А вось месціч зусім ашалеў. Вочы вырачыў, укленчыў, ледзь не лбом у брукаванку б’е. І ўвесь трасецца:
— Я не ведаў. Я не ведаў, што пан таксама Пацучыны Кароль. Не забірайце майго пляменніка. Хопіць з вас Гюнтэра.
Невядома, што прыйшло б яшчэ ў галаву пераляканаму баварцу, але малодшы Лёднік ласкава паказытаў ружовы жывот пачваркі і асцярожна апусціў на брукаванку. Статак адразу развярнуўся і плітануў прэч. Быццам смецце ветрам садзьмула.
— Незвычайныя пацукі, — задумліва прамовіў Алесь, акуратна выціраючы рукі хусткай, якая пахла ядлоўцам — Бутрым сам такія рыхтаваў, у настоі вымачваючы, і змушаў сямейных мець з сабою, каб заразу адганяць. — Я гэткіх разумных яшчэ не сустракаў. І будова сківіцаў адметная. Не зусім да грызуноў падобна. Хутчэй — драпежнікі. Быццам нешта сярэдняе паміж пацуком і сабакам.
Алесь схаваў хустку, падышоў да ўстрывожаных коней, пагладзіў па пысах. Тыя адразу супакоіліся. Вырвіч пракаўтнуў сліну і ўважліва ўгледзеўся ў хлапца, якога дагэтуль успрымаў такім вось... дадаткам да ўсемагутнага старэйшага Лёдніка.
— Ты што, размаўляеш з імі? З... пацукамі ды астатнімі?
Алесь неўразумела прыўзняў бровы.
— Ну якія размовы, дзядзька Пранціш. Я проста адчуваю жывёлаў. Не ведаю, як гэта апісаць. Часам мне здаецца, што я магу іх змусіць рабіць, што захачу. Але бацька заўсёды забараняў мне такія эксперыменты. Кажа — грэх. Таму — проста адчуваю. Звычайна — усё проста. Боязь, голад, злосць... А ў тутэйшых пацукоў — амаль як у чалавека. Мноства розных пачуццяў, якія мяняюцца, быццам вада цячэ.
Між тым Чорны Доктар выйшаў на вуліцу, выціраючы рукі ядлоўцавай хусткай. За ім паказалася кабета са Святога Юра. Яна нават спрабавала ўсміхнуцца і дзякавала, дзякавала. Дзіцячага плачу не чулася.
Калі ліцвіны ўселіся на коней і трохі ад’ехаліся ад дома, і грукат колаў за іх спінамі засведчыў, што маленькую труну павезлі ў апошні шлях, Бутрым змрочна паведаміў:
— Я адразу здагадаўся, што гэта за пацучыныя ўкусы. А ўсе таямніцы, рытуалы — вынік гульні не вельмі здаровага на галаву і вельмі жорсткага чалавека. Які, можа, кіруецца лепшымі пабуджэннямі. Я не супраць быў бы паглядзець на гэтага герцага Рутгера. І задаць яму пару пытанняў.
— Дык што за знакі ў іх на руках? — нецярпліва прыспешыў Пранціш. Але адказу не атрымаў: жаданне Лёдніка пазнаёміцца з клятым герцагам, падобна, спраўджвалася на вачах. Таму што па вуліцы ім насустрач скакалі вершнікі. Блішчэлі нагруднікі, кальчужныя панцыры і металёвыя шапкі з вузкімі брылямі, падобныя да місак, напагатове былі арбалеты, пістолі і рапіры.
Тое, што герцаг запрашае гасцей горада ў госці, прагучала так, што незразумела: адразу іх у сутарэнні запратораць, альбо яшчэ дазволяць штось сказаць у апраўданне.
Калі працэсія рушыла, Бутрым устрывожана заазіраўся цераз плячо, прасіпеў скрозь зубы:
— Хоць бы нашых знаёмцаў не зачапілі.
Трывога была не дарэмнай: двое жаўнераў адарваліся ад атрада і адправіліся ўслед за сумнымі калёсамі, якія везлі маленькую труну.
Між тым паказалася ратушная плошча. Круглая, нібыта вялізны цыркуль папрацаваў. Брукаванка чысценькая, здаецца, ніколі на ёй ніхто не паміраў. На фоне далёкіх сівых гор — вялізны цёмны гмах храма, не касцёл, кірха. Ніякіх табе статуй і абразоў, цагляныя сцены з вастраверхімі вокнамі. Калі стаць побач і паглядзець на дах — галава закруціцца, нібыта бязлітасны карабель зараз на цябе наплыве. Дамкі, што абкружалі плошчу, здаваліся ў параўнанні з храмам цацачнымі. Акрамя аднаго, які стаяў яшчэ вышэй, на ўзгорку. Палац за высокімі жалезнымі карункамі агароджы. Чырвоная цэгла, вузкія вітражныя вокны, якія ноччу так злавесна свяціліся, чарапічны дах з вострымі схіламі, некалькі вежаў, увенчаных вострымі шпілямі. На браме герб — на чорным фоне срэбная рука з узнятым кароткім мячом.
Ледзь не пад капытамі коней прабеглі пацукі — яны кіраваліся туды ж, у будынак з вежамі. Як там мармытаў мужык — Пацучыны Кароль?
Праехалі па прысадзе між каржакаватых дрэў, падобных да троляў, чые доўгія валасы сталі дыбара. Перад акаванымі жалезам дзвярмі палаца ўсе спешыліся. І дзверы расчыніліся нібыта самі па сабе. Ні лёкаяў, ні варты. Адзін з герцагскіх жаўнераў, з пабітым воспай грубым тварам — быццам калода, на якой сякуць дровы, жэстам паказаў вязням: заходзьце, маўляў. Дзіўна, і зброю не аднялі. І праводзіць не пайшлі, з нейкім багавейлівым пострахам пазіраючы на ўваход у логвішча Пацучынага Караля.
Бутрым паправіў шаблю, задраў нос і рашуча ўзняўся па высокіх мармуровых прыступках, якія за стагоддзі нібыта выгнуліся ўніз, расталі ад шматлікіх крокаў. За Чорным Доктарам насцярожана падняліся Пранціш і Алесь.