У гаворцы кабеты і праўда адчуваўся нетутэйшы акцэнт.
— А што толку, калі мы ўсё адно праклятыя. — тужліва прамармытаў маладзейшы месціч, відаць, брат старэйшага: аднолькавыя квадратныя лбы, густыя насупленыя бровы, скошанае падбароддзе. — Усе мы рукі пацукам падстаўлялі.
Лёднік, скарыстаўшыся тым, што мужчыны ля калёс завагаліся, рашуча ссунуў прасціну са скрыні:
— Дазвольце мне зірнуць. Я вызначу хваробу.
Жанчына кіўнула. Яе худы бледны твар быў такі ўладны, што старэйшы мужчына прыўзняў накрыўку скрыні. Пранціш здагадваўся, што там убачыць, таму адвярнуўся. Алесь толькі коратка глянуў. Лёднік праз нейкую хвілю вынес вердыкт:
— Воспа. Але нейкая нетыповая. Можна мне агледзець таго, хто хворы? У вас жа нехта яшчэ захварэў у доме, так?
Браты перазірнуліся, замармыталі неўразумелае:
— Нам забаронена. Герцаг Рутгер кажа, гэта цяпер не хвароба. Гэта выпрабаванне. Ён выратаваў нас ад пошасці з дапамогай жалезнага пацука. Гасподзь забірае тых, хто не вытрымаў... Гэта неабходныя ахвяры. Калі не ўмешвацца, Анхель можа ачуняць... Пачні лекаваць, памрэ...
Фраў Магда нецярпліва прыкрыкнула:
— Сціхніце. Толькі здольныя паўтараць чужыя словы, — перавяла запалыя вочы на Лёдніка. — Тут, у труне, падмайстрык, Гюнтэр. Небарака-сіротка, хай анёлы яго праводзяць у самае лепшае месца... І наш сын, Анхель, захварэў. Не ўбераглі. Казала — трэба адправіць дзетак з горада. А іх абодвух да жалезнага пацука павялі. Знак ставіць.
Што да чаго?
Жанчына павагалася і адцягнула рукаў на левай руцэ. На перадплеччы вылучаліся чырвоныя прыпухлыя шнары, сапраўды, як ад двух зубоў.
— У нас ва ўсіх у горадзе такі знак. Хто не хацеў прымаць — тых войскі герцага з горада выганялі. А выгнанцы амаль усе паміралі ад заразы.
Вось чаму тут так пуста.
Лёднік нахіліўся, уважліва пакратаў шнар. Прыкусіў губу... Павярнуўся да Пранціша і Алеся:
— Вось што, не варта вам са мной у дом заходзіць. З пошасцю не жартуюць. Заставайцеся тут, на вуліцы.
І рушыў у дзверы са сваёй валізай і сужэнцамі-гаспадарамі. Алесь хацеў быў з упартасці адправіцца за бацькам, але Пранціш, пералавіўшы ўмольны позірк Бутрыма, утрымаў юнака. І на вуліцы вусцішна. Маленькая труна на калёсах, змрочны ціхі гарадок, згублены паміж гор, страшная хвароба, злавесны герцаг, пацукі.
А вось, дарэчы, і яны. Бягуць па вуліцы шэрай гайнёй, быццам цячэ штосьці агіднае, атрутнае. Коні зафыркалі, шарахнуліся. Добра, Алесь спрытна перахапіў цуглі, супакоіў. Маладзейшы месціч, які застаўся ля калёсаў, ажно збялеў і пачаў нешта мармытаць, прыціснуўшы рукі да грудзей. Вырвіч прыслухаўся:
— Гер Рутгер, мы не хацелі... Гер Рутгер, прабачце.. Гэта ўсё яны. Чужынцы.
Падобна, небарака верыў, што пацукі ўсё дакладуць гаспадару горада.
Паскудная зграя ўладна праімчала пасярэдзіне вуліцы. Раптам Алесь, выпусціўшы коней, зрабіў імклівы рух, кінуўся на брукаванку. І ўстаў, падымаючы за загрывак пацука памерам з котку. Пачвара агідна верашчала і выкручвалася. Але малодшы Лёднік неяк дужа спрытна трымаў яе, не даючы ні ўкусіць, ні вырвацца. І яшчэ ласкава прыгаворваў, зазіраючы ў чырвоныя жудасныя вочы:
— Ціха, ціха, маленькі. Я цябе не пакрыўджу. Толькі пагляджу і адпушчу. Добра, маленькі?
Вырвіч словы пагубляў. Хаця не першы раз бачыў, як Аляксандр з дзяцінства ўпраўляецца з усялякай жывой гідкасцю. Толькі хто ж на ўсякую блазноту дзіцячую ўвагу звяртае? Паляваць хлапец не любіў, проста не мог стрэліць ні ў дзіка, ні ў лася, ні ў курапатку. Пранціш заўважыў — адмыслова хібіў. У чалавека вось — здаралася, раніў на полі бойкі. Ваяр жа расце! Каня самага наравістага Алесь мог супакоіць. Ну і што? Вырвіч сам яго такому вучыў. Вунь адзін з князёў Загорскіх неяк у карчме пад Нясвіжам хваліўся, што ў іх родзе ўменне перадаецца ў спадчыну — утаймоўваць поглядам нават ашалелых коней і сабак. Праўда, князь быў добра глыкнуўшы. А малодшы Лёднік, бывала, з крумкачом ці голубам на руцэ стаіць... Нібы размаўляе. Тады адпусціць. Блазнота... Але цяпер Вырвіч упершыню падумаў — ці не такім чынам праяўляецца ў хлапцы спадчынная магія? Вось і зараз — пацук неяк абмяк у руках захопніка, склаўшы лапкі, дазваляе сябе гладзіць, пакорліва расціскае сківіцы.
А вось яшчэ страшней — уся зграя за сваім чальцом вярнулася. Гатовыя кінуцца, павіскваюць, але стаяць ля ног Алеся нерухома, лупяцца. А велізарныя ж якія. Хвасты доўгія, голыя, з тры пальцы таўшчынёй. Вырвіч ледзь стрымліваў коней і ваніты, і мімаволі пачаў мармытаць:
— Хай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі Яго, і няхай бягуць ад аблічча Яго тыя, хто ненавідзіць Яго...