Сапраўды, не сыходзіцца. Пранціш пераступіў з нагі на нагу: з магнатамі размаўляць — трэба добрае здароў’е мець.
— А вось прыбраць Лёдніка з жыцця і мяне з пасады суддзі якраз маглі абодва, змовіўшыся — і пан Юзаф Радзівіл, і пані Тэрэза. Каб не паспрыялі вяртанню пана Караля.
— Верагодна, — згадзіўся Брастоўскі. — Але князь наш вернецца не просьбітам, а пераможцам! Па дарозе, пракладзенай нашымі шаблямі!
Рука пана Адама на ломберным століку сціснулася ў кулак.
— Зараз трэба ўсім патрыётам забыцца на старыя звады і збіраць войска, новую канфедэрацыю! Аднаўляць Рэч Паспалітую! Пан Міхал Багінскі якраз гэтым займаецца. Ягоная сястра, мая жонка, абуралася жахлівым лёсам абедзвюх сваіх пляменніц. — Брастоўскі шматзначна зірнуў на малую князёўну. Ясна, гуляе ў дабрадзея: такі ўжо ён абаронца няшчасных дзяўчат.
— Таму лічу, Бог вас паслаў у гэты прытон. Не толькі ж грошы мне тут губляць, — Брастоўскі незадаволена крэкнуў, памацаўшы чамусь сыкгнет з зыркім смарагдам. — Міхал, мяркуючы па ўсім, ейнае знікненне будзе трымаць у таямніцы. Так што паненку Рэгіну Агалінскую я схаваю ў сябе. Прысягаю — стане панначка жыць вольна.
— Значыць, пан дзядзечка, на паляванне можна хадзіць? — ажывілася Рэгінка, камечучы ў руках шляхецкую шапку.
Брастоўскі трохі папярхнуўся, але выходзіць з ролі выратаваўцы не выпадала.
— Д-добра, будзе вашаймосці паляванне. Дарэчы, мая жонка, Караліна з Багінскіх, паляванне любіць. Гарнастаю ў вока цэліць.
Рэгінка зірнула на сваіх спадарожнікаў.
— Але, вашамосць дзядзечка, я еду ў Венецыю, тату выручаць.
— I гэтыя паны яго выручаць. Атрымаюць ад мяне ліст да пана Караля Радзівіла, той загадае вызваліць вашага тату. А вас зараз шукаюць. Вы ж не хочаце, каб вас пазналі, вашых рыцараў схапілі, а пан Агалінскі назаўсёды застаўся ў вязніцы?
Адам Брастоўскі старанна змякчаў голас. Пранціш пакруціў галавою: не было асаблівай веры... Але нарэшце пазбавіцца ад Агалінскай. Вырвічу было трохі сорамна, але карцела зараз жа запакаваць шкадлівую панну ў залатую паперу і ўручыць князю.
Рэгінка падбегла да Лёдніка-старэйшага, тузанула за рукаў:
— Пан доктар-магік, вы прывезяце майго тату?
— Абяцаю, вашамосць, — Лёднік быў вельмі сур’ёзны.
— Але ўзамен паны мусяць дапамагчы ягонай княскае мосці Радзівілу здабыць самі ведаеце што.— памазаў дзёгцем іхнюю лусту Брастоўскі. — Пан Караль лепей управіцца са святыняй, чым Панятоўскі.
За сцяной загарлалі: «Туз! Віновы туз, вашыямосці! Мая партыя, васпане!»
— Але, вашамосць, мы дасюль не ведаем дакладна, дзе тая рэч, ці ацалела яна. — Пранціш намагаўся гаварыць пераканаўча. Лёднік агучыў сваю трывогу:
— Насмелюся нагадаць, брат вашае княжацкае мосці намякаў, што мае жонка і дачка, якія зараз знаходзяцца ў Полацку, зробяцца закладнікамі маёй паслухмянасці.
Адзін замежны пасол, якому давялося пабываць у Нясвіжы, доўга абураўся тым, што на ранішняй службе ў прыдворнай капліцы, калі жонка пана Міхала Казіміра Радзівіла спявала словы псалма з удакладненнямі «Я тое ўчыніла на небе, каб узыходзіла бясконцае святло», прыдворныя дружна ёй кланяліся і спявалі: «Пакорліва дзякуем вашай княжацкай мосці».
Брастоўскія абодва таксама лічылі, што могуць узняць ці пасадзіць само сонца.
— Не забывайце, вашыямосці, што я пакуль яшчэ кашталян Полацкі, і магу абараніць. ну, альбо пакараць, любога з гараджанаў. А святую рэч адшукаеце. Вы ж вучоныя, да таго ж людзі баявітыя. Вунь што тут вытваралі. Каб я Каліёстра ды Батысту ў Варшаве не бачыў, дык палічыў бы цябе, Лёднік, з тваімі ўдарамі на адлегласці нячысцікам. Усё, хай святы Георгій вам дапамагае. Ну і святы Тарэла, да якога Панятоўскі прымазваецца.
Пан нецярпліва махнуў рукой, паказваючы, што гэтая частка спектакля закончаная.
— Нясіце карты.
Тонкія ноздры князя Адама ажно раздзімаліся ад п’янкога прадчування іншай баталіі. Пафасныя словы пра лёс Айчыны патроху развейваліся над ломберным столікам, як дым ад свечак.
.На гэты раз да прыгодаў іх везла запрэжаная двума коньмі сціплая брычка са скураным навесам. Ад фурмана адмовіліся. Мець пры сабе шпега? Патэнцыйнага здрадніка, як Фульчык? Лепей па чарзе трымаць лейцы.
Зараз была чарга Пранціша.
Дарога нагадвала кепскі верш, з перабоямі ў рытме і рыфмах. Трапілася некалькі спаленых сядзібаў. Невялікі цагляны храм, які перахрышчвалі ў розныя канфесіі, сумна глядзеў услед чорнымі прагаламі выбітых вокнаў, а на ягоным вострым даху пабліскваў цудам захаваны крыж. Пранціш адсёрбнуў з філіжанкі ігуменскай медавухі, на рабіне настоенай. I ўсё ж быў у гэтым панылым краявідзе нейкі заварожваючы спакой і шчымлівая прыгажосць. Быццам ты вечна будзеш трэсціся па праданай зямлі ў чужой павозцы.