўшы спешчаную гладкую фізіяномію Цялка ў ролі біблейскага вайскаводцы. Але і Пане Каханку з амбіцыямі праблем не мае.
— Радзівіл, як яму даклалі пра знаходку, адразу ж узбурыўся ды паслаў людзей на пошукі, — пацвердзіў высновы Пранціша Брастоўскі. — Не ведаю, як яны з вернікамі дамовяцца, але пячору святога ды ягоную ўсыпальніцу, мусіць, як жвір, прасейваюць зараз. А ў свіце князя ў нас свае людзі. Зрэшты, гэта сімвалічна: на гербе Панятоўскіх — рагатая істота, і тут — рог.