Выбрать главу

Пан Гервасій зноў стукнуў кулаком.

— І ўсё-ткі астыньце ды падумайце, вашамосць, — асцярожна прамовіў доктар. — Ці не пашкадуеце пасля? Штакельбергі — бароны, род уплывовы. Камергеры, дыпламаты. І ў вашага швагра, вялікага гетмана, сваіх дзяцей няма, таму панна Рэгіна будзе спадчынніцай неверагодных уладанняў.

— Закладніцай на ўсё жыццё яна будзе! — рыкнуў пан Гервасій. — Ведаце, сярод дзікіх лясоў і моцных простых людзей вельмі хутка разумееш сапраўдную вартасць славы. Шчасця можа адсыпацца куфар з верхам у будане і з парушынку ў палацы. А стаць нявесткай чалавека, які кіраваў знішчэннем тваёй радзімы — ганьба!

— Татусю, нізавошта мяне не аддавай назад! — заверашчала Рэгінка, учапіўшыся за рукаў бацькі. — Я там памру!

Пан Гервасій растрапаў яе рудыя валасы:

— Нізавошта, вавёрачка! Усіх злыдняў шаблямі пакрышым! Калі што, ягамосць князь Радзівіл нас выратуе!

І абое ўчапіліся зубамі ў венецыянскія піражкі.

Адно слова, рудая агалінская парода.

— Зялёная вішня З-пад кораня выйшла.

Аддала мяне маці,

Дзе я непрывычна.

Ты думаеш, маці,

Што я тут паную,

Прыйдзі, падзівіся,

Як я тут гарую,—

спяваў ціхенька Пранцысь і ўсміхаўся сумна, успамінаючы тую кручаную заакіянскую Рэгінкіну маці. І тое, як пан Гервасій, у чарговы раз трапіўшы з-за Паланэйкі ў турму, шчыра, не вагаючыся гаворыць «кахаю». Ці змог бы Вырвіч вось так?

Між тым Амерыканец ірваўся кінуцца ў ногі свайму дабрадзею Радзівілу. Не можа вялікага сэрца князь не адгукнуцца на шчырае парыванне вернага слугі.

Вось толькі за вызваленне гэтага слугі яшчэ трэба было расплаціцца.

Вестку пра тое, што мусяць здабываць рог святога Георгія, а можа, самую трубу Іерыхонскую, пан Агалінскі сустрэў з энтузіязмам.

За суседнімі сталамі радавітыя патрыцыі, звычайныя гараджане — чытадзіні, а мо і багатыя прасталюдцы-папалана, ураўняныя між сабою лічынамі і маскараднымі ўборамі, гулялі ў карты, пілі віно, дамаўляліся пра галантныя спатканні.

Банда Чорнага Доктара складала план апаганьвання святыні. Амерыканец завёў быў пра сваё ўменне караскацца на высозныя дрэвы, але нат ён усведамляў, што гладкі граніт — не кара. Драбіны велізарныя змайстрачыць? Надта высока. Рэгінка падумала і прапанавала ўчыніць маленькі такі сімпатычны ўзрыўчык. Раз нельга ўзняцца да льва, хай леў спусціцца на зямлю.

— У прапанове паненкі адна слушнасць ёсць, — прамовіў Лёднік. — Трэба шукаць неверагодны на першы погляд шлях. Ускараскацца нельга. Тады.

— Узляцець, ці што? — насмешна кінуў Агалінскі.

Пранціш, Бутрым і Алесь павольна сустрэліся позіркамі. Агалінскі папярхнуўся, гледзячы на іх задуменныя твары.

— Гэй, вы што, я пажартаваў!

— А зараз карнавал, пан бацька, — гэтак жа задуменна прамовіў малады Лёднік. — Можна хоць з гарматаў страляць, хоць ракеты запускаць.

— Ракета, бадай што, занадта. А вось спадар Чунь Лі распавядаў мне ў Вільні пра кітайскія паветраныя ліхтарыкі, якія ўздымаюцца з дапамогай нагрэтага паветра, — Лёднік мройна прыжмурыў вочы.

— А помніш, Бутрым, мы паветраных змеяў бачылі ў Дракошчыне? Там такія велізарныя былі, што на іх можна было ад зямлі адарвацца! — ажывіўся Пранціш.

— Тым болей нам не трэба да аблокаў, усяго на колькі сажняў падняцца, — заківаў Алесь у радасным прадчуванні эксперымента, адзін у адзін — малады варыянт бацькі. Нос дзюбаты, толькі яшчэ ні разу не ламаны, цёмныя вочы гараць.

— Вы вар’яты, панове! — Агалінскі нават жаваць перастаў. — Я думаў, толькі мае індыяне выдумляюць казкі пра ўсялякіх лётаючых цмокаў ды чоўны.

— Ды нават тут, у Венецыі, трыста год таму інжынер Джавані дзі Фантана прапаноўваў падымаць людзей з дапамогай нагрэтага паветра, — няўважна тлумачыў Лёднік. — Пасля Франчэска Лана-Тэрцы хацеў скарыстаць для таго ж сферы з вакуумам. Ну, гэта бескарысна. А вось цяперашнія доследы Жака Шарля з рознымі газамі.

— Віват! Мы зробім паветранага змея! — падскоквала на цвёрдай лаўцы італьянскай карчмы Рэгінка. А Лёднік дастаў свой нататнік і давай штось крэсліць, пад пільнай і трохі раўнівай увагай сына. Ясна, хлапец улучыцца ў вынаходніцтва. Пан Гервасій жа, сумленны беларускі шляхціц, руды, адважны і прамы, як прадзедаўскі меч, дзіваваўся і піў з празрыстага сіняга келіха венецыянскае хмяльное пітво, радуючыся ў сэрцы сваім віну, сяброўству і мілай дачушцы.