Але кампанія ў дзіўных уборах і масках, стоячы на мосце, шчодра сыпала рогат і карнавальныя пачастункі на праплываючыя ў святле паходняў і зораў гандолы, падобныя да чорных стручкоў. Парцалянавыя абліччы дзівоснай і мёртвай прыгажосці... А вунь дзюбатая застрашлівая маска Чумнога Доктара. Лёднік калісьці ў такой сапраўднай хадзіў, без блішчынак...
— Ragazzo! Sei un bel ragazzo!
Дамы ў масках махалі юнаму зграбнаму шляхціцу, што стаяў у гандоле, дзівячыся на горад, нават зоры над якім — быццам канфеці, шпурнутыя сюды гіганцкай рукой тысячагоддзі таму.
— Сядзь, Алесь, а то зараз прыйдзецца з вады вылоўліваць... А ў гэтых прыўкрасных каналах гніль ды смяццё, — прабурчэў старэйшы пан, захутаны ў чорны плашч, у чорным капелюшы і простай паўмасцы з серабрыстай тканіны, якая не магла схаваць драпежнага носу і пагардлівых вуснаў.
— Ды хопіць, Бутрым, лекцый... Дай хлапцу вольным паветрам падыхаць!
Ладны пан у пунсовым уборы з залатымі галунамі і масцы Арлекіна з чырвона-сінімі пісягамі шырока ўсміхаўся. Ятттчэ адзін пасажыр гандолы, хлопчык гадоў дзесяці ў залацістым гарнітурчыку з белымі карункамі весела лавіў канфеці і тут жа спрабаваў іх на смак, пускаючы абгорткі, як матылькоў, у чароўную ноч.
Гандальер у паласатай куртцы завёў саладзенькую песню. Пан у чорным плашчы штосьці сярдзіта прамовіў спеваку, той на пару імгненняў змоўк, абварыўшы чужынца пагардлівым позіркам, і зноў заспяваў, яшчэ грамчэй.
— Да чаго бязглузды горад.
У Пранціша не было чым абвергнуць крыўднае для самага чароўнага горада свету вызначэнне. Сапраўды, тры дні як у Венецыі, а нічога не дабіліся. Да Пане Каханку не дабрацца — раз’язджае па балях дзень і ноч. Самы шал карнавалу! Ні дожа, ні судовага, ні дробнага пісарчука Найсветлай Рэспублікі Серэнісіма не адловіш для сур’ёзнай гаворкі. Толькі і патрапілі, што схадзіць на пляц ля сабора Святога Марка ды падзівіцца на калоны. Пранціш змушаны быў прызнацца, што нат у шкалярскім юнацтве не ўскараскаўся б... Затое паненка Агалінская заявіла, што ўзлазіла на куды вышэйшае дрэва сяквою, з вершаліны якога, як сцвярджаў ейны пан-бацька, беларуская зямля відаць. Размаўляла паненка зараз трохі прышэптваючы, бо за час падарожжа выпаў верхні зуб.
Леў — вунь стаіць, на вяршыні слупа. Лёднік заявіў, што драпежніка перарабілі з паганскай хімеры. Ды няхай хімера... А як дастаць? Тут жа, перад Палацам Дожаў, дзень і ноч варта. Нат карнавальныя хвалі аб гэтых малойцаў у мундзірах разбіваюцца. Бо дожы — гэта не ліцвінскія магнаты, якія хаця б на словах шануюць адносіны «пане-браце». Ніводзін з іх, як Пане Каханку, з п’янымі шляхцюкамі абдымацца не будзе. На іх простым смяротным толькі здалёк глядзець: ходзяць у сваіх высокіх дзіўных капелюшах, як жывыя помнікі, а вакол ахова.
І самае крыўднае, што пан Гервасій Агалінскі дзесь тут, у Палацы Дожаў з вытанчанымі каменнымі карункамі арак і калон. Не ў пакоі з пазалочанай ляпнінай, а ў адной з дзевятнаццаці жахлівых камер падземнай турмы Поццы, або Турмы калодзежаў. Пад самым дахам палаца — П’ёмбі, Свінцовая вязніца. Але туды садзяць толькі дзяржаўных злачынцаў высокага палёту. А пана Гервасія здалі Трыбуналу, як звычайнага забойцу.
І без асабістай просьбы Караля Радзівіла, на якога нібыта рыхтаваў замах Агалінскі, у мясцовы Трыбунал не сунешся.
І вось чарнавусы пан Рысь са світы Пане Каханку, той самы, з-за чыйго ліста заварылася каша, паведаміў: ёсць шанец! Князь прыедзе з Мурана, з загараднага вясёлага дома ў тэатр. Трэба лавіць яго ў ложы.
Вось і слізгалі яны цяпер у гандоле па чорных каналах, пад гарбатымі мастамі, адным з якіх праводзяць вязняў у страшную венецыянскую турму.
«Аморэ! Аморэ!»
І к’янці не трэба, каб ап’янець ад гэтых мігатлівых агнёў і звонкіх руладаў, ад рухавых таямнічых постацяў Каламбін і Смеральдзін — ці пацалунак атрымаеш, ці стылет пад скабы? Заваблівы жаночы смех растае ў вузкім, як сцежка да смерці, завулку, і так хочацца забыцца на ўсё — і бегчы, даганяць кароткае карнавальнае шчасце-ачмурэнне... Хай і вылавяць назаўтра тваё цела ў адным са смярдзючых каналаў незадаволеныя смеццяры — да тваіх мёртвых вуснаў прыліпла шчаслівая ўсмешка, што ператвараецца паступова ў жаласны выскал... Ніхто не зважыць на след ад каралавай памады, што не змыла марская вада з тваёй шчакі, як змыла з тваёй кашулі кроў. Ніхто не будзе шукаць, чый залацісты волас змяіцца між тваіх скурчаных пальцаў.
А ўладарка гэтага золата ўсё гэтак жа смяецца з-пад белай парцалянавай маскі на адным з гарбатых масткоў, і паказваецца з-пад чорнага аксаміту плашча вострая дзюбка серабрыстага туфліка...