— Што ж, у яго ёсць прычыны, — мякка прагаварыў Вырвіч, са скрухай заўважаючы ля гожых сініх вачэй колішняй Сільфіды дробныя зморшчынкі і застарэлы цень. — Апошні раз, калі цябе абвінавацілі ў вядзьмарстве, Бутрыму ледзь удалося выратаваць. І свае адкрыцці пра шлем Альбукасіса тады аддаў за сведчанне прадажнага калегі, і з пудовым мячом, які ледзь падымаў, супраць волата Ватмана выйшаў.
Саламея правяла рукой па абліччы, усё яшчэ гожым, велічным, удыхнула водар восеньскага палыну:
— Я ведаю, што ён і цяпер за мяне гатовы на ўсё. Абараняе. Так. А вось асістэнтку сваю не бярог. Разам такія эксперыменты ўчынялі, да якіх мяне і блізка не дапушчаў. Два разы даводзілася абаіх з лабараторыі выцягваць пасля выбухаў, калі ад дыму смярдзючага ледзь не патруціліся. Абое толькі смяяліся.
Голас палачанкі дрыжэў.
— Яна ж настолькі маладзей за мяне, Пранціш. І высакародная кроў. Гэта не выдумкі — гэта выхаванне з пялюшак. Пастава, манера кланяцца, ды нават брацца за кубак. То пазірае вінавата, а часам як блісне вачыма. Цішэй, не перабівай, гэта я ад крыўды ды зайздрасці. І яшчэ.
Саламея прыкусіла вусны з дасканалым абрысам — колькі мужчын калісьці гатовыя былі біцца хоць бы і з цмокам, каб не крывіліся горка гэтыя вусны!
— Яны вельмі падобныя.— голас гучаў глуха. — Бутрым з Праксэдай. Не, не знешне. Але каб Лёднік нарадзіўся жанчынай — якраз такой. Ганарыстыя, зацятыя, апантаныя... Толькі яна больш стрыманая. Бутрым, калі да жывога дастала, выбухае, як салетра пры перагрэве. А Праксэда толькі маўчыць ды пагарджае. Думаю, ёй давялося шмат цярпець у жыцці. І. так, мне яе шкада. Але як жа мне часам хацелася, каб яна. знікла. Асабліва калі на яе пальцы ўлетку з’явіўся срэбны пярсцёнак. Як ніхто не бачыць, яна да яго вуснамі дакранаецца, і на Бутрыма паглядае. Відаць, падарунак. Як я яе ў тыя моманты ненавідзела. І вось. збылося. Праўду кажуць — нядобрыя думкі, як забытая дома свечка. Вярнуўся — адны вугалі.
Пранціш адмахнуўся ад камара, худога і нахабнага, як мытар:
— Ты ж яе з дому ў каршэнь не гнала.
— Але менавіта я намовіла Бутрыма, каб сказаў Праксэдзе ў Вільню пераязджаць, — Саламея апусціла галаву, прыкрытую маленькім ваўняным капелюшом з вітым срэбным шнурам, які пабліскваў у прыцемку. — Апошнім часам мы з паннай амаль не размаўлялі. Яна з Сафійкай куды болей шчырая была, чым са мной. Ды яшчэ хадзіла да нейкай сяброўкі ці сваячкі. Вярталася ўзнёслая і заплаканая. Думаю, знайшла каму перайманні свае выказаць — жанчынам гэта часам проста неабходна.
— Можа, тая сваячка і дапамагла ён знікнуць! — усхвалявана зазначыў Вырвіч. — Гэх, каб нам не за нейкай рэліквіяй перціся...
Саламея шчыльней захінулася ў плашч.
— «Рэліквія». І зноў Бутрым дазваляе сябе выкарыстаць. Абрыдзелі ўсе гэтыя палітычныя гульні. Наш маёнтак Караблі праезджыя расейскія стральцы разрабавалі. Святара ў сажалку кінулі, добра, там вады па пояс. Бацюшка крычыць — праваслаўны я, брацці, а яны — «Какой ты православный, поляк ты!» А новыя канфедэраты, патрыёты Рэчы Паспалітай, калі перамогуць, зноў за дысідэнтаў возьмуцца. І бацюшку нашага зноў пагоняць. І так былі прынялі закон, каб за пераход з каталіцкай веры смерцю караць. Дзе мы ўсе тады апынемся?
Пранціш толькі ўздыхнуў. Вечна беларус паміж чужых жорнаў.
— Выкруцімся, выслізнем. Баўтрамей мяжы не пяройдзе.
Тонкая рука Саламеі, што прытрымлівала край плашча, ледзь заўважна дрыжэла.
— А дзе тая мяжа, пан Вырвіч? Я ведаю, Бутрыму здаралася за гэтыя гады быць з іншымі жанчынамі.
Пранціш з няёмкасцю хэкнуў, але жанчына працягвала «слізкую» размову.
— Можаш нічога не прыдумваць, Бутрым мне ўсё распавёў сам. Тыя выпадкі былі — як на вайне. Там жа кагось параніць, кагось закіне ў варожае войска ці ў палон... Цяпер жа — здрады цялеснай няма, а так балюча.
Напрыканцы размовы з Саламеяй збоку шаргатнулі кусты, здаецца, чыясь худая постаць слізнула ў прыцемку. Пранціш нават падумаў — ці не Алесь падслухоўвае? Але малодшы Лёднік нічога не сказаў ні пасля, ні цяпер.
А Пранціш толькі і мог, што парваць чарговую паперку з незакончаным вершам.
І зноў забівае сонца сведкаў свайго гарэння.
Крылаў яно не любіць і Вавілонскіх вежаў.
Толькі ў напрамку сонца нашы лятуць марэнні,
Толькі ў напрамку неба зноў вырастаюць вершы.
Сыпецца попел шэры на зямныя галовы.
Апёкі гараць на душах, і чырвань перад вачыма.
І зноў у напрамку сонца ўзлятаюць сляпыя строфы,