Але вылузвацца з блазенскай абалонкі пакуль аніяк нельга было. Некалькі разоў натрапілі на раз’езды. Праўда, калі жаўнеры зазіралі ў экіпаж, толькі пачырванелыя ад гарэліцы насы пагардліва крывілі на блазнаў. Вялізная павозка, чыя драўляная сцяна магла ператварацца ў заднік сцэны, гайдала ў сабе не менш дзіўныя істоты і рэчы, чым алхімік у турбане з падробным дыяментам з кулак велічынёй. Запыленыя анёльскія крылы суседнічалі па кутах з драўлянымі мячамі. Намаляваны на фанеры ружовы куст — з кардонным цмокам. Пыса цмока крывілася, нібы ў агоніі, і была ўся ў дзірках ад дзіды якога-небудзь Святога Юрыя альбо паганскага Персея. Найболей жа пасажырам замінаў парык, ушчымлены паміж лаўкамі. Драцяная канструкцыя ў тры локці, абматаная шорсткімі валасамі і выцвілымі стужкамі, усаджаная пыльнымі папяровымі ружамі, нагадвала гняздо вялізнага павука, і страшна было ўявіць, як гэта можна ўзбурыць на галаву. Для такіх парыкоў куафёры спецыяльныя мапы складалі.
Так што Аляксандру Лёдніку пашанцавала. Парык на ягонай галаве быў у дзесяць разоў меншы і навейшы. Праўда, усё-ткі дамскі. Бо да абурэння нядаўняга студыёзуса, яго змусілі прыняць аблічча куртуазнай пастушкі Галатэі. У вандроўным тэатры мужчыны звыклі да жаночых роляў. А банда Чорнага Доктара якраз і выехала з Ашмянаў у вазку вандроўнага тэатрыка, які вяртаўся ў Варшаву. Сапраўдныя лёкаі і пакаёўкі Мельпамены ехалі наперадзе, у асобнай павозцы, а гэтую вылучылі падстаўным.
Абражаны Алесь, зацягнуты ў белую сукенку ў ружовыя кветачкі, час ад часу раздражнёна дзьмуў на завітую пасму рудога парыка, што лезла да вуснаў, і хутаўся ў сіні плашч, які быў бы зусім прыстойны, каб не нашытыя залацістыя буйныя зоры. А насупраць аптэкар-парфумер Давыд усміхаўся, нібы ўсё жыццё марыў красавацца ў зялёным балахоне са штучнымі галінкамі ды лістотай. Здаецца, малады Ляйбовіч мусіў увасабляць антычнага бога Вяртумна, які адказваў за змены пораў года.
Вось Пранцішу пашанцавала. Нават здзеклівыя падлючыя блазны з кракаўскай трупы, што падбіралі апранахі нечаканым спадарожнікам, разгледзелі ў ім сапраўднага воя. Так што Вырвіч самазадаволена аглядаў свае рыцарскія латы, зробленыя, праўда, не з металу, а з кардону.
— І якую ж п’есу мы маглі б цяпер разыграць, панове? — агучыў думку Вырвіч — усё-ткі ён быў недавершаны паэт, недапечаны драматург, і дзесьці беларускі Плутарх.
— «Шмат шуму з нічога» і тое не выйдзе, — прабуркатаў раздражнёна султан. — Вылучылі для нас касцюмы падзіўней з розных пастановак, каб шпегаў з тропу збіць, дый усё.
— Фантазіі табе не хапае, Бутрым, — весяліўся Вырвіч. — Усю ў студні вымыла.
Алесь няўхвальна скасавурыўся — ён ніяк не мог звыкнуць, калі дзядзька Пранціш ды пан-бацька змрочна жартавалі над рэчамі зусім нясмешнымі. Вось жа — панна Праксэда знікла, пані-маці ў слязах адправілася з сястрычкай дадому, а тут жарцікі.
— Не пакутуй, Ланцэлот, адшукаем тваю вучоную панну. Мы паннаў і з замкавай вежы, і з-за муроў кляштара, і з-пад варты цэлага палка даставалі! — Пранціш правільна адгадаў перайманні «Галатэі». Лёднік з няёмкасцю перхануў і прамовіў, не гледзячы на надзьмутага сына:
— Саламея абяцала разведаць, з кім Праксэда сустракалася, можа, хто што чуў.
І ледзь стрымаў цяжкі ўздых. Размова з жонкай атрымалася нялёгкай. Пранціш, мусіць, упершыню бачыў, што дачка полацкага кнігара не ўсміхаецца радасна пры сустрэчы з каханым мужам. «Я занадта стамілася, Бутрым».
І Пранціш пачынаў патроху ненавідзець зніклую Праксэду — гэта ж трэба было прымудрыцца перасварыць дружнае сямейства Лёднікаў! Таму што Алесь адмоўчваўся і адварочваўся ад бацькі. А Саламея, калі апынуліся з Пранцішам сам-насам ля ашмянскага палаца, пад вечаровым беларускім небам, і горка пах палын, і лісты не хацелі паміраць і злятаць, выдыхнула:
— Ну вось скажы, пан Вырвіч, калі ніхто не вінаваты, чаму ўсім нам так кепска?
І махнула тонкай рукой, не патрабуючы адказу.
— Ты ведаеш, што Бутрым вадзіў яе на лекцыі? І ў калегіюм у Гародні. І з сабой браў у Віленскую акадэмію і ў Кракаўскі ўніверсітэт. У мужчынскім адзенні. Тое, што ніколі не дазваляў мне. Хоць у юнацтве я сама пару разоў на падобнае ў Полацку наважылася, так ведаў хацелася. І сам жа Бутрым паўтарае — Гасподзь дае мазгі не па спадніцах ці нагавіцах, не па кармазіну ці радну, а па чалавеку. А за мяне ён, бачыш, баіцца. Абараняе.