Рэгінка, у якой у кішэні сядзеў выпрашаны напярэдадні ў дактаровіча кажанчык, нарэшце звярнула ўвагу на Алеся:
— Пан Аляксандр, чакаю вас праз шэсць гадоў.
Паненка цырымонна прысела ў рэверансе, што трохі недарэчна выглядала ў нагавіцах. Алесь разгубіўся:
— З якой нагоды, вашамосць?
— Ну як жа, мне будзе шаснаццаць... Мае заручыны са Штакельбергам нядзейсныя, паколькі адбыліся без згоды майго пана-бацькі. Я буду вас чакаць, каб з вамі заручыцца.
Паненка глядзела ясным блакітным позіркам — яна ж распавядала абсалютова зразумелыя і неабвержныя рэчы.
Першым адмёр пан Гервасій. Тузануў дачушку за руку:
— Мы з табой пра гэта пазней пагаворым, вавёрачка.
І ледзь не бегма рушыў па хісткіх сходнях на карабель пад назвай «Каламбета», цягнучы за сабой усмешлівую вавёрачку з кажаном у кішэні і злосна зыркаючы цераз плячо на старэйшага Лёдніка.
І ўсе іерыхонскія трубы не маглі зруйнаваць той нябачнай сцяны, што зараз раздзеліць герояў.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
У горадзе Пацучынага караля
Па шэрай брукаванцы гулка цокалі капыты трох коней, рудога, гнядога ды варанога.
Каб яшчэ чацвёртага дадаць, дык гасцей мястэчка маглі прыняць за вершнікаў Апакаліпсіса.
Не таму, што выглядалі надта страшна — не, звычайныя стамлёныя вандроўнікі. Блакітнавокі ладны дзяцюк, задумлівы чарнавокі юнак, такі ж чарнавокі сталы мужчына, хударлявы і ўладны, хіба што троху злавесны.
Проста мястэчка само нібыта чакала канца свету. Яшчэ не зусім звечарэла, а вузкія вуліцы пустыя, як дзіравы цэбар.
Вершаліны гор, што аточваюць горад, у тумане. Голыя дрэвы не могуць схаваць за шатамі панылыя краявіды, а снегу яшчэ няма. Дакладней, ёсць, але напалам з дажджом, адна макрыня ад яго. Цяжкія цёмныя аканіцы на вокнах зачыненыя. Не крычаць тачыльшчыкі і вугальшчыкі, не пяюць аматары карчомкі, не сакочуць дробныя падшыванцы. Ды што там, нават сабакі не брэшуць! Там-сям ляпае малаток, грукочуць самотныя калёсы. Быццам вялізны механізм гэтага нямецкага гарадка заржавеў, але асобныя шасцярэнькі ўсё яшчэ трохі, па звычцы, круцяцца. Вось на вострай званіцы — нібы дзіда ўпіваецца ў нізкія аблокі — ударыў звон. Раз, другі, трэці, чацвёрты.
Раптам штосьці шэрае імкліва і бязгучна праслізнула ўпоперак вуліцы, быццам якісь лядашцік ці гуменнік. І знікла ці ў чорнай адтуліне вадасцёку, ці ў акенцы падвала.
— Пацукі. — грэбліва прамовіў блакітнавокі. — Ужо трэці раз дарогу перабягаюць. Страшна ўявіць, што ў іхнім пастаялым двары робіцца. Можа, ну яго, гэты гарадок, паспеем даехаць да больш прыветнага?
Старэйшы вершнік, захутаны ледзь не да носа ў прыкупленую ў нейкім мястэчку шэрую бурку, незадаволена хмыкнуў.
— Ну, гэта ж ты ў ранішняй карчомцы за півам з маракамі засядзеўся, вось і парушылі планы.
— Маракі цікава распавядалі, пан-бацька, — заступіўся чарнавокі юнак. — Пра Новую Зеландыю. Яны туды з капітанам Кукам плавалі, там сапраўдныя цмокі жывуць, толькі маленькія. Лішнія паўгадзіны нічога б не змянілі.
— Тады і наяўнасць пацукоў хай вас не бянтэжыць, — прабуркатаў старэйшы. — Усё роўна гарадскую браму ўжо замкнулі — і чаго так рана? Г алоўнае — каб эпідэміі тут якой не назіралася. Дзе паганыя гэтыя пацукі — там і пошасць, і гразюка.
— Пацукі не паганыя, — тут жа азваўся юнак, быццам яго самога пакрыўдзілі. — Яны дужа разумныя, вельмі цікавыя істоты.
Ну каму ж ведаць, як не малодшаму Лёдніку, хмыкнуў пра сябе Пранціш. Помніцца, калі жылі ў Ліёне, шкаляр Аляксандр у шкляной скрынцы цэлае пацучынае сямейства год трымаў. Пакуль прыслуга нібыта выпадкова гэтую клятую скрыню не пабіла.
Але ў гатэлі з трыма залатымі жалудамі на шыльдзе, калі і былі пацукі, гразюкі не відаць. Зусім наадварот: усё такое чысценькае, нашараванае, адпрасаванае, як на вяселле. Ці паховіны. Парцалянавыя кубачкі з пастушкамі, фіранкі з коцікамі (а жывых катоў нідзе тут не бачылі, як і сабак!). На сценах талеркі з прыгожа намаляванымі казачнымі домікамі. І твары гаспадара і гаспадыні нібыта вымытыя і адпрасаваныя: круглыя, белыя і ўсмешлівыя. Праўда, усмешкі здаваліся прыклеенымі, бо вадзяніста-блакітныя вочы гаспадароў, вядома, іх звалі Ганс і Грэтхен, нагадвалі здохлую рыбу. Кожнаму госцю прапанавалі асобны пакой, з печкай, аблямаванай вясёлай белай кафляй з сінімі караблікамі, ложак з пуховай пярынай і балдахінам, з якога прыдзірлівы Баўтрамей Лёднік так і не вытрас ніводнага клапа. Гасціннасць была зразумелая: трое ліцвінаў апынуліся адзінымі пастаяльцамі ў «Трох жалудах».