— А мы вернемся і будзем шукаць панну Праксэду!
У Алеся ажно вочы падазрона заблішчэлі. Але сентыментальнічаць яму не далі. За рукаў настойліва тузалі:
— Пан Аляксандр, а раскажыце, як вы ляцелі? Анёлаў бачылі? А можна яшчэ раз паўтарыць, каб і я з вамі паляцела?
А вакол шчэрыліся каменныя ды жалезныя львы. Ды не тыя, што верна захоўваюць святое слова, а зусім наадварот. У пашчы гэтых пачвар, што разіналіся ў сценах ля ўваходаў у важныя дзяржаўныя ўстановы ці храмы, добрасумленныя месцічы стагоддзямі кідалі даносы на сваіх суграмадзян ці падазроных прыхадняў.
Неадменна не адзін такі леў у бліжэйшы ж час праглынуў цыдулкі пільнікаў наконт блюзнерскіх дзікуноў, якія лётаюць у небе, падобна нячысцікам, б’юцца раз’юшана, лаюцца непамысна і замыслілі штось супраць вялікай марской рэспублікі і ейных уладароў.
Так што прыхадням дужа пашанцавала. Першы ж карабель у Амерыку адыходзіў усяго праз тыдзень. На гэты тыдзень перабраліся на ўсялякі выпадак у іншы гатэль, зладжаны ў былым кляштары. Мяркуючы па ўсім, тут быў ордэн флагелянтаў — дасюль на відным месцы з глыбокай пашанай дэманстраваліся прылады, з дапамогай якіх мніхі дагаджалі Госпаду: бізуны, розгі, тоўстыя вяроўкі з завязанымі вузламі, чорна-брунатныя ад бруду і, напэўна, засохлай крыві. Вырвічу так і мсціліся крыкі болю, калі клаўся ў даволі мяккі ложак, перасыпаны персідскім парашком вытворчасці Баўтрамея. Хаця вунь у Пане Каханку звычай ёсць: як прыязджае ў які кляштар, наймае самага тоўстага мніха, каб лупіў сябе ў выкупленне грахоў спачылага кумпана, пана Міхала Валадковіча. А іначай прывід Валадковіча ноччу ля ложка Пане Каханку стаіць.
Дарэчы, з Радзівілам. Прынамсі, не паслаў запраторыць у тую ж Поцы. Дужа задаволены застаўся ліхтарнай ноччу, палётам малодшага Лёдніка, ну і тым, што Цялок без рэліквіі. Яшчэ і шпегаў удалося вылічыць сярод прыдворных, якія кінуліся даганяць лётаючага ліцвіна і адбіраць у яго трубу.
Але за пару дзён перад адплыццём Агалінскіх Лёдніка ўсё-ткі выклікалі ў палац князя. Доктар прыхапіў сваю валізку і пайшоў адзін. Пранціш і Алесь змэнчыліся, чакаючы. Амерыканец змрочна дэкляраваў адкласці ад’езд, калі зноў доктара трэба будзе выцягваць са студні. І гідліва касавурыўся на маленькага кажана, якога Алесь Лёднік трымаў у далонях і няўважна дазваляў пагладжваць захопленай князёўне. Кажанчыка дактаровіч падабраў у двары аспітале (калі толькі ўмудрыўся?), і адпойваў малаком. Нельга ж гінуць жывой істоце.
Баўтрамей вярнуўся пад раніцу. У суправаджэнні двух радзівілаўскіх слуг, якія цягнулі і яго, і ягоную валізку. П’яны. Час ад часу падымаў доўгі палец угару і прамаўляў на лаціне: «Марная марнасць, і ўсё марна ў гэтым свеце». Белая маска Прывіда надавала словам значнасць і гудкасць.
Праспаўшыся, Лёднік збянтэжана буркатнуў пра магнатаў, якім немагчыма адмовіць. Значыць, усё-ткі пасядзеў з Пане Каханку за сталом. Наконт медычнай кансультацыі ўспаміны былі цьмяныя. Палез па кішэнях камзола, шукаць сваіх запісаў, і застыў са жменяй заціснутых у руцэ каштоўнасцяў, якімі былі напханыя кішэні. Залатыя ланцугі, маністы, сыкгнеты, дукаты.
Мяркуючы па ашаломленай фізіяноміі, Лёднік круціў у галаве думку: ці не зрабіўся па п’яной справе злодзеем?
З’ясавала дастаўленая цыдулка ад сіньёры Апалоніі, якую доктар учора таксама кансультаваў. Аказваецца, Пане Каханку, пабачыўшы, што нязвыклы да моцных напояў Чорны Доктар прыкладаецца галавой да стала, пашкадаваў эскулапа, якому дастаўся такі слабы арганізм, загадаў насыпаць яму ў кішэні вартую ўзнагароду і даставіць да жытла. У самалюбнага Лёдніка ажно чырвоныя плямы на бледных шчоках загарэліся, калі ўявіў, як спаборнічалі ў жартах над ім радзівілавы нахлебнікі.
Зрабіць Лёдніка прыдворным доктарам Радзівіл, аднак, не наважыўся. Сказаў, пабойваецца занадта вучонага слугі. Дый калі той піць не ўмее, яшчэ і пацыента адвучыць!
А вось яшчэ што паведамляла пышная Апалонія. Для Пане Каханку ўжо тры іерыхонскія трубы даставілі! А чаму не, калі князь хоча? Адну, якую здабылі нібыта проста з рук нябожчыка Тарэла, Пане Каханку выпрабаваў тут жа, за балявальным сталом. Праўда, паколькі доктар гэтага не чуў скрозь гарэлачны туман, іерыхонская труба аказалася слабаватая.
На прычале доўга абдымаліся. Рэгінка цмокнула ў шчаку і пана доктара магіка, і Пранціша. Пан Агалінскі пачырванелыя вочы выціраў. Хаця незразумела было, наколькі тыя слёзы выклікала расстанне са старымі сябрамі, а наколькі — венецыянская гарэліца, да якой альбанчык усё-ткі дабраўся.
Пан Гервасій быў душою ўжо не тут. Ён ірваўся да бяспутнай, але каханай жоначкі, а па-другое — ваяваць з «англічашкамі» за вольнасць Амерыкі.