Чароўная і згубная, як найлепшае віно, Венецыя!
Ад Пане Каханку сапраўды за тры сажні патыхала віном. Ён, апрануты ў сармацкі строй — серабрысты жупан, гранатавы кунтуш, мусіць, і гузікі на жупане з тым жа надпісам — «fiducia amicorum fortis», асунуўся ў выгодным фатэлі і драмаў, не зважаючы на позіркі.
А пазіралі на ягоную ложу ўвесь час: уладальнік шаснаццаці гарадоў з далёкай Сарматыі быў знакамітасцю. Хадзілі легенды, як на княскіх прыёмах жывыя вераб’і выляталі са шматпавярховых пірагоў, білі фантаны віна, замест напояў у кубках на сталах аказваліся залатыя манеты. Але стравы падаваліся такія тлустыя, цяжкія для страўніка, што толькі ў дзікай сармацкай краіне падобнае могуць есці.
Твар князя быў чырвоны, як і ягоная лысіна, а вочы не адплюшчваліся. Хаця на сцэне на ўсе засаўкі буялі жарсці, і чароўная Беатрычэ ніяк не магла з’яднацца з адважным Фларында. У глыбіні ложы стаілася пышная пані, лена абмахваючыся веерам — відаць, мясцовая княская метрэса, бо Пане Каханку любіў такіх кабетаў, каб адной рукой не абхапіць. Мо таму жвавенькая Тэрэза Ржавуская не выклікала ў яго сімпатыі?
Пан Рысь, таксама ў сармацкім уборы, таптаўся ўшчыльную ля княскага фатэля, не наважваючыся нат перхануць, каб прывабіць увагу ўладара. Так яны да сканчэння спектакля таптацца будуць... Вунь гледачы запляскалі, зараўлі, засвісталі, ухваляючы прыгажуньку, што скончыла руладу, а пан Караль сапе сабе.
А вось свіст проста над вухам. У чатыры пальцы. Тут хочаш не хочаш, вочы адплюшчыш. Князь неўразумела аглядаўся. Пранціш хуценька адсунуў за спіну задаволеную Рэгінку, якая абцірала абсліняўленыя пальцы аб камзольчык, і бухнуўся на калені:
— Пане-дабрадзею, сонца наша!
А чаго ўжо мёду шкадаваць... Краем вока заўважыў, як Бутрым трохі скрывіўся. Ну, давай жа на калені, не да рэспубліканства! Не, не стаў. Толькі галаву схіліў пачціва. Сын гарбара, а фанабэрыі... Зусім сапсаваўся падчас зносінаў з масонам Жыліберам.
Пакуль князь вагаўся, якой ступені гневу заслугоўваюць нікчымнікі, Вырвіч вываліў усё, што мог, перасыпаючы ліслівымі слоўцамі. І што яснавяльможнага князя падступна падманулі шпегі ды змоўшчыкі... І пра горкі лёс абгаворанага Агалінскага ды ягонай няшчаснай дачушкі... І пра доктара Лёдніка, які пацярпеў з-за таго, што збіраўся паслужыць ягонай вяльможнай мосці... І пан Вырвіч, суддзя менскі справядлівы, з-за таго ж пасады пазбавіўся.
— Заторкніся, балбатун, у мяне зараз галава выбухне ад тваёй малатні... Квасу!
Зараз жа, адштурхнуўшы Пранціша, да князя кінуўся слуга з гліняным чорнадымленым збаном, відавочна лепленым дзесь у Ганцавічах.
Князь шумна адпіў проста з гарлача, абліваючы парчовы жупан. Крактануў задаволена.
— Ліцвінскі квас — гэта вам не іхні «лі-ма-на-да», ад якога дупа зліпаецца. Ну, давайце вашы паперы.
Пан Рысь шумна выдыхнуў над вухам Вырвіча: здаецца, вяльможны не дужа ў гневе. Пранціш хуценька працягнуў ліст, напісаны Адамам Брастоўскім.
Радзівіл вывучаў пасланне, а Пранціш крадма вывучаў князя. Той павольна варушыў азызлымі вуснамі, трымаючы ліст амаль ля аб’ёмнага носа з чырвонымі прожылкамі, і Вырвіч успомніў погаласку, што Пане Каханку — невук, дурань прыродны. Літары ледзь у падлеткавым узросце вывучыў, калі адзін настаўнік дапяў выкарыстоўваць іх у якасці мішэняў для стральбы, да якой юны княжыч быў ахвочы. Але князь на імгненне адарваў светла-мутныя вочы ад паперы, укалоўшы позіркам Лёдніка, як пекар трэсачкай працінае пірог, ці ўпёкся... Не, князь быў кім заўгодна, але не дурнем. Цікава, як ён паводзіўся, калі жыў ягоны старэйшы брат-блізнюк? Зайздросціў, злаваўся, намагаўся пераўзысці? Ён ужо тады, у падлеткавым узросце, пачаў збіраць сваё войска, фундаваць банду адданых людзей — падарункамі, панібрацтвам, зваротам да шляхецкіх ідэалаў. Дурань такое не правярнуў бы.
А калі застаўся адзіным спадчыннікам?
Ніхто не можа прыпомніць, каб Пане Каханку ўвогуле згадваў брата Януша, чыё месца заняў, нібыта хацеў сцерці яго ў памяці людской. Застацца адзіным і непаўторным.
— Ты майго пана-бацьку лячыў?
Лёднік схіліўся ў паклоне.
— Так, меў гонар, ваша княская мосць.
— Паглядзім, які ты эскулап хвалёны. Прызначыш мне пасля штось ад пячонкі. Пячонка прыхоплівае.
Нездарма Бутрым першае, што зрабіў па прыездзе ў Венецыю — набыў сабе скураную доктарскую валізку з неабходным рыштункам, замест той, што звёз у рыдване баязлівы Фульчык.
Князь паварушыў адвіслымі вуснамі.
— Агалінскі здрайца. Прамяняў маю схільнасць на ўсмешкі падшыванкі Багінскай. Хіба што каб ейнаму братку нос падбіць, заступлюся. Няма чаго расейцам бязродным нашых князёўнаў аддаваць.