Выбрать главу

Хоць там яны непатрэбны, а тут яны немагчымы.

За вокнамі тэатральнай карэты пачаў невыразна дэкламаваць свае рэплікі дождж, нат не дождж, а дажджыска. Дробны, як малодшы пісар магістрата. Пранціш выцягнуў ногі ў высокіх бліскучых ботах, дзякуй святому Франтасію, не бутафорскіх. Бот упёрся пад лаўкай у нешта мяккае.

— Ай!

З-пад лаўкі пачуўся тоненькі піск. Нехта чхнуў. Зашаргатала.

А затым з пыльных нетраў карэты, міла ўсміхаючыся, вылезла княжна Багінская, панна Агалінская, нявеста малодшага фон Штакельберга, у накручанай паўзверх змятай і перапэцканай ніжняй кашулькі зялёнай посцілцы.

Кардонны цмок трохі падумаў і зваліўся на спіну Давыда.

— А каб цябе распрындзіла. — разгублена прамовіў аптэкар, спіхваючы з сябе пашарпанае страшыдла.

— Гэта вы мне? — з удаваным здзіўленнем прамовіла паненка звонкім галасочкам, і ў яе блакітных вачах так і скакалі вельмі знаёмыя Пранцішу Вырвічу гарэзныя жарынкі. А на носіку стракацелі рабацінкі, якія зусім не пасуе мець высакароднай панне.

— Бедлам.— разгублена прамармытаў Лёднік. Алесь, пачырванеўшы, спрабаваў садраць з сябе ганебны жаночы парык.

— А я не снедала. Sorry.

І жаласны позірк.

Уменне кіраваць людзьмі, напэўна, перадаецца ў спадчыну, як колер валасоў. Таму кудзеркі юнага стварэння адлівалі меддзю, а заміж таго, каб лаяцца ды распытваць, нейкі час чацвёра мужчын у блазенскіх уборах былі занятыя падрыхтоўкай сняданку для маленькай галоднай князёўны.

— А вы — той самы доктар? — панна Рэгіна вымавіла гэта не зусім выразна, бо жавала булку з сырам.

Лёднік хмыкнуў:

— Не ведаю, ці той самы, але доктар.

Нечаканая госця заківала:

— Пані маці мне пра вас гаварыла. Magician. А зрабіце, каб мне зараз жа стала васямнаццаць, я жаніху такога гарбуза пашлю!

Падобна, Паланэя Багінская распісала дачцэ магічныя здольнасці Чор­нага Доктара ў фарбах і блішчынках. Якраз адпаведна касцюму казачнага султана.

Расповед радавітай бягляначкі перасыпалі ангельскія слоўцы. Увішная Рэгінка расла на амерыканскіх прасторах. Ад сонца не хавалася. Умела, як і маці, скакаць на кані, страляць са стрэльбы і індыянскага лука, залазіць на вялізныя дрэвы, падслухоўваць размовы і ўцякаць з-пад любога нагляду. Ну такая звычайная ліцвінская князёўна. Усё парушыў ліст з-за акіяна. У Паланэі з Багінскіх аж рукі трэсліся, калі разгортвала аркуш. Калі Паланэйка збегла ў Амерыку разам з мужам, рудым панам Гервасіем Агалінскім па мянушцы Амерыканец, ейны брат, вялікі гетман Міхал Казімір Багінскі, страшэнна ўгневаўся. Звязалася з радзівілаўскім прыпечкам, шляхцюком сярэдняй рукі! І выкрасліў яе са сваёй памяці, ні шэлега ў пасаг не вылучыўшы. Праўда, пан Агалінскі сам дакляраваў, што адмаўляецца ад таго пасагу і ўсялякіх зносінаў з фанабэрыстай жончынай сямейкай. Агалінскі ў сваю чаргу шлюбам з Багінскай выклікаў няміласць сюзерэна, Радзівіла Пане Каханку. А пан Гервасій жа быў альбанчыкам — чальцом банды альбанцаў, сяброў юнацтва Пане Каханку, што разам з ім гадаваліся і пракуднічалі ў нясвіжскім прадмесці Альба. Там здрады не даравалі. Так што маладым сужонцам ледзь удалося ўцячы за акіян ад раз’ятраных іхнім самавольствам магнатаў, не без дапамогі Вырвіча і Лёдніка. І вось на табе — ліст. Ды яшчэ з якой спакуснай прапановай! Князь Багінскі паведамляў сястрыцы, што гатовы забяспечыць для яе сына самае бліскучае становішча пры двары. Усё сямейства можа вярнуцца, і атрымаць належную частку ўладанняў Багінскіх. Як толькі Рэгіна Агалінская, удачароная дзядзькам, стане Багінскай і заручыцца з радавітым жаніхом.

Нездарма беларусы на вёсках раілі не браць дворку, гэта значыць, панскую прыслугу, за жонку. Хто пакаштаваў палацавага жыцця — будзе заўсёды яго хацець. Паланэя пачувалася страшэнна вінаватай перад дзецьмі, якіх пазбавіла прыдворнай кар’еры і належнай іх званню раскошы. Так што, нягледзячы на тое, што пан Гервасій толькі раз’юшыўся ад паслання швагра, Паланэя цішком пачала намаўляць дачку. Ах, якія цуды яе чакаюць у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім, якія ўборы ў яе будуць, як цікава адбываюцца каруселі рыцарскія і тэатральныя спектаклі! Такога ў іхнім форце сярод дзікіх лясоў ніколі не пабачыць! Ну і, скарыстаўшыся тым, што пан Гервасій з’ехаў да чырванаскурых дзікуноў, каб запісаць новыя легенды, Паланэйка адправіла дачку з братавым пасланцом на радзіму.

Вось толькі Рэгінка дужа расчаравалася ў абяцаным ёй сапраўдным княскім жыцці. Узяліся вучыць яе галантным паводзінам, нават розгаў упершыню ў жыцці пакаштавала. Гарсэт скабы перацягвае, туфлікі завузкія, пальчаткі завузкія, не бегай, не смейся, не плач. І жаніх выявіўся зусім не чароўным прынцам, а мелюзгой смаркатай. Рэгінка падслухала, як абмяркоўвалі прыстаўленыя да яе людцы, што ейны бацька, пан Гервасій, кінуўся следам за дачкою і нат пераплыў акіян. І што яго збіраюцца затрымаць, каб не перашкодзіў заручынам. А пасля радаваліся — трапіў руды Амерыканец у італійскую турму, ды самую страшную, каменныя калодзежы ў Венецыі. А нядаўна Амерыканачка падслухала развагі пана Брастоўскага і ягонага канфідэнта, якім чынам выправіць банду на чале з Чорным Доктарам у тую ж Венецыю. Як пасля такога не збегчы?