Выбрать главу

Дарэмна пан Баўтрамей Лёднік вучыў сына не ўлазіць у гульню «хто радавіцей», не саромецца дзеда — полацкага гарбара...

І вось застыў слупам пасярод універсітэцкай галерэі студыёзус. Хоць ясна, толку ад гэтага стаяння не болей, чым ад прывіднага зайца на месяцы альбо клізмы з табачнага дыму, якой у Еўропе ўзяліся лячыць усё, ад істэрыі да ганарэі. Сысці, слова парушыць — ганебна, трываць — балаган бясплатны.

Начальства ўніверсітэцкае, аднак, балаган той доўжыць не збіралася. Да рыцара-стоўпніка наблізіўся невялічкі атрад... За рукі, за ногі, за каршэнь Ланцэлота — і ў карцар.

Па вільготнай каменнай падлозе карцара паўзла рудая мурашка, худая і драбнюткая. Можа, асуджаная на баніцыю з роднага мурашніка?

У Акадэміі юны Лёднік часам і сам адчуваў сябе казюркай, заціснутай дзеля доследу між шкельцаў. Тыя, хто памятаў прафесара Лёдніка, параўноўвалі з ім сына. А Чорны Доктар персонай быў цяпер не самай папулярнай. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Панятоўскага, які на крэс дзяржавы маладушна пагадзіўся, лічылі здраднікам, ягонага паплечніка Антонія Тызенгаўза ненавідзелі яшчэ больш. А пан Баўтрамей Лёднік па загадзе Тызенгаўза разам з жабаедам-рэспубліканцам Жыліберам ствараў медычную школу ў Гародні і ўваходзіў у Адукацыйную камісію, якая адбірала калегіюмы ў манаскіх ордэнаў. Ды яшчэ гэтыя чуткі пра асаблівую міласць да Чорнага Доктара расейскай імператрыцы Кацярыны...

Алесь з уздыхам дастаў з валасоў пажаваны папяровы шарык, апошнюю зямную рэінкарнацыю нечага трактата. Sic transit gloria mundi... Вада ў жвір, пацалунак на вецер... Пра Лёднікавы подзвігі — а ён выратаваў на полі бойкі вялікага гетмана Радзівіла, чым здабыў шляхецтва, абараніў ад арышту студыёзусаў Віленскай акадэміі, вытрываўшы катаванні — забыліся. Даводзілі ўласны патрыятызм, ганьбячы здраднікаў. А зусім нядаўна, на Варшаўскім сойме, дзе дэпутатаў было, як маку ў велікоднай булцы, адзін Тадэвуш Рэйтан запярэчыў супраць падзелу дзяржавы ды лёг у дзвярах крыжам... І нічога. Панове дэпутаты праз пана Тадэвуша спакойненька пераступілі і папраставалі палітычнымі гасцінцамі.

Алесь і захапляўся бацькам, і злаваўся на яго: шляхту высмейвае, ад ганаровых пасадаў адмаўляецца... На апошніх вакацыях проста карцела яму пярэчыць, бачыць разгубленасць у цёмных вачах. Малодшы Лёднік і не супраць вучыцца спадчыннаму рамяству... Але ж вайсковыя подзвігі вабяць! Бо ўсё жыццё чуць у свой бок «клісцірнік»...

Пан Пранціш Вырвіч Алесевы перайманні разумеў куды лепей. Яму, шарачковаму шляхцюку, таксама даводзілася кулакамі і зброяй гонар абараняць. Пранціш неяк і намякнуў Алесю, каб заахвоціць да рыцарскіх цнотаў, пра высокае паходжанне. Пані Саламея Лёднік, як бы Алеся ні любіла, якой гожай ды разумнай ні была, насамрэч — маці прыёмная. Хто ж сапраўдная ягоная маці, юнак не ведаў. Натуральна, часам у рамантычных мроях уяўляў сябе згубленым прынцам.

Гэтак жа, як панну Праксэду — згубленай прынцэсай.

Таямнічая і недасяжная. Хаця падумаеш — старэйшая ўсяго гады на чатыры. І яшчэ трэба прызнацца: высакаватая, як для дзеўкі. За Чорнага Доктара, можа, на пару вяршкоў усяго ніжэй, а Алесь знізу ўверх глядзіць на сваю Прыўкрасную Даму.

Ну і што? Па ўсім відаць — шляхцянка. На тонкіх пальчыках сыгнеты мусілі ззяць, русявыя валасы — пышным напудраным воблакам уздымацца. А пайшла ў павітухі, нізкае рамяство, засвойваць якое ёй дапамагалі Алесевы бацькі. Дзяўчына аднойчы трапіла ў іхні шпіталь проста з вуліцы непрытомнай, з запаленнем лёгкіх і выснажэннем. Потым высветлілася, што паненцы няма куды пайсці, а веды ў навуцы медычнай у яе адкульсьці меліся.

Вось каб хоць адзін разочак зірнула на гаспадарскага сына, не як на хлапчыску, хоць і разумненькага... А то яна з ім, як з ягонай малодшай сястрычкай Сафійкай.

А як паказацца строгай панне Праксэдзе, аматарцы навук, на вочы, калі з Акадэміі з ганьбай вытураць? Для яе тут быць — мара недасяжная, а Алесь сам усё прамантачыў.

Была яшчэ адна падстава разладу з бацькам. Успамін, як агідны слімак у самай глыбокай трэшчыне валуна. Выпадкова падгледзеная скрозь прыадчыненыя дзверы бацькавай лабараторыі сцэна... Алесь краўся на дыбачках па цёмным калідоры іхняга гарадзенскага дома, куды пераехалі з Полацка дзеля медычнага інстытута (у слоіку, прыхаваным у сенцах, якраз мусіла ачуняць яшчэ адно гідкае стварэнне). З лабараторыі даносіўся часты металічны стукат — штосьці драбнілася ў ступцы. Дрыготкае святло свечак рабіла бацькаў твар, схілены над сталом з рэактывамі, яшчэ больш суворым, нос яшчэ больш драпежным, чорна-сівыя пасмы звесіліся... Згадвалася старая бацькава мянушка «Фаўст», якую ўспамінала пані Саламея, калі гневалася на мужа. Доктар засяроджана вывучаў аркуш з формуламі... І не зварухнуўся, калі стукат у куце лабараторыі сціх, і да ягонай шчакі, пазначанай глыбокім ценем, нясмела, як да агню, пацягнулася тонкая дзявочая рука. Пакутліва марудна, нібыта праз страшны боль, нібыта нейкая неадольная сіла змушала... Асцярожна, ледзьледзь, дакрануліся дрыготкія пальцы да твару... Баўтрамей, не азіраючыся, цвёрда адвёў чужую даланю ад свайго змрочнага аблічча.