Цяжка апусцілася на ягонае плячо рука бацькі, і цяжка прамаўляліся словы:
— Засяродзься, сын. Уяві, што паміж тваіх броваў распаленая кропка.
Пранціш зразумеў: Бутрым перадае тыя, таемныя, веды. Ад якіх адрокся. Якія ненавідзеў. Але не было калі за гэтым назіраць. Вырвіч перахрысціўся і адгарадзіўся шабляй ад Рыфэншталя. У адрозненне ад іншай прыслугі, пацукі таго пужалі не болей, чым хатнія куры. А вось палаш у жалезнай руцэ інжынера — гэта было трывожна. Удар. Скачок. Яшчэ ўдар. Шчасце, ніхто не страляў — відаць, герцаг баяўся забіць сваіх хвастатых гадаванцаў. Але жалезная рука адбівае лязо лепей за шчыт. Палаш зрэзаў русявыя пасмы былога менскага суддзі ля самага твару. Яшчэ трохі — і без носу мог слаўны ліцвінскі шляхціц застацца. А вось такі прыёмчык, пераняты ў Чорнага Доктара, ведаеш? Пранціш праехаўся каленьмі па засмечанай падлозе. Паранены ў бок Рыфэншталь зваліўся на пустую клетку. Па ім тут жа прабеглі пацукі, якія цяпер чулі голас толькі аднаго караля.
Алесь пёр раскормленую пацучыху-парсючыху, за ім насцярожана рушылі старэйшы Лёднік і Вырвіч, іх ахоўвала пацучынае войска. Шэрыя хвалі віравалі вакол і гатовыя былі змесці, згрысці ўсё, што перашкодзіць шляху іхняй каралевы. Людзей герцага бы пацучыным хвастом змяло. Фон Рутгер, які, відаць, усвядоміў, што ягоныя гадаванцы яго больш не слухаюцца, ад’ехаў у крэсле да дзвярэй.
— Я не памыліўся ў вас, гер Аляксандр. Яна нават мне не дазваляла ўзяць сябе на рукі. Шкада, што давядзецца вас пакараць.
Герцаг пацягнуўся да металёвага шчыта збоку ад дзвярэй, утырканага маленькімі падважнікамі. Пранціш і Бутрым не паспелі падбегчы — уладар Норнберга тузануў адзін з іх:
— Шкада, такі чалавечы матэрыял знікне!
Нешта заскрыгатала, шэрыя воі замітусіліся, але чамусь не наважваліся кінуцца наперад. Паміж герцагам і стайняй пацукоў проста з падлогі выраслі вострыя дзіды густой рашоткі, а падлога пад нагамі падазрона задрыжэла. Па задаволеным сплюснутым абліччы фон Рутгера было зразумела: бунтаўнікоў зараз чакае смерць. Пакутлівая і непрадказальная.
Але да рашоткі, расштурхаўшы нагамі пацукоў, кінуўся Лёднік. Бутрым нічога не рабіў. Ён проста стаяў і глядзеў на герцага праз краты, трохі схіліўшы галаву і напружыўшы плечы. Раптам сплюснуты твар герцага перакрывіўся, нібыта ад страшэннай напругі. Фон Рутгер неяк дзіўна тузаўся, нібыта не ў змозе адарваць руку ад падважніка. З тонкіх бледных вуснаў вырывалася падобнае да пацучынага віскату:
— Не! Не! Не! Вы не зможаце! Я мацней за вас!
Лёднік стаяў і глядзеў, па ягонай скроні кацілася кропля поту. А рука герцага, нібыта супраць волі гаспадара, павярнула бліскучы стрыжань. Вострыя дзіды схаваліся, падлога перастала дрыжэць.
— Рушылі! — прахрыпеў Бутрым.
Фон Рутгер штосьці верашчаў услед, разгойдваючыся ў адчаі ў сваім крэсле. Вырвічу нават шкада беднага калеку зрабілася. Пацукі здрадзілі. Прыслуга разбеглася. А металёвыя балваны — што з іх толку? Толькі здзіўляць ды палохаць.
З Норнберга выехалі, як вершнікі Апакаліпсісу. Усё жывое пахавалася. Брукаванку ўсцілаў тонкі бялюткі покрыў першага сняжку, кволага і даверлівага. А калі азірнуцца назад — толькі чорныя мокрыя камяні. Шэрае войска не пакідала за сабой і лапіку белі.
Толькі калі з вачэй зніклі вострыя дахі і муры праклятага горада, Алесь спешыўся, акуратна апусціў на зямлю сваю спадарожніцу. Пранціш адвярнуўся, каб не бачыць агіднай сцэны развітання: былы менскі суддзя нат за тысячу дукатаў не згадзіўся б гладзіць і абдымаць такую каралеву. Тая, здаецца, нават слязу пусціла з мутна-блакітнага вока.
Калі Вырвіч азірнуўся, мімаволі сплюнуў. І да канца жыцця будзе намагацца забыцца на відовішча: пацукі ўзвалілі на спіны сваю каралеву і паімчалі...
— Куды яны?
Алесь выцер рукавом лоб.
— Не ведаю дакладна. Гэта ж як пошасць. Хацеў кудысь адправіць — не прыдумаў. Відаць, вернуцца да герцага. Там ежа, там іхнія хаткі. Вось толькі слухацца яго, як раней, яны наўрад ці будуць.
Так, у зграі законы жорсткія: правадыр, якога перамаглі, назаўжды страчвае ўладу.
Між тым Бутрым кінуўся да Алеся, памацаў даланёй лоб:
— Як сябе адчуваеш? Ліхаманка ёсць? Прасвятая Барагодзіца, заступіся. Пакажы руку.
Доктар мазаў нечым смярдзючым і жоўтым руку сына і ціха шаптаў малітву святому Панцеляймону — дзякуй богу, і валізку, і іншыя рэчы знайшлі там жа, дзе і сваіх коней, рудога, гнядога ды варанога, а менавіта ў стайні герцагскага палаца. Ніхто, зразумела, не перашкаджаў, на чале пацучынага войска можна было хоць увесь палац вынесці.