Дзіўна, але там-сям чулася руская мова, і нат бачыліся расейскія мундзіры. Граф Лудус у добрых адносінах з уладамі і расейцамі.
Галоўнай завабай на сёння была модная навінка: Пранціш такога яшчэ не бачыў. Кола з ячэйкамі, у якое пускалі шарык. Кола круцілася, шарык трапляў у якуюсь ячэйку, пазначаную нумарам.
— Рулетка, — пагардліва шапнуў на вуха Пранцішу Лёднік, яшчэ больш надзьмуты і змрочны ў гэтым котлішчы граху. — Прыклад, як навуковае вынаходніцтва прыстасоўваюць для мізэрнага і нявартага. Прыдумаў вялікі Блез Паскаль, калі шукаў сакрэт вечнага рухавіка.
Паколькі таямнічага гаспадара прытона, графа Лудуса, падобна, давядзецца яшчэ доўга чакаць, Пранціш наблізіўся ўшчыльную да спакуснай забавы. Ля кола ўжо цікавала Рэгінка ў новенькім блакітным камзольчыку і парычку з сіняй стужкай, яе моцна трымаў за руку, але не мог адцягнуць, раздражнёны Алесь. На шустрае дзіцятка ніхто ўвагі не звяртаў, бо з дзясятак прагных вачэй, не адрываючыся, сачылі за рухам шарыка. Калі ён спыніўся на лічбе «зяро», тут жа пачалася мітусня, крыкі, ці радасныя, ці расчараваныя, замільгалі ў руках паперкі, зазвінелі манеты. Малады хлопец у пацёртым зялёным сурдуце і зялёнай паўмасцы, што спаўзала ўвесь час набок, нічога ў рукі не атрымаў. Ён апусціў галаву, рэдкія светлыя валасы зліпліся, рукі сутаргава ўхапіліся за край стала. Хоць малюй з яго карціну «Адчай».
Але вось зноў шарык мусіў пакаціцца па коле, і зноў гарэлі прагай вочы, як у ваўкалакаў. Толькі светлавалосы хлопец, не ў змозе сачыць, як вырашаецца ягоны лёс, стаяў, захінуўшы твар рукамі, якія заўважна дрыжэлі. Па ўсім відаць, толькі што выграб апошнія манеты са сваіх кішэняў, каб паставіць на лічбу сем. Ды ён жа маладзей за Алеся... Пранціш адчуў востры ўкол шкадобы.
Шарык паціху спыняўся. I ясна было, што ён не патрапіць на тую лічбу, на якую паставіў усе свае грошы хлопец. А ў таго ўжо плечы пачалі трэсціся. А гардыян паглядае падазрона, ці не час выштурхнуць немаёмаснага гульца, пакуль не ўчыніў плач !ерэміі?
Раптам з-за спіны быццам павеяў вецер. У роце з’явіўся слабы мядзяны прысмак... Шарык нібыта падштурхнула нечая нябачная рука, а потым рэзка прытрымала.
Светлавалосы гулец апусціў рукі і яшчэ ціха ўсхліпваў, але на твары яго праяўлялася недаверлівае шчасце.
Пранціш у неразуменні азірнуўся. За спінай стаяў Лёднік, які адразу ж адвёў вочы. Не можа быць! Ён жа забараняў сабе карыстацца сваімі адмысловымі здольнасцямі!
Тое, што Лёднік перахрысціўся, прамармытаў пакаянную малітву і знарочыста ўтаропіўся ў другі канец залы, пацвердзіла здагадку. Пашкадаваў хлапчыску. Які зараз, ашалеўшы ад шчасця, напэўна прайграе ўвесь свой выйгрыш, не ведаючы, што той падораны міласэрнасцю былога полацкага алхіміка.
Але да гасцей, мяркуючы па паважлівым шуме, набліжаўся той самы таямнічы граф Лудус. Ён быў з адкрытым тварам. Пранціш ажно вочы працёр.
— Міхаська! Міцкевіч! Ты?
Сцягнуў паўмаску.
— Вырвіч! А я ўжо думаў, не пабачымся!
Былыя сябры па Менскім езуіцкім калегіюме абняліся. Ну так, у Міхаські яшчэ там было прозвішча «Гулец», што, уласна кажучы, на лаціне і ёсць «Лудус».
Значыць, здзейсніў свой намер стацца каралём шулераў.
— Чаму ж не выбраць ролю ваўка, а не авечкі, якую стрыгуць, — выскаліўся граф Лудус, калі яны сядзелі ў шыкоўным гаспадарскім пакоі з непустымі келіхамі ў руках, і граф атрымаў пасылку — свой працэнт ад «Залатога льва», і настаў час успамінаў і прызнанняў старых сяброў. Лёднікі з Рэгінкай, якую прадставілі як Антонія, малодшага сына доктара, далікатна перайшлі ў іншую залу, любавацца бібліятэкай і калекцыяй зброі.
— Праз што прыйшлося прайсці — не пытайся. I абдзіралі як ліпку, і збівалі за занадта ўдалую гульню. Пальцы ў кроў сціраў, штукарствы засвойваючы.
Вырвіч адразу ўспомніў Лёдніка, які валодаў гэтай жа здольнасцю — не шкадаваць сябе, каб засвоіць нейкае ўменне.
— Ну, пабачыце Эрнэста — перадавайце вітанне. Удала я ўклаўся ў ягоную карчму. Грошы лішнія меліся, якраз тады ў Вільні пана Міхала Брастоўскага добра аблупіў.
Вось хто вінаваты ў бядотным становішчы падскарбія літоўскага!
Вырвіч адпіў віна, ягоны келіх адразу напоўніў матэрыялізаваны нібыта з паветра лёкай. Паколькі Лёднік больш не сачыў дакорліва за кожным глытком, віно ў горле не перасядала. Г алава пачала ўжо трохі круціцца. Ды хіба ён не шляхціц, не можа даць сабе волі ў сяброўскай бяседзе? Ты не стрыяшка і не вуяшка, будзь здаравенька, пляшка!