— ...Тры жалуды на цабэрак —
Будзе смак не бядак.
Доўгі цэбараў шэраг
Я абыходжу вось так.
Горкім будзе пітво, будзе пітво... —
напяваў Пранціш, сумуючы па шляхецкай вясёлай кампаніі, сардэчнай беларускай музыцы і мілай радзіме, чаго тут не мелася. Замест піва ім прапанавалі гарачае чырвонае віно з цынамонам. І каўбаскі. Аж сквірчэлі тыя каўбаскі на парцалянавых бялюткіх талерках, прыспешваючы: «З’еш мяне, галодны падарожны!» І залацістыя, яшчэ цёплыя крэндзелі, пасыпаныя дробнымі зернейкамі чароўнай расліны «сезам».
А Баўтрамей усё занудна разважаў, што вось, трэба беларускія корчмы зрабіць такімі ж чыстымі, абавязаць гаспадароў мыць посуд і падлогу, мяняць бялізну, труціць блох і клапоў. І як бы стварыць па ўзоры Адукацыйнай якую Медычную камісію, якая б сачыла за гігіенай народа. Можна падумаць, не выгнаннік, абылганы злачынца, а па-ранейшаму чалец каралеўскай рады. Некаторыя людзі і на пласе будуць свет да лепшага перарабляць.
Не, каб проста радаваўся віну і каўбаскам, і што ўдасца пераначаваць у цяпле і спакоі.
Але спакойна выспацца не ўдалося.
Пасярод ночы гасцей пабудзіў адчайны дзіцячы плач. Дзіця крычала, задыхалася. А вось і ўстрывожана-роспачныя галасы дарослых на першым паверсе.
Пранціш вызірнуў у калідор: Лёднік са сваёй валізкай збягаў па драўлянай лесвіцы, засцеленай доўгім вязаным дыванком.
Калі Пранціш і Алесь далучыліся да Бутрыма, той стаяў перад Гансам. Нямчук у памятай кашулі і скураной камізэльцы загароджваў дзверы. Цяпер круглы твар гаспадара быў не проста абыякавы, а безнадзейны. Але пускаць гасцей туды, дзе чуўся дзіцячы крык і жаночы плач, гатэльшчык адмаўляўся вельмі рашуча. Нават злосна.
Дарэмна Лёднік на добрай нямецкай мове тлумачыў, што ён — доктар, дэманстраваў лекарскія інструменты з валізкі. Дэкляраваў, што не возьме грошай за лячэнне хворага.
Пры поглядзе на ланцэты і трубкі на абліччы немца з’явілася праўдзівая нянавісць з дамешкам жаху. Плач дзіцяці ўсё слабеў, перарываўся. Твар гаспадара рабіўся ўсё больш адчайны, а адносіны да гасцей — усё больш зласлівымі. Калі Лёднік, страціўшы цярпенне, паспрабаваў прабіцца да хворага гвалтам, Г анс наставіў на доктара доўгі нож, а ў дзвярах за ягонай спінай адразу ж паказалася двое, што скіравалі на гасцей даўжэзныя старасвецкія стрэльбы з пашыранымі на канцах рулямі.
Што ж, лекараў часцяком прымаюць за нячыстую сілу. Пранціш, які засвоіў нямецкую мову яшчэ ў Слуцкім замку, дзе яны з Бутрымам выдавалі сябе за замежнікаў, пачаў: яны добрыя хрысціяне, вось крыж на грудзях.
Але нічога не дапамагала. Плач дзіцяці ўсё цішэў, пасля пачаў аддаляцца, грукнулі дзверы. Падобна, хворага некуды панеслі. Твары ў тубыльцаў зрабіліся зусім ужо адчайныя, у Ганса нават слёзы паліліся. Але ён настойліва прапанаваў гасцям жэстам рукі, у якой усё сціскаў востры мясніцкі нож, падняцца ў свае пакоі.
— Гэта не ваша справа, панове. Не ўмешвайцеся. Усё ў волі Божай.
Вядома, пра тое, каб улегчыся ў ложкі, гаворка не йшла. Пранціш і Алесь занадта добра ведалі Чорнага Доктара. Бутрым нервова хадзіў ад сцяны да сцяны, стрымліваючы лаянку. Не першы раз яго не пускалі лекаваць з-за дурных забабонаў, альбо чужой хцівасці. А ўсведамленне, што мог бы выратаваць нечае жыццё, ды не даюць, даводзіла Бутрыма да шаленства.
— Кляты горад. Клятыя бюргеры.
— Пан-бацька, вам лепш гэта пабачыць.
Голас Алеся, які застыў перад акном, упрыгожаным фіранкамі з коцікамі, быў такі напружаны, што Пранціш і Баўтрамей зараз жа наблізіліся.
Ледзяныя мурашы прабеглі ў Вырвіча па спіне.
Па бліскучай мокрай брукаванцы, між цёмнымі пачварамі дамоў, у цьмяным святле ліхтароў і паходняў ішлі дзеці. З дзясятак, рознага ўзросту. Самаму малому, можа, годзікі чатыры. Ішлі ціха, няўклюдныя ў зімовых каптанчыках і задоўгіх футрачках, панурыўшы галовы. Перад сумнай кавалькадай ехаў вершнік на чорным кані, захутаны ў плашч з вастраверхім каптуром, і высока ўздымаў зыркую паходню. Такія ж вершнікі ехалі за дзецьмі. Пранцішу падалося, што ў цёмных прагалах вокнаў, не зачыненых шыбамі, мільгаюць белыя плямы спалоханых твараў.
Працэсія рушыла некуды ўверх, у цэнтр горада, дзе ўразаўся чорнай крыгай у неба гмах галоўнага храма і свяціліся чырванню і смарагдам вузкія вітражныя вокны высокага палаца з вежамі.
— Што гэта? — непаслухмянымі вуснамі прамовіў Алесь. — Таемны рытуал? Злачынства? Гандаль дзецьмі?
Пранціш не мог адарваць вачэй ад жудасных агнёў, што паўзлі па вуліцы.
— Вы ўпэўненыя, што гэты горад называецца не Гамельн?