Граф Лудус прыжмурыў хітрыя светлыя вочы — а ладны дзяцюк стаў, плячысты. Сапраўдны граф. Твар спешчаны, напудраны, парык модны з тупеем, кашуля галандская, камзол шэры парчовы.
— Дык і ў цябе, Пранціш, вялікія здольнасці да гульні. Няўжо занядбаў? Зброя і карты — тое, чым павінен дасканала валодаць шляхціц. А ты, мусіць, зусім развучыўся. Любы шчаўлік абыграе.
Пранціш весела падміргнуў:
— Не раіў бы тваім шчаўлікам са мной калоду перакідваць. Тое-сёе магу.
— Ну давай, пакажы! Успомнім шкалярскія гады!
Міхаська ўсміхаўся так ветла, віно было такім заборыстым, што Пранціш сам не заўважыў, як аказаўся за сталом з яшчэ двума гульцамі. Адзін, немалады і насаты, гаварыў з нямецкім акцэнтам, другі, малойца ў залацістым касцюме, меў на шчацэ шнар, які не магла цалкам прыкрыць маска.
Пачалі ў фараона, гульню самую модную, хоць у многім ад Фартуны залежную, а не ад майстэрства. I Вырвіч праявіў сябе сапраўдным улюбёнцам Фартуны. Стопкі талераў высыпаліся перад ім, цэлая залатая горка! Малойца ў залацістым касцюме і немец ажно за парыкі хапаліся. Лёкай не забываўся папаўняць Пранцішаў келіх, Міхаська глядзеў з сапраўдным захапленнем... Не заняпаў былы шкалярскі правадыр, не страціў спрыту!
Урэшце малойца паставіў на кон цэлую вёску. I прайграў! А перад гэтым на рахунку Пранціша аказалася карэта немца. Ашалелы Вырвіч не мог ачомацца. Цяпер яму не трэба будзе пераймацца, што жыве ў жончыным маёнтку, ажаніўся з багацейшай. Падобна, на выйгрыш ён зможа збудаваць цэлы палац!
А потым набытае багацце пачало неяк раставаць. Вырвіч разгублена глядзеў на апошнюю залатую манетку, якую, аднак, зараз жа спрытна падгрэбла чужая рука.
— Ну, яшчэ разок? — Міхаська ўсміхаўся так весела, што ўсё здавалася сном. — Давай, Пранціш, братка, у мяне прыкмета дакладная: Фартуна зноў усміхнецца!
Вырвічу і абмацваць кішэні не трэба, ведаў, што пуста. Зразумела, ён — чалавек самавіты, не тое, што тыя, хто да кашулі прайграецца. Ставіць на кон цесцеў маёнтак ды жончын пасаг не збіраецца. Ёсць спакуса ў Лёдніка, галоўнага скарбніка кампаніі, грошай пазычыць, але былы прафесар толькі лекцыю прачытае, як студыёзусу.
Графу Лудусу Вырвічавы парыванні былі ясныя, бы крайчаму — гатунак віна.
— Ну якія рахункі між старымі сябрамі? Хіба ж я не паверу свайму аднакласніку, з якім разам у вокны калегіюма лазілі? Давай штосьці ўмоўнае ў заклад. Ну, дапусцім мы ацэнім у сто тысяч злотых пацалунак тваёй жонкі. Ці што да кожнага з тых, хто выйграе, прыйдзеш пешкі з хамутом на шыі і ў ручку цмокнеш, ці што твой спадарожнік, надзьмуты такі, тут карты параздае.
Вырвіч зарагатаў: так смешна агучваў Міхаська неверагодныя прапановы! Адразу ўспомнілася, як яны разам прыдумлялі страшныя клятвы, якія мусіў даваць кожны чалец іхняй банды ў калегіюме. Уласныя зубы ў бот ссыпаць, пячонку змеям скарміць. Ну, Дамініку ў любым выпадку ўмешваць сюды нельга. I з хамутом на шыі нават жартам сябе ўявіць немажліва. Вось Лёднік з ягонай злавеснай поснай фізіяноміяй, які раздае карты — гэта смешна!
Пранціш адсёрбнуў віна. У вушах шумела. Ну, давай, Фартуна, дары сваю ўсмешку! Жалуды і кубкі на картах мітусіліся, як мурашкі.
— Ну што ж, пан Вырвіч, мы ўжо і так загуляліся занадта... Панам Факльштайну ды Пшадзецкаму час дамоў. Не сумняюся, што пан трымае слова і гонар шляхецкі шануе. Ці не так?
Вырвіч мыкнуў у пацверджанне.
А нараніцу і з’ясавалася наконт гонару і слова. Аказваецца, Вырвіч прайграў учора ў карты год працы Лёдніка ў гэтым гульнявым доме, у заклад ста тысяч злотых.
Не, усё не так жорстка, не ў якасці прыслугі і тым больш вязня. Пан Лёднік проста стане асабістым памочнікам графа Лудуса, паселіцца ў найлепшых пакоях і нават займее працэнт ад даходу. А тады, як рассмакуецца, сам не захоча гэтую справу кідаць. Мільянерам стане — з ягонымі здольнасцямі!
Пранціш глядзеў на вясёлага гаваркога Міхася Міцкевіча, які распісваў перспектывы доктара ў гульнявой справе, галава гула, як разгайданы звон, і хацелася праваліцца скрозь паркетную падлогу, а тады яшчэ ніжэй. Бо побач стаяў Баўтрамей Лёднік, і перавесці на яго вочы было страшна
— Вырвіч, вы што, мяне ў карты прайгралі?
Пранціш спрабаваў аднеквацца. Але тут жа з’явіліся ўчорашнія напарнікі па гульні і ўсчалі вэрхал пра святасць картачнага доўгу.
Вядома, Лёднік мог адмовіцца расплачвацца за сябра. Тады таму належала здабыць сто тысяч злотых, што была сума проста фантастычная. Адмовіцца выплаціць такі доўг — ганьба, усё роўна, як пабаяцца пайсці на двубой. Уся шляхецкая грамада адвернецца, у дамы не пусцяць. Даўжніка маглі аддаць пад суд, забраць усю маёмасць.