Вырвіч агледзеўся. Не параўнаць з «чорнай карчмой». На сценах шпалеры ў кветачкі. Падлога нашараваная воскам. Буфеты з херувімчыкамі. Што ж, таямнічы граф Лудус не памыліўся, разлічваючы, што сюды пацягнецца багатая публіка. Якраз у глушмені, далей ад спраў, ад цікавання сваякоў і знаёмцаў, і зручна мантачыць маёмасць. Граф пасля адкрыцця пайграў колькі дзён, каб надаць установе рэпутацыю саліднага прытона, з’ехаў у Кракаў і атрымлівае працэнт ад даходаў «Залатога льва». Абавязкова, як будзеце ў Кракаве, знайдзіце графа ў доме з сінімі рыбкамі. Перадайце прывітанне ад Эрнэста Манчыні, і Кракаў ля вашых ног.
Венецыянец шчоўкнуў пальцамі, і служка ў бялюткім фартуху бегма паставіў на стол штоф з бурштынавай вадкасцю. Калі бурштын забулькатаў у шклянкі, Вырвіч па густым ёлкім паху зразумеў: старка! Пры нараджэнні сына ў сумленных шляхецкіх сем’ях налівалі гарэлку ў новую дубовую бочку, і адкаркоўвалі толькі, калі хлапцу споўніцца дваццаць адзін год.
А да старкі шкалонда вэнджаная з кменам, гусіныя вантробы з чорнай падлівай ды брахоцкі сыр, жоўты, як поўня ў зорную кастрычніцкую ноч.
Пасля першай жа чаркі гаспадар, умела скіраваны агідна цвярозым Лёднікам, працягнуў сагі і быліны пра ўлюбёную далёкую Венецыю. Эрнэста, хоць больш дасягнуў у справе кухарскай, якая яго і прывяла на Беларусь — з барнаботаў, збяднелай венецынскай арыстакратыі, што жылі з картачнай гульні і сяліліся ля царквы Святога Барнаба. Згодна з законам, патрыцыям было забаронена займацца рамяством. А калі яны рабіліся такімі беднымі, што не маглі ні адукацыю атрымаць, ні апрануцца ў шоўк, каб прыйсці на паседжанне гарадской рады, улады вылучалі небаракам мізэрную дапамогу з умовай — не жаніцца і не мець нашчадкаў, каб не пладзіць жабракоў. Вось Эрнэста, які якраз пад той закон падпадаў, і ўцёк на Беларусь, прыляпіўшыся да світы аднаго ліцвінскага князя: ведаў некалькі рэцэптаў народных страў і не лічыў за ганьбу іх гатаваць. А да гульні здольнасцяў не меў — Фартуна ў ягонай прысутнасці слепла і глухла. А шкада. На кожным кроку ў горадзе Льва былі гульнявыя дамы. Нават на пляцы Святога Марка паміж калонамі стаялі гульнявыя столікі, куды кожны мог падысці. !х калісьці дазволілі ўладкаваць там у якасці ўзнагароды архітэктару Нікола Барацьеры, за тое, што паставіў на пляцы калоны, з Канстанцінопаля прывезеныя на караблях. Барацьеры падняў тыя калоны метадам мокрай вяроўкі — калі вяроўка высыхае, яна, як вядома, робіцца карацейшай. Праўда, няўдача спасцігла: адна калона ўпала ў мора. I дасюль не знайшлі. Гадаюць, якой была. На дзвюх жа ўсталяваных — святы Тэадор з дзідай і кракадзілам і Залаты Леў з Евангеллем, сімвал святога Марка. Так, каменны леў, вялізны, з разяўленай пашчай. Ці падымаўся хто на тыя калоны? Хіба што вароны, галубы ды чаіцы марскія. Каб вы бачылі тыя грамадзіны, сіньёры! З цэльнага граніту, гладкія, як шкло. Але венецыянцы — спрытнюкі. Штогод пад канец карнавалу хтосьці ўскараскваецца па вяроўцы на званіцу Сан-Марка. Мусіць, і на калоны падымаліся, толькі сам Эрнэста таго не бачыў.
Ну вось і з’ясавалася пра хованку святога рога.
Раптам звычны гуд карчомнага жыцця перакрыў дзявочы віскат. Амерыканачка!
Вырвіч і Лёднік кінуліся на крык.
Пакой на другім паверсе, з дываном і высокімі бронзавымі кандэлябрамі, быў як восеньскім лісцем засыпаны картамі. Віновыя дамы і жалудовыя каралі разгублена надзімалі яркія вусны. Адлічаны студыёзус Аляксандр Лёднік настаўляў аголеную шаблю на сваіх праціўнікаў, прыкрываючы княжну Багінскую, а тая, вызіраючы з-за свайго абаронцы, вішчэла пагрозна:
— Вы не мелі права заручаць мяне без згоды пана-бацькі! Вярніце мяне майму бацьку, пану Гервасію Агалінскаму!
А вось і той, на каго паненка крычыць. Пан Брастоўскі ўласнай персо-
най!
Лёднік, узброены кандэлябрам, умомант адкінуў гардыянаў Брастоўскага ад сына, вянгерац вагой зусім не з кураня адляцеў ад скіраванай на яго далані Чорнага Доктара, хаця той, здаецца, і не дакрануўся. Амерыканачка ажно падскоквала з віскам захаплення: «Так, так іх, пан магік!»
Вырвіч паўдзельнічаў у вікторыі з прыхопленай ля грубкі качаргой, змусіўшы апошняга гардыяна прысесці ў кут, трымаючыся за анямелае плячо.