— Вычварылася, — перадражніў Вырвіч, скептычна акінуўшы поглядам худую постаць на лаўцы катава пакоя. Пранціш ніколі не мог зразумець, што прываблівае да дзюбаносага змрочнага сына полацкага гарбара самых прыгожых і разумных жанчын. Калісьці гэта вельмі злавала маладога шляхціца. Цяпер, праз гады, Вырвіч дапускаў, што выпускнік двух універсітэтаў Лёднік мог выклікаць захапленне, калі займаўся справай, у якой яму не было роўных. Напрыклад, фехтаваннем, хімічнымі доследамі, складанымі аперацыямі. У ягоным абліччы тады выяўлялася каралеўская ўладнасць, той унутраны агонь, якому Пранціш таксама зайздросціў. Хоць той агонь часцяком заводзіў Бутрыма далей, чым належала добраму хрысціяніну і пачціваму грамадзяніну.
— Я веру, што ты кахаеш Саламею. Але прызнайся, няўжо столькі часу побач з маладой дзяўчынай, якая да цябе хінецца — і ты зусім абыякавы? Той пярсцёначак, пра які Брастоўскі казаў — дарыў, відаць?
Бутрым пацёр лоб, прыкрашаны шнарам, атрыманым калісьці за тое, што не даў казаць абразлівыя словы пра Саламею.
— Я ўсяго толькі грэшнік, пан Вырвіч. Я не магу прысягнуць, што нават выпадкова не заўважаў прывабнасці сваёй памочніцы. Не захапляўся яе розумам. Што хоць на нейкае імгненне мне не была прыемнай яе прыхільнасць. Алесь мае права мяне дакараць. Я ніколі не пераступіў бы мяжы. Але.
Пранціш цяжка ўздыхнуў.
— Не буду я цябе дакараць. Усе мы. Грэшныя. Вось, дома ў мяне жонка цудоўная, сын малы. А я пабачыў адну дзяўчыначку — і сэрца кроіцца ўспамінам.
І распавёў пра заручыны, маленькую нявесту і яе просьбу.
— Эх, няўчасна гэта. Не зможам мы яшчэ і гэту магнацкую справу на сябе ўзваліць, — стамлёна прызнаў Бутрым. — Распытацца б, дзе зараз пан Гервасій і Паланэя, няўжо без іх згоды дачку прасваталі? Але, пагадзіся, не да паненкі нам. Шлюб гадоў праз дзесяць толькі здзейсняць, калі па Статуце, бо жаніх і нявеста etate minnorenuitale (у стане непаўналецця). А да гэтага паненку будуць берагчы. Гусей пасвіць не пагоняць. Вернемся жывымі — тады.
І Вырвіч ведаў, што гэта слушна, але ніяк не мог забыцца на блакітныя вочы, што глядзелі на яго калісьці то з фанабэрыяй, то з какецтвам. Не, не яму дакараць Лёдніка.
...Ой, Божа ж ты, мой Божа, дзеўчыну люблю.
Сам я добра знаю: яе не вазьму.
Дай ты жа мне, Божа, вечара даждаць,
Пайду да дзяўчыны я ў апошні раз.
За акном надрываўся тонкі голас спевака і плакала скрыпка. І каціліся па чорнай шчацэ неба буйныя восеньскія зоры. І хтосьці радаваўся, пабачыўшы такую вогненную слязу, і думаў, што яму ж гэта — на ўдачу.
Кожная чужая сляза — камусьці на ўдачу, так ужо створаны свет.
А потым жанчына з прыўкрасным, змучаным ад гора і доўгай дарогі тварам, стаяла пасярод пакоя, калісьці адведзенага для катаў, а зараз — для ахвяраў. І вучоны доктар абдымаў яе калені. А маленькая дзяўчынка з цёмнымі і бліскучымі, як вішанькі, вачанятамі на мілым тварыку гладзіла яго па галаве і казала:
— Тата, ну не трэба плакаць. Ты ж вялікі.
І на гэта ўсё глядзеў з кута пакоя чалавек са звыродлівым лішаём на твары, глядзеў з прыхаванай, пякучай зайздрасцю, і ціха прамаўляў:
— Гаўдэамус. Гаўдэамус, казюркі. Памятай, доктар, ты памечаны мной. Падранак катавальні ты ёсцека. Такія, як ты, заўсёды вяртаюцца на крукі свае і ланцугі свае ў сутарэнні і студні. Мы дачакаемся цябе, доктар, з царствам маім.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Як Пранціш мудрасці біблейскай сербануў
Кажуць, калі герцаг Курляндскі мусіў сустрэцца ў Вільні з каралём Уладзіславам Вазам, каб улагодзіць сюзерэна, запрасіў нямецкіх артыстаў разыграць на пляцы Шэкспіра. Але кароль прыехаў такі злосны, што загадаў узведзеную сцэну парушыць на трэсачкі, а Гамлетаў ды Афелій гнаць, як мышэй.
Пры ўсіх уладарах глумцы, блазны, паэты, музыкі — рэдкія стравы да стала. Іх можна з’есці, можна выплюнуць, можна разам з талеркай запусціць у твар кухару.
Затое небяспекі ў іх бачаць не болей, чым у клёцках ці пірожным.
Баўтрамей Лёднік, вучоны доктар і трошкі маг, аніяк не быў падобны да пірожнага. Хіба да пярцовай настойкі на добрым спірытусе. Вырвіч ледзь стрымаў усмешку, каб яшчэ больш не злаваць былога настаўніка, якому, трэба прызнацца, вельмі пасаваў турбан з залацістай кітайкі велічынёй з добрую балею і стракаты атласны халат у жоўта-чырвона-юлёвыя палосы. Худая фізіяномія Лёдніка была шчодра вымазаная брунатнай фарбай, пад носам абвіслі вусы з чорнага шаўковага шнура. Вось цесць Пранціша, пан Гараўскі, вялікі аматар таямнічага Ўсходу, ацаніў бы.