— Мама мія! Маледэта! — лаяўся ў дзвярах няшчасны гаспадар «Залатога льва», запусціўшы рукі ў валасы — выспа лысіны мусіла пашырыцца.
— Уражвае! — князь Брастоўскі нат шаблю з похваў не дастаў, і спыніў жэстам сваіх людзей, што ірваліся да сатысфакцыі. — Вы, пан Лёднік, сапраўды. неардынарны чалавек. Хоць зблізу бачу вас упершыню.
Што ён вярзе? Пан з задавальненнем назіраў разгубленасць нечаканых нападнікаў:
— Паненка дарэмна вінаваціць мяне ў сваіх нешчаслівых заручынах. Я — пан Адам Брастоўскі. I дзеянні майго браткі-блізнюка Міхала зазвычай не ўхваляю, а часам і ўсяляк ім перашкаджаю.
Вось табе на. Патрапілі проста ў рукі таго, ад каго хаваліся, апранаючы балаганныя ўборы. I зноў усё з-за паненкі Багінскай-Агалінскай, вось жа паслаў лёс назолу!
Аказалася, паненка згледзела прыезд пана Брастоўскага і вырашыла прасачыць: што ягамосць тут робіць, калі мусіць быць зусім у іншым месцы? Ці не ўдасца даведацца пра лёс бацькі? Выслізнула спрытненька з-пад увагі малодшага Лёдніка, пралезла ў пакоі. Была заўважаная. Не дзіця — зброя небяспечная!
Брастоўскі між тым, не зважаючы на аголеныя шаблі, спакойна і трохі здзекліва разважаў:
— Значыць, вось каго братка паслаў здабываць пацверджанні радавітасці Цялка! Не разумею, як вы з Ашмянаў выбраліся праз маіх шпегаў. Ты ж, Лёднік, зараз ці гнісці ў турме мусіш, ці магільных рабакоў карміць за забойства маёй пляменніцы. А ты яшчэ і другую маю пляменніцу скраў. Вы ж, спадзяюся, ведаеце, што мая жонка — родная цётка гэтага мілага дзіцяці? Ну што, загадаць вас перастраляць, як курапатак, альбо пагутарым шчыра?
Выслухаўшы версію падзей, Брастоўскі злосна пакрывіў вусны.
— Мне паведамлялі, што да пана Караля ў Венецыю падаслалі забойцу. Здрадніка з альбанчыкаў, які перакінуўся да ворагаў з-за выгаднай жаніцьбы.
На шчасце, яго ўдалося схапіць, — пан Адам пастукаў даланёй па ломберным століку, за якім, відаць, паспеў прайграць не адну залатую карэту. — Значыць, пану-дабрадзею Каралю Радзівілу спецыяльна ў вушы ўвялі, каб бацьку гэтай паненкі прыбраць, і Міхал мог яе ўдачарыць і здзейсніць свой гешэфт са Штакельбергам. Ганьба якая. Бедны пан Караль, кругом яго адны здрайцы ды шпегі. I першая — жоначка, Тэрэза са Ржавускіх, змяюка.
Апошняе імя пан вымавіў ажно з прысвістам ад нянавісці.
— Падумаць толькі, што і з ёю мы ў сваяцтве апынуліся! Гэта ж мой братка зрабіў яе хроснай маці маіх пляменніц.
— I панны Праксэды? — ускінуўся Лёднік. Падобна, лёс асістэнткі ўсур’ёз не даваў яму спакою.
— I яе, — скрывіўся пан Адам. — Думаеце, Міхал такі вось добры, з-за пакутаў сумлення паклапаціўся пра дзіця, прыжытае ў Нямеччыне і асірацелае? У іх дамова. З пані Тэрэзай і Юзэфам Радзівілам, старостай менскім, які зараз лапу наклаў на маёнткі нашага пана Караля. Ведаеце самі, што бацька Юзафа, вар’ят Марцін, дзяцей сваіх так збіваў, што ў Юзафа — горб. А брат ягоны малодшы Якуб дык зусім пачвара. Сам яго не бачыў, але дакладна ведаю — дурань, да жабы падобны, толькі бурбалкі ўмее пускаць. Але калі яго прызнаюць дзеяздольным, можа прэтэндаваць на кавалак бацькавай спадчыны, які быў у маёмасці пана Караля, а зараз у секвестры пад каронай. Тут адзіны сродак — жаніць. Але не на простай дзеўцы, а, паводле тастаменту Марціна, каб у далёкім сваяцтве з Радзівіламі была. Як Брастоўскія. Вось і дамовіліся: дачка Міхала, памылка юнацтва, як падрасце, выйдзе замуж за вар’ята. Яе мужу перадаюць належныя ўладанні, іх дзеляць мой брат і пан Юзаф. Ну і пані Тэрэзе, якая ўсё і прыдумала, за спрыянне штось перападае. Пан Караль, як з ёй развядзецца, ні перліны паскудніцы не пакіне.
Хтосьці загарлаў, патрабуючы прынесці новую калоду, бо карты мечаныя, яму адгукнуўся хор гэткіх жа абураных галасоў. Брастоўскі на імгненне ўслухаўся, хмыкнуў, ягоны абцас няўважна прыціснуў звановага валета.
— Паўсюль шалберства. Дык вось, Праксэду прывезлі, забраўшы ад бедных сваякоў у Прусіі. Тэрэза Ржавуская ўзялася яе выхоўваць, пахрысціла з лютаранства. Тады аддалі піярам, з тым, каб вучылася медыцыне, догляду за цяжка хворымі. Бо гарбаты староста жадае, каб няшчасны брат займеў ідэальную жонку. Дачакаліся спрыяльнага моманту, каб прэтэндаваць на ўладанні. Але перад шлюбам Праксэда ўцякла.
Вось цяпер зразумела, чаму панна апынулася на вуліцы, і адкуль веды ў медыцыне.
— Пані Тэрэза была ў Гародні перад тым, як Праксэда знікла, — вочы Лёдніка гарэлі цёмным гнеўным агнём. — Ці не яна стаіць за гэтым знікненнем?
— Але чаму тады Міхал нічога не ведае? — усумніўся пан Адам. — Яны ж заадно ў гэтай справе. I нашто разыгрываць смерць Праксэды? Яна ж патрэбная ім менавіта жывой!