Выбрать главу

— Пакрышу італьяшак!

Узброены драўляным абломкам сіньёр, які выскачыў з залітага вадою каменнага пакоя, выглядаў застрашліва. Плячысты, па-дзікунску зарослы валасамі, што адлівалі ў святле ліхтара меддзю, адзежа падраная і збуцвелая.

— Свае, пан Гервасій!

Лёднік спакойна адхінуўся ўбок ад замаху дошкі.

— Святая Цэцылія, наш доктар тутака! І пан Вырвіч! Можа, я ўжо выпруціўся ў гэтых італійскіх сутарэннях, і не заўважыў?

Калмата-барадаты адкінуў убок сваю зброю і сціснуў у абдоймах гасцей.

— Яны ж, заразы, да мяне заходзіць баяліся, ежу, як сабаку, праз дзірку ў дзвярах кідалі. А пад рукой нічога, толькі дошка даўгая замест лаўкі ўздоўж сцяны. Бо як прыліў — падлогу ледзь не па калена залівае. Я, мусіць, месяц згнілы канец той дошкі адломваў, каб хоць якая зброя. Думаў — толькі з’явіцеся, гады, учыню Грунвальд! Выпіць ёсць што? Гарэліца? Ну хоць вінцо? Я б зараз бочку. Ды кумпяком закусваючы.

Пранціш сунуў раззлаванаму турэмшчыку, які паціраў выцятае плячо, пару сольда, а Лёднік тым часам частаваў Агалінскага з біклажкі. Расчараванне — не гарэлкай, а ўмацавальным настоем. Лусту хлеба з сырам Агалінскі заглынуў, амаль не жуючы.

— Ну, пайшлі ў бліжэйшую карчму!

Але падумаць толькі — апрануты ў мокрае рыззё Амерыканец яшчэ й незадаволены, што вызваліцелі для яго прыхапілі не праўдзівы сармацкі строй, з кунтушом ды слуцкім паясам, а модны камзол ды куртатыя нагавіцы! Як ён перад сваім дарагім панам Каралем у такім неадпаведным альбанчыку выглядзе пакажацца?

Думае, той пан Караль яго проста на вуліцы чакае.

А на вуліцы, дзе нават няяркае вечаровае святло змусіла нядаўняга вязня прыжмурыцца, ад прычалу, дзе гайдалася адзінокая гандола, кінуўся хлопчык у серабрыстым камзоле:

— Тата! Прабач мне!

Ашаломлены пан Гервасій падхапіў сваю радасць на рукі:

— Вавёрачка! Красачка мая!

Голас Агалінскага зрываўся ад узрушэння.

— Пан Вырвіч, пан Лёднік, абавязаны вам. Усё, што хочаце. О, а гэта няўжо Аляксандр Лёднік?

Словы, адрасаваныя юнаку, былі вымаўленыя з нейкім незразумелым пачуццём. Алесь паважна пакланіўся, насцярожана разглядаючы бацьку Рэгінкі: ці не сваяк? Але князёўна і сама жадала гэта высветліць:

— Татусю, а вось гэты пан Аляксандр, ён брат мой?

Пранціш адвесіў у думках сабе і Лёдніку ляпаса: калі пачалі таямніцы адкрываць, дык трэба было да канца пыл мінулага вытрасаць. А то вунь Агалінскі ледзь не паваліўся разам з дачкой на венецыянскую брукаванку:

— Не ведаю, што тут хто выдумаў, але ў гэтым маладым пане ні кроплі крыві Агалінскіх няма. І Багінскіх таксама.

І кінуў пагрозны позірк на Бутрыма, той збянтэжана апусціў вочы. А вось паненка, калі і расчаравалася, дык на нейкае імгненне. Хітры позірк, які яна паслала Алесю — больш не брату, змусіў хлапца здрыгануцца ад нядобрых прадчуванняў.

Праз смугу і вецер прайшла карнавальная кампанія: шаргатлівыя спадніцы, прыўкрасная парцалянавая абыякавасць масак, плашчы, што таямніча ляцяць за постаццю. Леная п’яная лаянка між сіньёрамі наконт зніклай срэбнай табакеркі, аднак, змяншала казачнасць карціны.

— Ну што, у карчму?

Усмешка пана Гервасія цяпер была дакладна падобная да ўсмешкі ягонай дачушкі, бо ў ёй таксама не хапала верхняга зуба.

Ну і лясун з тымі зубамі, іх Пан Бог дае нам цэлую жменю — каб не было падставы ўнікаць шляхецкай бойкі, хай і на кулаках. Усе за адзін раз не выб’юць!

У італьянскай карчме пад назвай «У каралевы амазонак» можна прыстойна пабіцца. Добра, што адзін баявіты ліцвін надта згаладаўся ды знясіліўся ў паганай калодзежнай турме. Кухару, пэўна, адна любасць глядзець, як паглынаюць ягоныя духмяныя творы наведнікі, падобныя да пана Гервасія Агалінскага. Схуднелы Амерыканец так наварочваў нейкую мясцовую страву — макароны з пакрышанай ялавічынай, што, здавалася, чарга дойдзе да глінянай талеркі. Праўда, каб вылаяцца на славалюбную жоначку ды падступных Брастоўскіх, Панятоўскіх, Багінскіх ды іншых здрайцаў, часу вылучаў.

Калі ж дайшло да дэсерту ў выглядзе гары маленькіх піражкоў з вішнёвым ды персікавым варэннем, злосна выгукнуў, стукнуўшы кулаком па стале:

— У Трыбунал пайду! Дзіця пры жывым бацьку адбіраць! З усялякімі прыхаднямі заручаць!

Малая Агалінская згодна і шчасліва ківала галавой і шчарбата ўсміхалася, ззяючы рабацінкамі.

— І ўсё-ткі кахаю яе, заразу. — тужліва прамовіў Агалінскі. — Паланэйку, валькірыю сваю. Яна ж такая. — голас пана загучаў зусім пяшчотна. — Робіць, як галавой з моста, не падумаўшы. Старэйшаму нашаму, Міхалу, усяго год быў, а мне давялося тэрмінова з’ехаць — рушэнне, напад на суседні форт. Дык яна праз дзень прыехала да мяне разам з немаўляцем, на кані, адна, праз лес, па дарозе ад ваўкоў адстрэльваючыся. Сказала — засумавала! Я ледзь не пасівеў тады. А яна рагоча! Але дзяцей сваіх Багінскім не аддам!