Махнуў нецярпліва рукой метрэсе, і тая нібыта выцекла з ложы, ледзь сваё крэсла не паваліла ды мушкі з набеленай круглай фізіяноміі не пагубляла. Радзівіл насупіўся, не зважаючы на тое, што на сцэне зноў загучалі рулады, і Смеральдзіна мела дастаткова пышны бюст.
— Адам піша, вы можаце здабыць рог святога Юрыя. А то мае пасланцы па яго нешта марудзяць. З пячоры святога Тарэла іх увогуле вытурылі жаўнеры, нібыта самім Папам прысланыя.
— У нас толькі здагадкі, ваша княская мосць, пра знаходжанне згаданай святой рэчы, — парушыў маўчанне Лёднік. — І насмелюся выказаць сваё нявартае меркаванне — гэта хутчэй за ўсё легенда.
— Раз Адам піша, што зможаце, значыць, не выяўляйце майго вернага сябра лгуном. Бо гэта абраза мне самому, пане каханку, — вочы Радзівіла пачалі налівацца чырванню. Ён наўрад лічыў сябе простым смяротным.
Пранціш паспяшаўся запэўніць, што прыкладуць усе намаганні... Але князь ужо гневаўся, упёршыся позіркам у наравістага Лёдніка.
— Я яшчэ не забыўся, як з-за вас мне вогненны меч не дастаўся!
І сапраўды, калісь Лёднік і Пранціш у кампаніі з панам Агалінскім і ягонай будучай сужонкай адправіліся здабываць таямнічую зброю доктара Дзі ў Ангельшчыну. На той артэфакт прэтэндавалі абодва магнаты: і Радзівіл, і Багінскі. Але ўся таямніца выявілася шалберствам... Што, вядома, зараз давесці было немагчыма.
— Насмелюся нагадаць, вашамосць, што менавіта доктар Лёднік выратаваў вашых прыхільнікаў, студэнтаў Віленскай акадэміі, ад арышту, гэта і ксёндз Марэк можа пацвердзіць! — пачаў лемантацыю Пранціш.
— Ведаем, як вызваліў. З расейскай царыцай у ложку, — вырачыў вочы Радзівіл. У злосці ягонай быў добры дамешак зайздрасці.
— Гэта плёткі, вашамосць. — спахмурнеў доктар, але яго словы расталі ў тэатральнай прасторы, як дымок ад адной з тысяч свечак.
— Або шукайце рог, або запхну вас, пане каханку, туды ж, куды Агалінскага. Ні ў якім разе нельга, каб рэліквія худапахолку Панятоўскаму дасталася! Да святога Тарэла ён мае адносінаў не болей, чым свіння да сухой ігрушы. Знойдзеце — вазьму цябе, Лёднік, у свае асабістыя лекары, а тваіх дзяцей прыстрою пры сваім двары.
Баўтрамей стрымаў скептычны каментар да такога гонару. Алесь тузануў за руку Рэгінку — уяўнага брата, каб не забылася пачціва пакланіцца і не запярэчыла князю наконт сапраўднага паходжання. Зарабіў выспятак у лытку: маўляў, не дурней за васпана, вось як кланяцца па-прыдворнаму ўмею.
Пранціш, якому не было дэкляравана ніводнага перніка, не спяшаўся падымацца з каленяў, якія ўжо балелі ад пачцівага стаяння:
— Ваша княская мосць, насмелюся нагадаць пра абяцанне вызваліць пана Гервасія Агалінскага.
Радзівіл адвярнуўся да сцэны:
— Хай падрыхтуюць ліст трыбунальным. І сто дукатаў вам на расходы. А заўтра. Не — лепш пазаўтраму прыйдзеце ў мой палац з дакладам.
Пан Рысь хуценька выпхнуў просьбітаў з ложы і выцер рукой спацелы
лоб.
— Колькі ведаю вас, пан Лёднік, столькі даводзіцца трапляць на падобныя цяжкія размовы. Лепш бы мы зноў з вамі на двубоі пабіліся. Віншую, аднак: пан дабрадзей наш у гуморы.
Калі гэта «ў гуморы», дык што тады кепскі настрой па-княску?
...За сценамі Палаца Дожаў узрываліся феерверкі, а перад вачыма візіцёраў мільгалі ў цемры калідора белыя панчохі турэмшчыка. Ліхтар акрэсліваў рухомую выспу святла, з якой не хацелася збочваць. Бо па-за ёй у густой, аж да скуры ліпла, цемры крапала вада, чуліся застрашлівыя шоргаты і стогны. Пранціш мацней сціскаў дзяржальна свайго Гіпацэнтаўра. Хоць з кім тут біцца? У іх з Бутрымам афіцыйная папера на вызваленне вязня, вунь турэмшчык які ветлівы: «Прэга, прэга, сіньёры». А калідор усё спускаецца, а лесвіцы ўсё вільготней ды пакручасцей.
Калодзежы турмы Поцы былі, вядома, больш выгодныя, чым студня ў ашмянскіх сутарэннях, але падабенства несумненнае. Так і чуўся голас ашмянскага Харона: «Ты ніколі не сыдзеш з майго чоўна». Нізкія дзверы, ажно чорныя ад вільгаці, з зачыненым на засаўку акенцам. Турэмшчык забразгаў ключамі. Шчоўкнуў замок. Дзверы расчыняліся марудна, па вяршку, бо разбухлая драўніна ледзь сунулася па камні з агідным шоргатам. Праз шчыліну можно было заўважыць, што падлога вязніцы ніжэй за парог дзесь на локаць, унізе люстравала святло ліхтара вада. Пахла морам і сметніцай адначасова.
Але разгледзець убранне камеры не ўдалося: дзверы штурханула знутры нейкая пагрозная сіла, турэмшчык паваліўся, і на яго галаву да таго ж абрынулася цяжкая дошка.