Некаторыя ў такіх выпадках страляліся.
— Міхась, ды нашто табе Бутрым?
Граф Лудус таямніча ўсміхнуўся і перайшоў на шэпт:
— Я ніяк не магу ўпусціць чалавека, які адным поглядам здольны кіраваць шарыкам рулеткі.
Вось жа, адгукнулася недарэчная Лёднікава міласэрнасць!
— Думаю, доктар, вы і карты з лёгкасцю адгадваеце.
Лёднік сціснуў зубы, прасіпеў.
— Паверце, граф, вы б не хацелі пазнаёміцца з усімі маімі здольнасцямі.
Выгляд у Лёдніка быў злавесны, але граф Лудус не спалохаўся ні на
каліва.
— Што вы чалавек небяспечны, пан Лёднік, не сумняюся. Чуў я пра аднаго Чорнага Доктара, якога ў Менску асудзілі за забойства дзяўчыны.
А вось гэта ўжо кепска. I тут наперад выйшаў Алесь Лёднік.
— Вашыямосці, дазвольце ўдакладніць. Наколькі я разумею, фармулёўка была наступная: «Пан Лёднік мусіць год дапамагаць графу Лудусу ў гульнявым доме». Так ці не? Вы пацверджваеце кожнае слова?
Прысутныя заківалі.
— Выдатна! Я — пан Лёднік, і я застаюся на год у доме графа.
Вырвічаў аднакласнік разгубіўся. Сапраўды, не прычэпішся. Але нашто
яму гэты смаркач? Хіба што і ён. Алесь цвёрда зазначыў:
— Мушу расчараваць, я не ўспадчынніў здольнасць да магіі. I картаў у руках нават не трымаў. Так што не ведаю, як вы мяне скарыстаеце, граф.
— Пана Аляксандра нельга скарыстоўваць! Ён рыцар!
I Рэгінка выскачыла са сваёй абаронай, кулачкі сціснула.
— I, дарэчы, я таксама. пан Лёднік! Антоній Лёднік! Можа, вы мяне ў карты выйгралі?
Вырвіч глыбока ўздыхнуў. Што ж, за свае хібы трэба адказваць самому.
— Спыняем гэты фарс. Мой пройгрыш. Я афіцыйна аб’яўляю сябе банкротам, бо не ў змозе расплаціцца. I гатовы за гэта ісці ў турму. Давай, Міхась, выклікай варту.
Граф Лудус злосна ашчэрыўся. Цяпер Пранціш бачыў, як мала ў тым засталося ад колішняга пракудлівага Міхаські.
— Калі вы так настойваеце, пан Вырвіч.
Далібог, адправіць у вязніцу. Больш за тое — згноіць там. Пакуль не адсудзіць дзеля выплаты святога картачнага доўгу ўсю маёмасць, і Вырвіча, і ягоных сваякоў. Воўк, і законы ваўчыныя.
— Давайце сыграем з вамі, граф. Вы ставіце доўг пана Вырвіча, я — год свайго жыцця.
Лёднік не выказваў ні гневу, ні злосці. Ён быў спакойны і засяроджаны. Нават расслаблены. Як заўсёды перад двубоем.
Пан Міцкевіч ледзь стрымаў пераможную ўсмешку.
— Ну, за рулетку я з вамі не стану. Косткі? Баюся, вы з імі можаце тое ж, што з шарыкам рулеткі. Карты.
Доктар ганарыста ўскінуў галаву:
— У карты не гуляю — бо пакляўся.
Вырвіч, і праўда, не мог прыпомніць, каб Бутрым трымаў у руках карты ці косткі. У Лондане замест гульнявога дому доктар пайшоў у байцоўскі клуб, супраць бандзюганаў біўся, калі спатрэбіліся сродкі на выкуп лабараторыі доктара Дзі. А ў рулетцы сапраўды, кіруючы шарыкам, можна мільёны наварыць. Але калі змагацца без магіі. Граф Лудус, мяркуючы па ўсім, майстар найвышэйшы. Куды Бутрыму супраць яго?
— Застаецца більярд.— са знарочыстым сумнівам прагаварыў граф. — Гэта не грэх, гэта амаль што фехтаванне. Вы ўмееце гуляць у більярд, пан Лёднік?
Бутрым не змяніўся ні рысачкай.
— Калі вы нагадаеце мне правілы, думаю, прыпомню.
Вырвіч ажно ў валасы ўчапіўся.
— Глядзі ж, Лёднік, без твайго штукарства. Як пабачу, што шар коціцца не ў той бок, — а я пабачу гэта, не сумнявайся, атрымаеш пяро пад скабы.
Вочы Міхася Міцкевіча гарэлі нейкім жоўтым агнём: усё-ткі гульня была ягонай жарсцю, а тут чакалася адметная баталія.
У пакой з більярдным сталом адразу ж набілася народу. «Сам граф будзе іграць!», «Лудус за кій бярэцца!» Пра ягонага суперніка распытвалі з паблажлівай шкадобай. Яго прадставілі як пана Айсмана — гэта была старая мянушка Бутрыма. Пранціш, які і без таго адчуваў сябе вінаватым, быў у адчаі: ці ж выйграеш у логвішчы шалбера! Вунь Пане Каханку прыдумаў у Нясвіжы якое штукарства: у пакоі з більярдным сталом — рухомая падлога. Калі супернік Радзівіла прыцэльваўся, слугі пераходзілі на адзін бок пакоя, падлога нахілялася, і цэліцца трапна было немагчыма.
Між тым Чорны Доктар няўважна слухаў, як яму ахвотныя тлумачаць правілы гульні. Дзіўна, паненка Рэгінка звонка сакатала з веданнем справы: падобна, пан Гервасій Агалінскі дачушку і да більярда прывучыў. Бедны малы Штакельберг, ну і жонку ён атрымае праз гады, калі яму не пашанцуе адмяніць шлюб!