Выбрать главу

Паветраная гандола роўненька прыляпілася да спіны каменнага льва, пагойдваючыся, быццам ад здзіўлення. Вось, як дамоўлена, уніз паляцела светлая аксамітная хустачка з загорнутым у яе каменьчыкам. Цяпер канат належыць замацаваць на патрэбнай вышыні.

Старэйшы Лёднік прыўзняў маску і выцер рукавом лоб. Як жа Алесь высока. Ледзь удалося ўламаць суровага доктара, каб дазволіў рызыкнуць сыну. Вось яшчэ адна светлая плямка паляцела на брукаванку. Няўжо ўдалося дабрацца да спадчыны святога Тарэла? Падобна, так.

Цяпер хутчэй цягнуць уніз.

Выбухнула адразу некалькі феерверкаў, і раптам усе ліхтары на плошчы павольна паплылі ўверх, адпушчаныя ў чорнае венецыянскае неба. Ранавата. Мусіць, Радзівіл даў знак. Людзі загарлалі «Віват!» Нейкі чужы Арлекін, п’яна пагойдваючыся, прабягаў паўз калоны Святога Марка, заўважыў няправільнае: адзін вялізны ліхтар, замест каб узлунаць, апускаўся ўніз. Ці гэта была сапраўды п’яная недарэчнасць, ці вынік змовы — але Арлекін секануў палашом па канаце і пабег, губляючыся ў маскарадным моры. Чорны Доктар неверагодным скачком падкінуў сябе ўверх, але кончыкі пальцаў саслізнулі з абрэзанай вяроўкі.

Паветраная гандола не тое, каб адразу рынулася да зор, але ляцела дастаткова высока, каб не даць саскочыць. Вецер нёс яе ў бок пляца Сан-Марка. Баўтрамей і Пранціш кінуліся следам, расштурхваючы бязлітасна публіку. Агалінскі з Рэгінкай на плячах пёрся следам, як дрыгкант. Вырвіч краем вока заўважыў: некалькі чалавек таксама пераследавалі ліхтар. Які раптам згас, тузануўшыся. Ясна — скеміў Алесь, усё ж спрытны хлопец, у татку, дабраўся да палаючай гарэлкі, загасіў. Цяпер паветра будзе патроху астываць, шар апусціцца. Вось камусьці прываліць шчасце — цэлая гара добрага кітайскага шоўку! На ўсё жыццё хопіць насоўкі рабіць!

Між тым шчасце прывальвала за нейкі каменны плот, упрыгожаны ссохлым плюшчом. Менавіта туды, у дворык, апускаўся згаслы ліхтар з давескам у выглядзе дактаровіча. Дружны дзявочы віскат, які пачуўся з-за агароджы, змусіў Пранціша прыспешыцца. Чорны Доктар караскаўся на шурпатую сцяну ў белых плямах пабелкі, а Вырвіч штурхаў жалезную браму... Вось табе на — патрапіў Аляксандр Лёднік у адзін з дабрачынных прытулкаў для паненак пад назвай аспітале. Пра гэтыя ўстановы з захапленнем распавядаў Пранцішу пан Рысь. Тут пад прыглядам пачцівых мнішак венецыянскія паненкі вучыліся прыгожым навукам, і асабліва спяванню. Хоры выхаванак аспітале лічыліся найлепшым далікатэсам да любой урачыстасці. А для багатых сіньёраў, кшталту Радзівіла — аранжарэя юных кветачак на любы густ.

Не паспеў Алесь прызямліцца сярод паненак у цёмных манаскіх сукенках з белымі каўнерчыкамі.

— Гэта да мяне! Ай, брава, якая смеласць!

— Чаму гэта да цябе, лахудра? Гэта той малады сіньёр, які падміргваў мне ў касцёле!

— Не табе, а мне!

Алеся схапілі дзясяткі пяшчотных тонкіх ручак:

— Сіньёр, туды, туды, хавайцеся.

Гучны голас пані, якая тут, відаць, была за галоўную, дапытваўся, што за гармідар, што за смяццё валяецца пасярод двара, але юны ліцвін аказаўся засунуты ў драўляную нішу з краткамі, на шчацэ падсыхалі пацалункі.

— Гэта нейкая карнавальная штука звалілася!

— Відаць, паветраны змей, мадам!

Зноў крыкі, на гэты раз з мужчынскай лаянкай. Чорны Прывід злавесна выгукнуў:

— Алесь, ты дзе?

Дактаровіч ледзь выламіўся са скрыні, куды яго засунулі міласэрныя венецыяначкі, што не стрымалі зараз расчараваных стогнаў.

— Пан бацька, я тут!

Карціна вымалявалася, як на сцэне італьянскага тэатра. Невядома толькі, у духу Гоццы ці Гальдоні, вечных супернікаў. Відаць усё-ткі, Гоццы, прыхільніка казкі і маскі. Праз сцены лезлі іншыя персоны, хто ў касцюме Арлекіна, хто Панталонэ, на чыім хто баку, незразумела, але мэта ўсіх ясная: металёвы цыліндр, які Аляксандр Лёднік пяшчотна прыціскаў да грудзей. Іншай зброі ў пана не было.

Затое ў астатніх была.

Заліхвацкі свіст у чатыры пальцы засведчыў, што падбегла цяжкая кавалерыя ў асобе пана Агалінскага, і паненка Рэгіна заняла стратэгічна выгадную пазіцыю на версе сцяны. Ейны татухна натхнёна гарлаў: