Бутрым скінуў каптан, застаўшыся ў адной кашулі, і нават рукавы падгарнуў. Той-сёй з цікаўнасцю ківаў на рукі доктара — далоні ўпрыгожвалі шнары, нібыта іх калісьці прабілі цвікамі. Пану Айсману дазволілі на спробу трохі паарудаваць кіем. Гледачы гучна каментавалі памылкі — не так трымае, не так цэліць. Праўда, няўклюдным прасцяком Бутрым не выглядаў: высокі, жылісты, гнуткі, нават з-пад маскі відаць — дзюбаносы, сапраўдны драпежнік. Граф Лудус толькі ўсміхаўся паблажліва.
Нарэшце доктар кіўнуў, што гатовы. Граф вытанчаным рухам нахіліўся над сталом. Шары пакаціліся па зялёным сукне.
— Ён можа так усе і загнаць у лузы адзін за адным, не даць суперніку нат ударыць. — з захапленнем прагаварылі за спінай Пранціша.
Але граф, відаць, вырашыў пакрасавацца, дазволіць Лёдніку праявіць няўмельства. I шырокім жэстам паказаў: ну, давай, даражэнькі. Бачыш, я табе нават ход саступаю!
Усмешкі, аднак, вельмі хутка з твараў пазнікалі. Доктар метадычна біў, нібыта перацякаючы з месца на месца, шары падалі дакладненька.
На некалькі імгненняў доктар застыў на месцы.
— К-курва!
Каржакаваты спадар, які прысунуўся да Лёдніка, раптам з лаянкай паваліўся на спіну. Вырвіч паспеў краем вока заўважыць, як перад гэтым Рэгінка падскочыла і з усяе моцы падбіла мацака пад калена. Ля правай рукі пана па паркеце зазвінеў доўгі стылет.
Граф злосна ашчэрыўся на паваленага хлапчыскай, і таго звалаклі:
— Кеп няшчасны!
Лёднік не зважаў на інцыдэнт, зноў працягваў рухацца хутка і метадычна. Стук! Стук! Стук! Ягоная кашуля, справа на паясніцы, была парэзаная.
Вырвіч зараз жа заняў пазіцыю за спінай доктара, перасоўваючыся разам з ім. Алесь прыпыніў слугу, які ўпарта соваў гульцу кавалак крэйды на срэбным падносе, схапіў тую крэйду, памацаў і схаваў у кішэню, шапнуў Вырвічу:
— Мылам намазана.
Стук! Стук!
Лёднік заканчваў партыю. Але апошнія шары раскаціліся неяк вельмі няўдала — і вельмі нечакана. Рэгінка тузанула Вырвіча за рукаў:
— Вунь той дзядзька сунуў руку пад стол, націснуў, і шары ўбок пайшлі.
Вось халера! Граф Лудус выскаліўся — ну дакладна воўк. Лёднік трохі падумаў, нешта павылічваў. Прыцэліўся.
Гэта сапраўды было падобна да магіі. Шар закруціўся ваўчком, пайшоў неяк па дузе.
Міхась Міцкевіч, былы шкаляр менскага езуіцкага калегіюма, моўчкі глядзеў на пусты зялёны стол, і вось цяпер Вырвіч яго пазнаваў. Гэтак жа сябрук выглядаў, калі настаўнік адабраў ягоныя ўлюбёныя астрагалы.
Публіка была ў захапленні. Пляскалі ў ладкі. Перагаворваліся, пераводзячы позірк з графа Лудуса на пана Айсмана. Людцам заўсёды ў радасць, калі хтось занадта ўмелы атрымлівае па носе, і графа ніхто не шкадаваў.
Пранціш паправіў змакрэлую аксамітную маску на твары і пакляўся сабе, што ніколі не возьме ў рукі карты.
Прынамсі, пасля таго, як вып’е.
Больш бутэлькі.
— А гаварыў, што гуляць не ўмееш.
— У мяне была бурлівая маладосць, — меланхалічна прагаварыў Лёднік, апранаючы каптан. — У Лондане я хадзіў у адзін клуб пры Медычным таварыстве. Там быў такі маркёр, Джон Дзью, ён яшчэ пасля трактат напісаў пра майстэрства гульні ў більярд. Яно сапраўды блізкае з фехтаваннем. Займаўся са мною. Але я праўду казаў — не гуляў даўно, сучасных правілаў мог не ведаць.
Пазёр.
Трэба было ўцякаць, пакуль раззлаваны ўшчэнт граф не прыдумаў якой помсты.
Ля ганка пахістваўся светлавалосы юнак у расшпіленым камзоле, ягоныя вочы былі чырвоныя і запухлыя ад недасыпу, слёз і віна. Камяк бруду паляцеў у спіну Лёдніка:
— Здраднікі! Знішчылі Польшу, цяпер балююць!
Прайграўся ўшчэнт і адразу стаў патрыётам.
Колы брычкі падскоквалі на брукаванцы. Вінаваты Пранціш маўкліва сядзеў за фурмана. Дзесьці раставалі прывіды палаца, карэты і вёскі.
— Дзякую, сын.
За спінай Вырвіча Лёднік абняў Алеся.
— Ты ж тое самае для мяне рабіў. Але ў нас ёсць сапраўдны герой. Гераіня!
Чорны Доктар павярнуўся ў другі бок і пачціва пацалаваў руку паненкі:
— Вы выратавалі мне жыццё, панна Рэгіна! Я вам абавязаны.
Яе вусны, вечна ўсмешлівыя, дрыжэлі.
— Ён мог забіць вас, пан магік. I мяне.
Лёднік абняў дзяўчынку, прытуліў: усё-ткі дзіця, усё-ткі спалохалася. Князёўна трохі пасапла ў плячо Чорнага Доктара, паўздыхала.
— А вы за гэта падорыце мне кінжальчык, пан доктар-магік? I марцыпаны. Многа.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
Як Вырвіч з Лёднікам амерыканца з калодзежа даставалі
Бліскучыя ў вечаровым змроку градзінкі балюча ўдарылі па тварах...
У кожнай хавалася маленечкая цукерка, і каб Вырвіч быў вечна галодным менскім шкаляром, яму было б крыўдна, што столькі дабра падае ў чорныя воды канала.