Выбрать главу

Пранціш захапленне пана Рыся нясвіжскім ардынатам не падзяляў. Што гераічнага ў тым, што князь хоча і ў ваду не залезці, і рыбку з’есці? Вырвіч цалкам пагадзіўся з устрывожаным Лёднікам: лезці паміж молатам і кавадлам, або Радзівіламі і каралём, не варта. Скарыстаюць і забудуцца, як на дзіравы чаравік.

Дарэмна раскормленыя пахолкі Капаніч, на ўсходні манер у шальварах і шаўковых халатах, з-пад турбаноў вытыркаецца салома ліцвінскага валосся, — чакалі, пакуль паны добранька шкляному богу паклоняцца. Тады і слугам перападзе глыточак-кавалачак. Бутрым і збана медавухі не выпіў. Чым мог бы абразіць гаспадара, пана Гараўскага, каб той і так не ўважаў Чорнага Доктара за фармазона. Сумленны госць не мусіць на сваіх нагах з-за стала ўставаць. Нат за парог выйшаўшы, павінен выпіць з гаспадаром на штэмпель, каб сяброўства запячатаць, потым расхадуху, потым чарку аглаблёвую, а чарку страмянную — ужо на кані седзячы...

А доктар на развітанне хуценька надаваў усім медычных парадаў ды пусціў каня лужыны восеньскія расплюхваць. Шлях няблізкі, а мусіў яшчэ ў Менск заскочыць. Былы езуіцкі калегіюм, адкуль Пранціш калісьці лататы даваў, ператварылі ў свецкую школку, і там праглі кансультацыі знакамітага прафесара Лёдніка, важнага чальца ўсемагутнай Адукацыйнай камісіі. Гэтыя запросіны Лёднік і скарыстаў, каб па дарозе завярнуць у Капанічы.

Вырвіч глядзеў услед вершніку, хударляваму, але дужаму ды жылістаму, небяспечнаму, як загартаваная шабля, усё яшчэ чарнавалосаму, толькі з нітамі сівізны, і не мог даць веры, што калі яны першы раз сустрэліся, Лёднік меў гадоў амаль столькі ж, колькі Пранцішу зараз... А было гэта на скрыжаванні за Менскам, па дарозе на Валожын, калі бегламу шкаляру праезджы пан прадаў за шэлег свайго непакорлівага раба-зоркаведа, выкінуўшы таго з карэты проста ў гразь... Тады выпадкова набыты полацкі алхімік, які страціў волю, бо нарабіў даўгоў, здабываючы філасофскі камень, здаваўся Пранцішу зусім сталым, можна сказаць, старым... Вырвіч слугу паблажліва шкадаваў: жыццё спляжыў. А колькі пасля шчэ адмерылася таго жыцця абодвум, ды з такімі выкрутасамі Фартуны — то цябе да прыступак трону падкіне, то ў сутарэнне вязніцы шпурне...

...Подзвігі, здрады, каханні і страты... Меле каменне млынар каля хаты... Стогнуць магутныя жорны, як душы. Пылам каменным твой шлях зацярушаць. Вочы сляпыя млынар не падыме... Пылам — імёны, і справы за імі, пылам — твой гонар, і слава, і цноты... Дзеці твой чэрап качаюць за плотам...

Так, ён усё яшчэ пісаў вершы, пан Вырвіч, былы шкаляр, студыёзус, дра­гун, канфедэрат, суддзя, ліцвін, беларус.

І мусіў выпраўляцца ў Менск, бо шляхціц не павінен пагарджаць сваім доўгам перад Айчынай. І калі можна дадаць у гэты жорсткі свет хоць каліўца справядлівасці, трэба гэта зрабіць.

У Менску чамусьці ля кожнага старога пажарышча, абгарэлага, сляпога дома трэслі залатым лісцем маладыя бярозкі, як цыганачкі маністамі. Гэта й урэзалася ў памяць: аблічча горада — вугаль і золата.

Пана Вырвіча завялі ў судовую залу ледзь не пад рукі: а радасць якая, быццам каранаваць збіраліся. Пане-дабрадзею, сонейка наша яснае пан суд­дзя... Хутка з’ясавалася прычына паспешлівасці і некаторай таямнічасці. У Менск нечакана заявіўся сам вялікі канюшы і падскарбій літоўскі пан Міхал Брастоўскі. Вось ён, у зале судовай. Першую лаўку заняў, наперад падаўся, на шаблю-карабэлу абапершыся, гатовы ўвобмірг сарвацца з месца ды судовых на капусту пасячы. Твар гожы. Але нервовы і трохі азызлы, бледны, як цеста. Вочы, абкружаныя ценямі ці ад гаравання, ці ад балявання, змрочна блішчаць з-пад сабалінай шапкі з дыямантавым гузам велічынёй ледзь не з кулак... Людзі магнацкія паўсюль, гайдукі, венгрыкі. Злосна шчэрацца. І таксама зброю не пакінулі за дзвярыма судовай залы, як належала, і рукі ад дзяржальнаў не адліпаюць...

Пранціш адчуў, як шыла пад рабром: змова! Патрапіў абцас у смалу... І світа з трох гайдукоў капаніцкіх не выратуе. Ніводнага добрага знаёмца, а хто ёсць са знаёмых, альбо вочы хаваюць, альбо глядзяць нахабна, чакаючы, калі з суддзі звараць булён.

Пачалося агучванне справы. І Вырвіч вушам не верыў. Малодшую дачку канюшага, паненку Праксэду Брастоўскую, знайшлі забітай на Плябанскіх Млынах у Менску. Ахвяра была страшэнна здратаваная і кінутая ў Свіслач.

Вырвіч пачаў прыпамінаць усё, што ведаў пра падскарбія літоўскага: здаецца, жанаты з Багінскай, ваевадзянкай Трокскай, і дачка ёсць, Барбара... Адкуль узялася яшчэ адна дачка?