— Не халера, дык адзёр, — прамармытаў Чорны Доктар. — Не хапала нам яшчэ скрасці гетманаву прыёмную дачку!
— А паненку шукаюць, мусіць. Знойдуць — ніякія італьянскія місіі нас не ўратуюць, — меланхалічна зазначыў Давыд. — Вярнуць трэба яе княскую мосць апекуну.
— Я ўсё адно збягу!
Вусны Рэгінкі кранальна дрыжэлі, блакітныя вочы напоўніліся слязьмі. Ну як тут Ланцэлоту змаўчаць?
— Мы павінны абараніць панну!
Алесь ваяўніча аглядаў спадарожных. Уражанне псавала сукенка ў кветачкі, бялілы на худым абліччы і пёры са сцягнутага парыка, якія заселі ў валасах.
— Ад каго і ад чаго абараніць, шаноўны пан Аляксандр? — уздыхнуў былы менскі суддзя. — Каб мне прадставілі на разгледжанне гэтую справу, я змушаны быў бы асудзіць выкрадальнікаў, бо апякун панны Багінскай ніякай шкоды ёй не ўчыняў, а, наадварот, уладкоўваў яе будучыню.
— Я не вярнуся! — звонкі крык малой нявесты мог пачуць фурман, але на шыканне спадарожнікаў панна Агалінская не зважала. — Гетман мне не бацька! У мяне свой бацька ёсць! А калі вы мяне аддасцё, скажу, што звезлі гвалтам! Зачаравалі! Катавалі! Пачну крычаць «Ратуйце!»
Уліплі. Так ці інакш — не пазбегнуць гневу вялікага гетмана, падскарбія і расейскага пасла, усяго кубла разам.
Рэгінка між тым набрала паветра ў лёгкія, збіраючыся ўсчаць благанне.
— Адзіны, хто можа аспрэчыць права гетмана на апякунства — пан Агалінскі, — змрочна вымавіў Лёднік, і Рэгінка перадумала крычаць, яе блакітныя вочы загарэліся надзеяй. — І ён — адзіны, каму мы паводле закона можам перадаць панну.
— Ну так, — неахвотна пагадзіўся Вырвіч. — Калі бацька сам ад дачкі не адмовіўся, дазволу на апякунства не даў — яно незаконнае.
— Панове, я, вядома, усяго толькі аптэкар і ў рыцарскіх справах не кемлю, але мы што, збіраемся валачы гэтую дзеўчынёху ажно ў Італію? — у голасе Давыда быў сапраўдны жах.
— А за мной вось гэты высакародны рыцар у сукенцы прыгледзіць! — хітруля Рэгінка нечакана зірнула на разгубленага Алеся, і Ланцэлот адразу ўспомніў кодэкс куртуазны і прыняў пагрозны выгляд, рыхтуючыся абараняць даму. Яшчэ б ад клятай спадніцы пазбавіцца.
Гэта ўдалося ў заціснутым між двух балотаў маёнтку аднаго з кліентаў пана Міхала Брастоўскага. Маёнтак меў жывапісную назву Гнілая Гаць, а ўладальнік не менш жывапіснае прозвішча Жаба-Равуновіч. Там шпегам вылучылі дарожную карэту з двума коньмі. Гэткі прадзедаўскі рыдван, падобны да буфета на колах. І да яго фурмана, дробнага і палахлівага, як мыш, якога звалі Фульчык.
Фульчыку было абыякава, куды кіраваць коней. На Наваградак? Як панству заўгодна. Абы ў каршэнь не таўклі.
Ля карчмы, не самай багатай на выгляд, людцаў вілося, як жамяры вакол сподачка з саладухай. У збітыя кулакамі ды ботамі наведнікаў дзверы ўрачыста зайшла чарговая кампанія. Ладны русачубы шляхцюк у шапцы набакір, з дзёрзкімі блакітнымі вачыма, высокі змрочны тыпус у чорным дарожным камзоле, троху сабе злавесны, і чарнявы фацэт з усмешлівымі пульхнымі вуснамі, у модным французскім каптанчыку з зялёнымі стужкамі.
Усмешлівы фацэт агледзеўся, не зважаючы на тлум і непрыветныя позіркі, і махнуў рукой:
— Вунь там, за печкай, у дальнім куце, ён звычайна і сядзіць... Рушылі!
Фацэт рашуча адсунуў заседжаную мухамі сінюю баваўняную занавеску,
з-за якой даносілася манатоннае бубненне, нібыта нехта пераціраў ды пераціраў у ступе зерне мудрасці. Ля печкі на пыльных падушках сядзеў шчуплы габрэйскі хлопец. Ягоны твар з тонкімі нервовымі рысамі быў засяроджананатхнёны, а чорны халат чамусь выпацканы, быццам ім выціралі пыл. Хлопец пагойдваўся і чытаў кнігу, чые старонкі па краях былі ўжо колеру мінулагодняга лісця. Перад хлопцам некалькі худых мурзатых дзетак у лахманах час ад часу паўтаралі пачутае, гэтак жа пагойдваючыся...
— Гэта твой рэбе? — абурана шапнуў русачубы шляхцюк на вуха фацэту. — Той, хто лепей за Бутрыма тайнапісы расчытвае?
— Не мяркуйце па знешнасці, пан Вырвіч, — шэптам адказаў фацэт. — Саламон з адзінаццаці гадоў уважаецца за рабіна. І жанілі яго тады ж. Ледзь не біліся, чыю дачку прыстроіць за такога вучонага маладога чалавека, нават выкрадаць яго спрабавалі. Мадам Рыся перамагла, уладальніца гэтага пастаялага двара, са сваёй дачкой ажаніла. Ён у чатырнаццаць гадоў бацькам стаў.