— Не, ну вы чулі, вельмішаноўнае панства! Няшчасная мая Сора! Што ёй за муж патрапіўся! Наравісты, свавольны! Бедная мая галава! Уявіце сабе, ноччу прачнулася ад страшнага выцця: стаіць нехта ў белым, са свечкай, і дакарае мяне, што я кепска абыходжуся з гэтым свавольнікам, зяцем, якога голага і босага ў сям’ю прыняла. Да сумлення майго заклікае! Я ледзь не самлела. Бо і праўда вырашыла, што гэта мой нябожчык-муж альбо светлай памяці бацька з’явіўся. А тады прывід як заперхае, ды як плітане. А на падлозе сляды крэйды! Ну, я яму пакажу!..
Кабета патрэсла ў паветры кулаком, і Пранціш мімаволі ўспомніў уласныя пракуды і ў звязку з імі кухталі і розгі.
Калі Саламонава цешча сышла, не перастаючы лаяцца, падушкі заварушыліся, і засмучоны рэбе паказаўся з падпечка. Абтрос халат, прамармытаў, як шкада, што так і не навучыўся рабіцца нябачным. З тужлівай зайздрасцю паглядзеў на Давыда ў французскім каптанчыку, пра нешта запытаўся, пачуў адказ і прамовіў на ламанай беларускай:
— Я паеду з вамі. Задушна мне тут. Таксама вучыцца хачу. Свет глядзець хачу. Буду з вамі шукаць. слупы тыя.
Бутрым незадаволена пакруціў галавой, але згадзіўся далучыць да іх банды яшчэ аднаго чальца. Што ж, Лёднік больш за ўсё паважаў у людзях прагу да ведаў. Сам калісьці вырваўся з гарбарні свайго бацькі з дапамогай кнігара Рэніча ды аптэкара Лейбы, адправіўся ва ўніверсітэты. I лічыў абавязкам дапамагаць такім жа гаротным хлапцам.
Саламон не збіраўся пакаваць куфры, закруціў кнігі свае, скарб адзіны, у клуначак і рушыў, хаваючыся за спіны новых знаёмцаў, з такой надзеяй на твары, што Пранцішу сумлення не хапала пярэчыць.
Але варта было маладому рэбе паставіць нагу на падножку дарожнай карэты, у ягоны халат учапіліся моцныя жаночыя рукі:
— Вось ты дзе! Што ўдумаў?
Шынкарка Рыся пільнавала дабрабыт сям’і лепей за каршука.
Пранціш глядзеў, як яна праганяе штуршкамі няшчаснага Саламона ў бок карчмы, перад імі разбягаюцца нядошлыя белыя куры, і было і смешна, і сумна.
— Я ўсё роўна з’еду! — крычаў юны рэбе, і шапачка на ягонай галаве была чарней адчаю. — Увесь свет яшчэ дазнаецца пра Саламона Маймона!
Мадам Рыся ўзнагародзіла мудраца яшчэ адным штуршком у худыя плечы.
Фурман Фульчык, які ледзь не пад экіпажам ад раз’юшанай кабеты хаваўся, борздзенька ўскочыў на сваё месца і тузануў лейцы. Пранціш адвярнуўся ад акна і няўпэўнена прамовіў:
— Можа, варта было адбіць небараку?
— I мадам Рысю на двубой выклікаць? — хмыкнуў Лёднік. — Нічога. Светлая галава ў хлапца. Думаю, ён не прападзе. Выберацца да навукі.
Давыд пасумнеў, відаць, згадваючы ўласныя сутычкі з тымі аднапляменнікамі, якія ўважалі яго за блюзнера. За модныя каптанчыкі, за навучанне ва ўніверсітэтах, за падазронае сяброўства. Пільнавальнікі традыцый усіх народаў знойдуць, да чаго дачапіцца.
Акно іхняга экіпажа хтось упрыгожыў барвовай тасьмой з кутасамі. Кутасы былі такія брудныя, што здаваліся здохлымі шэрымі чмялямі. Да аднаго прычапіўся лёгкі залаты бярозавы лісток, і дарэмна трапятаў, спрабуючы вырвацца на волю. Пранціш з цяжкасцю адчыніў шыбу з памутнелым шклом і выпусціў лісток на вецер, нібыта жывую істоту. А толку? Ён усё роўна ўжо мёртвы. I лёс яму адзін: згнісці, стаць беларускай зямлёй.
Змрочныя думкі былога суддзі адагнала сакатанне князёўны, якая, мяшаючы беларускія, польскія і ангельскія слоўцы, распавядала пра цудоўнае амерыканскае жыццё. Тата здабыў фісгармонію і крышталёвую люстру, праўда, адбіў кулямі на ёй тры падвескі. Пані маці лаялася. Мядзведзі ў Амерыцы ўтрая большыя за тутэйшых, з вялізнымі ікламі і кіпцямі. Тыя звяркі, якіх беларускія цыганы на ланцугу водзяць, не мядзведзі, а так, медзведзяняткі. Дзядзька Джон мае замест левай рукі металёвы крук. Ён марак. Навучыў Рэгінку свістаць. I проста вуснамі, і закладаючы ў рот чатыры пальцы. Вось так. I так. Чаму не трэба? Панам вушы баляць? А гэта я яшчэ ціхенька свістала! Магу гучней, вось так! Англічане кепскія, яны падаткамі вольных амерыканскіх пасяленцаў душаць. Тата кажа, англічашак гнаць трэба. I гарбату забараніў у доме піць. Бо англічане такім падаткам гарбату абклалі, што амерыканцы паскідалі прывезеныя імі цюкі ў акіян. Тата з сябрамі ўжо ваявалі супроць войск караля Георга. I перамаглі! I зараз армію збіраюць, тата фермераў на жаўнераў муштруе.
Пранціш слухаў і думаў, што вось жа, і на тых дзікіх прасторах за сваю волю біцца трэба. Відаць, пакуль не напоіш яе крывёй, як гругана Рагнарока, не прыманіш да сябе.