Выбрать главу

— Калі прыгажосць патрабуе ахвяраваць здароўем — гэта ўжо не прыгажосць, — нарэшце парушыў маўчанне былы алхімік, разумеючы, што ўсе чакаюць тлумачэнняў. — Колькі я фурункулаў, што ўтварыліся ад велізарных парыкоў, залячыў! Звярталася і процьма дзяўчатак ды жанчынаў, у якіх ад тугіх гарсэтаў дэфармаваліся скабы. Былі выпадкі, калі рэбры ўпіваліся ва ўнутраныя органы. І ўжо, вядома, нармальныя цяжарнасць і роды часам былі проста немагчымыя.

— А мяне ў Багінскіх змушалі насіць гарсэт! — зараз жа абурана паскардзілася Рэгінка. — Зацягвалі так, што не ўздыхнуць!

— Дык вось, — неахвотна працягваў Лёднік, — у сіньёры Апалоніі — гэта яе сцэнічны псеўданім, праблема роўна адваротная. Але таго ж роду. Неяк яе пабачыў на сцэне пан Караль, упадабаў. Адзінае што, пабедаваў — трохі на ягоны густ худая. Іначай. Для сіньёры гэта быў бліскучы шанец. За тры тыдні паненка нагнала на сябе, можа, цэлы пуд тлушчу. Пане Каханку прыйшоў у захапленне. Асыпаў золатам, падарункамі, пасяліў у сябе. І вось два гады небарака імкнецца набраць паболей вагі і, не дай Гасподзь, не патанчэць. Не пытайцеся, якімі метадамі, і як адбілася на здароўі. Але — бяда. Княскім дактарам прызнацца баіцца ў хворасцях. Да каго звярталася таемна — рады не даюць. Пачала худнець. Вось і кінулася да мяне, начуўшыся ўсялякіх казак пра маё майстэрства. Хочаце — верце, хочаце — не.

— Я вам веру, пан доктар-магік! — заявіла Рэгінка. — І ніколі гарсэт насіць не буду! Мая пані маці не носіць, у куфры сукенкі з гарсэтамі трымае.

Вырвіч скасавурыўся: Алесь ішоў, апусціўшы галаву. Відаць было, што і сорамна за кепскія думкі пра бацьку, і прасіць прабачэння не хоча. Што ж, старэйшы Лёднік тая яшчэ паляндра. Як гэты прасталюдца ўмудраецца кіраваць ганарыстымі шляхцюкамі?

Вось, цягам тыдня, што рыхтаваліся да палёту за спадчынай Тарэла, неяк жа не пусціў пана Агалінскага ў тракцір «Грэцкі мост» — хіба не адзінае месца, дзе можна ў Венецыі выпіць добрай гарэліцы. Там працавала дванаццаць перагонных кубоў, за празрыстае шчасце з кожнага з якіх пан Рысь пану Агалінскаму паручыўся. А хіба праўдзівы шляхціц можа задаволіць душу салодзенькім кіпрскім віном, што нагадвае кампот, альбо лікёрам з пялёсткаў ружаў ды апельсінаў?

Затое нат аскетычны Лёднік не змог не прызнаць, што золата — вялікая сіла. Без княскіх дукатаў як за такі кароткі тэрмін зладзіць начны баль! П’яцэта, невялікая плошча ля Палаца Дожаў, што выходзіла на ўзбярэжную, нагадвала балота на Дзень усіх святых, калі, як вядома, запальваюцца балотныя агеньчыкі. Папяровыя ліхтарыкі, зробленыя па чарцяжах Баўтрамея сотнямі майстроў, свяціліся ў цемры прывіднымі сэрцайкамі, бо ў кожным гарэў маленечкі свяцільнік. Ліхтары былі розных памераў, адны з галуба, другія з фазана, а некалькі, з прамазанага клеем шоўку — проста гіганцкія, як карэта, да кожнага пачэпленыя смешныя лялькі ў карнавальных уборах, напханыя саломай. Адзін з такіх ліхтароў, у форме вялізнай гандолы, лунаў у некалькіх сажнях над плошчай, навязаны на канат. А на тым канаце гайдаўся Арлекін — наня­ты артыст. Ён дрыгаў рукамі і нагамі, выкрыкваў нешта смешнае, кідаўся ў публіку канфеці. А публікі! У карнавальную Венецыю з’ехалася ўся Еўропа. І паспрабуй адрозні, хто адкуль — адны Смеральдзіны, П’еро, Каламбіны, Скарамуча, Пульчынелы ў масках. Фантастычнасць дадавалі феерверкі, якія час ад часу выбухалі на плошчы, ледзь не падпальваючы паветраныя шары і людзей.

— Рыхтуйся, Алесь. — напружана прамовіў высокі Прывід, увесь захутаны ў чорнае. Маска Прывіда, альбо Баўты, была зладжаная такім чынам, што ніжняя частка адыходзіла ад твару, дазваляючы есці і піць, не здымаючы яе. А яшчэ пачварна скажала голас. Плашч Баўты развяваецца, чорны балахон захінае валасы. Самае то аблічча для Чорнага Доктара.

Алесь, таксама ў чорным, але апрануты, каб можна было зручна рухацца, трымаўся за канат яшчэ аднаго гіганцкага ліхтара ў выглядзе серабрыстай гандолы, які пагойдваўся на марскім ветры, напоўнены цёплым паветрам. Для надзейнасці на канаце была спецыяльная раменная пятля.

— Ну чаму не я палячу? Я ж самая лёгкая! — нудзела Рэгінка. Агалінскі жа час ад часу, як адвергнуты закаханы, касавурыўся на ярка асветленую ложу ў будынку Пракурацыі, насупраць Палаца Дожаў. Там красаваўся князь Радзівіл у суправаджэнні світы.

Выбухнуў чарговы феерверк, і паветраная гандола ля калоны Святога Марка пайшла наверх — рабочыя, як было дамоўлена, патроху адпускалі канат. Паколькі падымаліся адразу ўсе ліхтары на плошчы, ніхто асабліва не зважаў на цёмную фігуру пад адным з іх. Падумаеш! Вунь калі на кампанілу — званіцу сабора Святога Марка ўздымаецца на вяроўках падобная гандола з адважным венецыянцам, вось тады — відовішча! Канатаходца, што ў гэты час вытылінгвае смяротна небяспечны танец на вяроўцы паміж балконамі Палаца Дожаў і Пракурацыі, над стракатай балбатлівай безданню П’яцэты, непараўнальна больш прыцягвае позіркаў. Да таго ж ля калон тоўпілася куды менш народу: тут, бліжэй да мора, было цямней і халадней, а месца між калонамі лічылася праклятым. Там стагоддзямі каралі злачынцаў, таму праўдзівы венецыянец нізавошта не пройдзе паміж гранітнымі слупамі.