— Жалезны пацук гатовы да паслугаў шаноўных гасцей! — тут жа азваўся Гуга Рыфэншаль, які, падобна, быў вельмі ўзрадаваны, што ў гаспадара не з’явіцца падапечны, патэнцыйны спадчыннік.
— Але, ваша светласць, вакцына яшчэ недасканалая. — паспрабаваў запярэчыць Лёднік, герцаг толькі нахмурыўся:
— Яна выконвае тое, што павінна. І вы таксама выканаеце тое, што павінны. Ну, гер Лёднік, вы ж самі прагрэсіст.
Пад прыцэлам арбалетаў не спрачаюцца. Бутрым моўчкі закасаў рукаў камзола, прадэманстраваў левае перадплечча:
— Я ўжо зрабіў сабе такую аперацыю. Дзесяць год таму. Калі працаваў у Віленскай акадэміі.
На бледнай скуры перадплечча, прыкрашанай некалькімі тонкімі шнарамі, красаваўся белы круглы след ад паджыўшай язвачкі.
— Як вы прыўносілі рэчыва? — зацікаўлена ўдакладніў Пацучыны Кароль.
— Голка і вымачаная ў вакцыне нітка, — будзённа адказаў Бутрым, адкасваючы рукаў. — І пан Пранціш Вырвіч прайшоў варыяляцыю.
Маніць, відаць, каб герцага падмануць. Фон Рутгер пачаў быў выказваць сумніў, але Чорны Доктар загадаў Пранцішу:
— Пакажы левае плячо. Вось тут.
Пранціш нервова сарваў з сябе камзол, закасаў рукаў кашулі. На левай руцэ, вышэй локця, у яго праўда меўся невялікі шнар. Але хіба шляхціц баявыя адмеціны лічыць?
Між тым герцаг загадаў Пранцішу падысці, ледзь не ткнуўся вострым носам у руку.
— Сапраўды, след ад воспеннай язвы. Варыяляцыю пацвярджаю.
Вырвіч азірнуўся на доктара, які неяк падазрона адвёў позірк.
— Бутрым, адкуль у мяне гэтая штука на руцэ? А? Хто мне яе зрабіў?
Лёднік трохі з няёмкацю хмыкнуў.
— Я зрабіў.
Пранцішу на імгненне мову адняло.
— Чакай, ты што, заразіў мяне воспай? Калі? Нашто?
Бутрым ваяўніча натапырыўся:
— Не воспай заразіў, а ад воспы абараніў! Памятаеш, мы ў войску Касакоўскага пад Івацэвічамі затрымаліся? Ты ад нуды ды зухаватасці выклікаўся ехаць у маёнтак Жухавічы, дзе канфедэраты схавалі зброю. У маёнтку ўсе пахварэлі, таму схаванае ніхто не забіраў. Я прасіў генерала нікога не пасылаць. Альбо я сам, як доктар, паеду. Але Касакоўскі ўпёрся. Доктар, маўляў, патрэбны ў войску. А патрыёты воспы не баяцца! Я ўпрасіў толькі даць два тыдні, сказаў — хвароба стане менш заразнай. Злётаў у пару вёсак, знайшоў рэчыва для варыяляцыі, цябе з тваймі будучымі спадарожнікамі напаіў добранька. ну і. вам усім.
Вырвіч прыпомніў, што і праўда. Прыхварэў ён быў трохі разам з двума таварышамі перад паездкай у той кляты маёнтак. Лёднік адварамі адпойваў. Насіўся вакол, як квактуха, аж залішне з нагоды звычайнай застуды. Як Пранціш лічыў.
— Ах ты... — Вырвіч ажно за шаблю хацеў схапіцца, на шчасце, яна з іншай зброяй вісела на спецыяльнай падстаўцы ля ўвахода ў залу. — І згоды не спытаў! Мы ж маглі памерці!
— Яшчэ хутчэй вы, дурні зухаватыя, памерлі б, каб пацягліся ў тыя Жухавічы. І адтуль на ўсё войска заразу прынеслі б. А тлумачыць вам ды ўгаворваць. Вы ж не цверазелі і на хвілю.
Пранціш сярдзіта адвярнуўся. А Пацучыны Кароль зноў быў у гуморы.
— Вось бачыце, доктар, у нас адны і тыя ж метады. Я вельмі рады такому падабенству. А сына свайго вы таксама абаранілі ад воспы?
Лёднік кінуў на Алеся кароткі позірк:
— Зразумела.
Герцаг паківаў сплюснутай галавой.
— У такім выпадку, хацелася б пабачыць доказ.
Голас Бутрыма гучаў вельмі роўна:
— Я зрабіў гэта, калі мой сын быў малы, след ад варыяляцыі добра зажыў, яго практычна немагчыма разгледзець.
Герцаг выскаліўся, як прадчуваючы здабычу.
— Дазвольце не паверыць, гер Лёднік. Па-першае, не думаю што вы правялі працэдуру над сынам, не выпрабаваўшы на сабе. Значыць, быў ён не такі ўжо малы. Па-другое, я бачыў скуру тысяч людзей, якія перанеслі варыяляцыю, і магу разгледзець нават самы дробны след ад воспеннай болькі, і ніколі яго ні з чым не зблытаю. Геру Аляксандру проста няма чаго прад’явіць мне.
Па скамянелым твары Бутрыма Вырвіч зразумеў — так і ёсць.
— Калі я згаджуся прыняць укус Жалезнага Пацука, вы адпусціце нас з горада? — рашуча папытаўся Алесь.
— Як толькі высветліцца, што вы добра перанеслі аперацыю.
— Ад заражэння да ўтварэння пустул можа прайсці тры тыдні, — напружана прамовіў доктар.
— Вось вы і правядзеце гэты час у спецыяльна ўтворанай тут лякарні.
Фон Рутгер усміхаўся са змрачнаватай весялосцю, і мяркуючы па ўсім,
лякарня будзе моцна нагадваць турму. І ці выпусцяць іх з яе — невядома. Калі Пацучыны Кароль зажадаў пакінуць у сябе Алеся. Эх, собіла ж таму пахваліцца агульнай мовай з пацукамі.
Дарэмна Бутрым крычаў, што сам падрыхтуе расчынне для аперацыі і правядзе яе. Пацучыны Кароль толькі раззлаваўся: гер Лёднік не давярае ягонаму майстэрству? Ландскнехты трымалі арбалеты напагатове, і нават раз’ятраны Чорны Доктар разум еў, што атрымаць стралу ў грудзі — не лепшае выйсце. А каб наравісты медыкус гэта лацвей усвядоміў, яго ветліва атачылі жаўнеры.