Выбрать главу

Пан Баўтрамей прыехаў у Капанічы з Гародні ўсяго на дзень. Собіла ж нерадавітаму і неільсціваму доктару патрапіць у сэрца палітычных інтрыг. Стваральнікі медычнай школы і даўнія сябры, Жылібер і Лёднік, былі прадстаўленыя Панятоўскаму. Кароль француза ўпадабаў, прыслухоўваўся да ягоных парадаў. З Лёднікам паводзіўся насцярожана, быццам не ведаў, як ставіцца да таго, хто разам з ім падзяляў прыхільнасць вялікай імператрыцы. Вядома, кароль суперніка ў доктары не бачыў — той увогуле патрапіў у Царскае Сяло, як арыштаваны за дзяржаўную здраду, і ўсяго на адну ноч там затрымаўся, пераканаўшы царыцу ў праўдзівасці сваёй версіі падзей у Віленскай акадэміі... Дзеля чаго была зладжаная паказальная дуэль з парай дзясяткаў гвардзейцаў.

Відовішчная дуэль атрымалася. Кацярына ацаніла.

Інтарэс імператрыцы да «чарнявага палячышкі», як злосна называў яго царыцын фаварыт Арлоў, прыдворныя на скрыжалі сваёй памяці занеслі. І цяпер, як чалавек з бліжняга кола Тызенгаўза і Панятоўскага, былы прафесар Віленскай акадэміі зноў патрапіў на шахматную дошку палітычнага жыцця, хаця б і ў якасці чорнай пешкі. Уладу мае не той, у каго грошы, а той, у чыім распараджэнні каралеўскае вуха...

А доктар у палітычныя гульні ўлазіць не хацеў. Таму праігнараваў запрашэнні ў папулярныя гарадзенскія салоны. Адно — ад княгіні Аляксандры Багінскай, у дзявоцтве — Чартарыйскай, жонкі вялікага гетмана Міхала Казіміра Багінскага. Пан Міхал жыў ад жонкі асобна, у набытым з яе пасагам Слоніме, ды высільваўся, каб у ягоным тэатры на сцэне караблі плавалі ды жывыя сланы тупалі. А пані Аляксандра, патомная інтрыганка, вірамі палітычнымі кіравала, як бог Няптун. З німфай параўнанне гучала недарэчы: пані Аляксандра была багатырка, за свецкім абедам магла няўзнак скруціць трубкай срэбнае блюда, пальцамі змяць манету, на абед з’ядала шэсцьдзясят вараных яек і двух каплуноў, птушак страляла на ляту ў вока... Падчас гарадзенскіх рэдутаў на ейных балях дамы танчылі згодна завезенай палюбоўніцай Панятоўскага маркізай дэ Люлі модай: у паўпразрыстых сукенках з аголенымі грудзямі, у сандалях, з пярсцёнкамі на пальцах ног... Цьху, распуста, адным словам!

Другое запрашэнне было не менш ганаровым: ад яемосці Тэрэзы Караліны Радзівіл са Ржавускіх, жонкі пана Караля Радзівіла. Чарнявенькая жвавая пані Тэрэза, дачка гетмана Вацлава Ржавускага, сасланага ў Калугу, з каралём Панятоўскім была ў адносінах самых мілых. Мужа высмейвала, лісты ад яго ў Варшаўскім палацы ўслых зачытвала, каб прыдворныя пасмяяліся. Нораву ж акрутнага: пра тое, як з ворагамі распраўлялася, страшныя казкі хадзілі. З’явілася на гарадзенскія рэдуты з палюбоўнікам, Ігнацыем Богушам, былым кумпанам Пане Каханку, і ладзіла балі, супернічаючы ў раскошы з княгіняй Аляксандрай.

Абедзве валькірыі, Багінская і Радзівіліха, атрымалі ад нікчэмнага клісцірніка Лёдніка гарбуза пад прыстойнай падлівай. Якраз у шпіталь завезлі некалькі хворых з тыфусам, і доктар запэўніваў, што баіцца прынесці ў пала­цы заразу.

Але ж Бутрым, аказваецца, і ў масонскую ложу, якую стварыў у Гародні Жылібер і куды ўступіў сам кароль, адмовіўся ўвайсці. Алергія ў яго, маўляў, на ўсялякія таемныя таварыствы.

А на днях даслаў з Італіі ліст пан Рысь, стары знаёмца, адзін з альбанчыкаў, банды Пане Каханку. Князю надакучыла туляцца па чужыне, у той час, як на радзіме ўладанні нішчацца. Себежскае ды Невельскае ваяводствы ўжо расейцы захапалі! Усе ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі памілаваныя, вярнуліся, нават князь Багінскі... А Караль Радзівіл сядзіць у Венецыі, як котка на распаленай блясе. У мінулыя гады яго два разы расейская царыца і Станіслаў Панятоўскі за рокаш прабачалі, дазвалялі вярнуцца, вярталі секвестраваныя маёнткі...

І цяпер бы дазволілі — але ж не за ўдзячную ўсмешку. Апошняе вяртанне каштавала князю надта дорага: давялося браць удзел у Радомскай канфедэрацыі, хуценька створанай з падначкі расейскага пасла. Потым заклікаць да таго, супраць чаго яшчэ нядаўна выступаў... Шляхта ледзь даравала свайму ўлюбёнаму правадыру такі куншцюк. І яшчэ адной падобнай ганьбы — прасіцца, прыпаўзці на каленях — рэпутацыя пана Караля не вытрымае, як шмат разоў перагнутая падкова. Так што наўпрост звяртацца да Цялка, Кацярыны ці іх чыноўнікаў Радзівіл не хоча. Надзейней за ўсё дамовіцца праз трэціх асобаў. Нязначных, але прыбліжаных да ўладаў. Увесці тым уладам у вушы, што Пане Каханку не супраць вярнуцца, але каб яго самога публічна запрасілі, угаварылі, і найменш каб урону гонару было...

Вось пан Рысь, канфідэнт Радзівіла, і прапанаваў такі гандаль павесці праз свайго прыяцеля, доктара Лёдніка, які з Тызенгаўзам кожны дзень бачыцца і каралю пра медычныя адкрыцці лекцыі чытае. А суддзя менскі замкавы пан Вырвіч дапаможа прыняць доктару патрыятычнае рашэнне.